Фэст аўтэнтычных спеваў "Бабулі" ў в. Закальное Любанскага раёна

Фэст аўтэнтычных спеваў "Бабулі" ў в. Закальное Любанскага раёна

У в. Закальное Любанскага раёна прайшоў фэст аўтэнтычных спеваў "Бабулі". Выступілі носьбіты мясцовага песеннага стылювыканання традыцыйных песень, аўтэнтычныя гурты “Журавушка“ (в. Ямінск), “Глыбокія крыніцы” (в. Закальное), “Павалякі“ (в. Обчын). У Любанскім раёне дзейнічае яшчэ 3 аўтэнтычныя гурты: "Шчодрык" (в. Рачэнь), "Кацярынка" (в. Дарасіно), "Хамейліха" (в. Кузмічы). "Кацярынку" і "Шчодрык" можна было пачуць на фэсце. Разам з аўтэнтычнымі гуртамі ў праграму арганічна ўпісаліся калектыў "Беражніца" (в. Пласток), дзіцячы гурт "Емельянаўна" (в. Закальное), а таксама сямейны гурт Ціханоўскіх "Карані".

“Глыбокія крыніцы” як гаспадыні распачалі і завяршылі фэст у Закальным. Гурт у апошнія гады пашырыў свой склад за кошт маладзейшых жанчын. Некаторыя з іх – дочкі старэйшых спявачак, мабыць, таму і гучаць “Глыбокія крыніцы” неяк цёпла, па-сямейнаму.

Дзяўчаты з гурта "Емельянаўна" толькі вучацца спяваць. Для назвы калектыва абралі імя па бацьку першай кіраўніцы народнага хора ў Закальным.

З гуртом "Журавушка" спявае іх мастацкі кіраўнік Алена Анатольеўна Хадароўская. Гучанне вельмі ажыўляецца ад яе сакавітай падводкі.

Зусім нядаўна пайшла на той свет адна з асноўных спявачак "Павалякаў", Зоня Нічыпараўна Галай. Яна запявала, высока падводзіла. На фэсце "Бабулі" гурт упершыню выступаў без Зоні Нічыпараўны. Таму давялося вучыцца падводзіць Вользе Іванаўне Дастанка. У 82 гады – дэбют! Вычыцца спяваць разам з бабулямі мастацкі кіраўнік Наталля Аляксандраўна Акуліч.

У Пластоцкім сельскім доме культуры працуе Соф'я Міхайлаўна Каток. Мабыць, дзякуючы яе энергіі і паўстаў гурт "Беражніца". У вёсцы яшчэ засталіся носьбіты традыцый, але выступаць праз узрост і стан здароўя яны ўжо не могуць. Затое яшчэ ёсць магчымасць пераняць ад іх песні і танцы. Жанчыны з "Беражніцы" ўзгадваюць і песні, пачутыя калісці ад сваіх матуль.

Гурт "Карані" прыехаў не ў поўным складзе. Выступалі Уладзімір Аляксандравіч Ціханоўскі з жонкай і дочкамі. Звычайна ж далучаюцца яшчэ зяць Уладзіміра Аляксандравіча і ўнукі. Нягледзячы на гэта гурт "завёў" залу, гледачы не жадалі адпускаць Ціханоўскіх, прасілі спяваць яшчэ і яшчэ. У рэпертуары сям'і – песні з Любаншчыны, а таксама з в. Дубейкава Мсціслаўскага раёна, радзімы заснавальніка і натхняльніка гурта Уладзіміра Ціханоўскага.

У складзе "Кацярынкі" з в. Дарасіно выступіла 5 спявачак старэйшага ўзросту, больш, чым у любым іншым гурце на фэсце. Дарасіно здаўна славіцца сваёй керамікай, і памяць пра гэта жыве нават на побытавым узроўні. Вітаючыся з дарасінцамі, некаторыя пыталіся іх: "Ну, як вы там са сваімі гаршкамі?"

У складзе гурта "Шчодрык" з в. Рачэнь прыехала 2 старэйшыя спявачкі і 3 жанчыны-пераймальніцы сярэдніх гадоў. На іх выступ зала зрэагавала вельмі жыва. Калі бабулі спявалі

"Кавалю-кавалю, чаму ты не куеш?

Ці ў цябе, кавалю, сталі не хватае

Ці ў цябе, казачэ, дзеўчыны не мае?",

нехта з гледачоў з разуменнем паміхнуўся: "Ды скаваў ужо..." І праўда, далей па тэксце:

"Ёсць у міне дзеўка, дзеўка Кацярына,

Тая Кацярына стыду нарабіла,

У нядзелю рана сыночка радзіла"

Увогуле назіраць за публікай, слухаць перашэптванні на сельскіх канцэртах, калі адны носьбіты традыцый слухаюць іншых – адно задавальненне. Вось вядоўца, загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага дома культуры Сяргей Георгіевіч Выскварка распавядае са сцэны, што ў адной са спявачак 9 дзён таму нарадзілася праўнучка. Зала рэагуе адразу: "Хай расце здарова!". Такая вось кранальная камунікацыя.

Не менш эмацыйна насычана канцэрт завяршаецца: Сяргей Георгіевіч прапануе мастацкаму кіраўніку кожнага гурта са сцэны ўзгадаць усіх удзельнікаў, якія ўжо пакінулі гэты свет, запаліць свечку. Такія моманты вельмі яднаюць, сціраецца мяжа паміж сцэнай і залай, гледачы становяцца ўдзельнікамі.

Наведвальнікі канцэрта маглі паглядзець этнаграфічны куток у клубе в. Закальное.

Можна сказаць, што практыкі аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Любанскага раёна могуць разглядацца як узорныя для ўсёй Беларусі. Адна з яскравых адметнасцяў – тут бабулі вучаць спяваць маладзейшага за іх мастацкага кіраўніка гурта, а не наадварот.

Алена Ляшкевіч.


Фотасправаздача:  Фэст аўтэнтычных спеваў "Бабулі" ў в. Закальное Любанскага раёна

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.