Вёльцы на Камарыншчыне (Гомельская вобласць)

Вёльцы на Камарыншчыне (Гомельская вобласць)

На поўдні Беларусі, на Камарыншчыне, існуе цікавы звычай вырабу вёльцаў на вяселле.

Робяць вёльцы ў хаце нявесты і ў хаце жаніха ў пятніцу напярэдадні вяселля. Усе, хто спрычыняецца да вырабу вёльцаў, а таксама пераносіць іх, замацоўвае, павінны жыць у шчаслівым шлюбе. Бацька ці іншы мужчына высякае з пладовага дрэва, пажадана грушы, галінку з трыма рагулькамі на ёй. Увечары тры жанчыны ўпрыгожваюць гэтую галінку аўсом, калінай, а таксама стужкамі і самаробнымі кветкамі. У час працы павінна прагучаць хаця б адна вясельная песня. Упрыгожаныя вёльцы замацоўваюць у бохан хлеба і ставяць на ручнік.

На другі дзень, пасля таго, як заўюць маладую, мужчына ўрачыста выносіць вёльцы і ставіць іх перад маладымі на стол. Родзічы жаніха і нявесты абменьваюцца вёльцамі. Выносіць вёльцы з хаты таксама мужчына.

Вёльцы замацоўваюць на хаце маладой і на хаце маладога. Для гэтага тры мужчыны з вёльцамі, малатком залазяць па лесвіцы на дах і на вільчыку прыбіваюць вёльцы. Ля вёльцаў абавязкова прымацоўваюць бутэльку з гарэлкай, якую пасля нараджэння першанца трэба выпіць. Мужчынам падаюць наверх гарэлку і закуску. Потым яны павінны кінуць уніз талерку і чаркі так, каб тыя абавязкова разбіліся. Усё гэта суправаджаецца ігрой на гармоніку, вяселымі песнямі і прыпеўкамі.

Старыя людзі кажуць, што вёльцы аберагаюць маладую сям’ю ад злога вока. 


Паводле Дар’і Герман, вучаніцы ДУА “Ёлчанская сярэдняя школа” (Брагінскі раён, Гомельская вобласць).Праца ўдзельнічала ў абласным конкурсе “Звычаі, традыцыі і абрады сваёй мясцовасці”, які праводзіўся УА “Гомельскі дзяржаўны абласны цэнтр турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі” ў 2011-2012 навучальным годзе.

Фота можна паглядзець тут.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.