Ігрышча “Ката пячы” захавалася ў жывой традыцыі ў Скірмантава

Ігрышча “Ката пячы” захавалася ў жывой традыцыі ў Скірмантава          Ігрышча — гэта збор моладзі для танцаў, гульняў і іншых забаў або вечарынка з пітвом, частаваннем. Калі “Жаніцьба Цярэшкі”, што ўжо уключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, была прымеркавана толькі да каляднага перыяду, то ігрышча “Ката пячы” маглі спраўляць і ў Каляды, і ў перадкалядны пост Піліпаўку, і на Міхайлу зімовага. У асноўным, гэта была пагулянка моладзі. А вось у аграгарадку Скірмантава Дзяржынскага раёна збіраліся на пагулянку і жанатыя, і нежанатыя пары 27 лістапада на Загавенне перад Піліпаўкай (назаўтра наступаў перадкалядны пост). Увогуле, ігрышча “Ката пячы” характэрна для Міншчыны, і ў XX стагоддзі даследчыкі фальклору шмат дзе яго фіксавалі.
    Адметнасць скірмантаўскай традыцыі — па-першае, у тым, што гэта жывая традыцыя, якая дайшла да нашага часу, па-другое, на яго маглі збірацца не толькі маладыя нежанатыя пары, але і жанатыя. Мужчыны прыносілі выпіўку, жанчыны закуску, усе разам наймалі музыкантаў і гулялі. Пачастункі былі скаромныя, а сярод іх самы галоўны — пірог або крэндзель у выглядзе ката: усе часткі цела з цеста, а хвост з печанай каўбасы. Часткі цела мацуюцца тонка выструганымі палачкамі або шпажкамі, вочы з чарніц або разынак, вусны – з морквы або іншай гародніны чырвонага колеру, вусы з палачак, вушы — са скарынак сала. Пакуль Кот пячэцца, усе частуюцца, танцуюць, спяваюць. Час ад часу пытаюцца ў гаспадыні, ці спёкся Кот. Нарэшце яго выносяць са словамі: “Ад печы да кута нясём лысага ката”. Сапраўды, пірог у выглядзе ката гладкі, ніякага знаку поўсці. Яго падвешваюць за пояс да столі насупраць кута.
    І вось першы гулец бярэ ў рукі вілкі, якімі з печы гаршкі выцягваюць, і, быццам бы на кані, скача да пірага: “Ад парога да кута еду па лысага ката. Цап за Ката!” Хто не змог адкусіць хвост, выконвае пэўнае заданне: пахадзіць буслом або пеўнем ля курыцы (гэта для мужчын), напаіць жураўля, станцаваць або праспяваць прыпеўкі (для жанчын), а той, што ў гадах — стаць на лаву і пракрычаць тры разы: “Мама, рыхтуй падушкі, замуж хачу!” або згуляць у гульню “Сарваць вішаньку”. Гэта эратычная гульня, калі жанчына стаіць на лаве, трымаючы ў роце вішню або цукерку, а мужчына павінен падсочыць і забраць у яе салодкае. Блізка да пацалунка і гульня “Саломінка”. Увогуле, танцаў і гульняў у Скірмантава ведаюць шмат, бо захавалі ігрышча да нашага часу два калектывы — “Сваякі” (створаны ў 1987 годзе) і “Весялуха”(1982). Шмат гадоў яны пяклі Ката ў хаце Соф’і Адольфаўны Рэдзько, якая і стварыла гэтыя калектывы. Яна нарадзілася ў в. Грынкевічы, дзе ігрышча “Ката пячы” спраўлялі ў сям’і яе бацькоў, уся яе музычна адораная радня, а таксама жыхары навакольных вёсак. У Скірмантава пераехала з мужам і перадала спеўную, музычную, харэаграфічную спадчыну сваёй роднай вёскі створаным тут калектывам. У “Сваяках” музыканты і спевакі, танцоры — яе ўнукі, пляменнікі, нявесткі. Дырэктар Скірмантаўскага дома культуры Наталля Пятроўна Рэдзько — адна з яе нявестак. Ігрышча “Ката пячы” спраўлялі, як цяпер кажуць, як карпаратыўную вечарынку. Ужо 6 гадоў, як няма Соф’і Адольфаўны, але штогод у яе хаце спраўлялася гэтая абрадавая гульня.
    Сёлета вырашылі стварыць у клубе пакой-музей імя Соф’і Адольфаўны, стылізаваны пад сельскую хату, дзе штогод будзе спраўляцца ігрышча. Яго вырашылі заявіць як гісторыка-культурную каштоўнасць раёна ў нематэрыяльнай сферы і падрыхтавалі дакументы на разгляд Рэспубліканскай рады. Прыедуць эксперты, госці, каб ацаніць гумар і таленты ўдзельнікаў гульні, спадчыну, якую яны захавалі. Традыцыя была скіравана на тое, каб кожны знайшоў сабе пару і стварыў сям’ю, а жанатыя — жылі ў шчаслівым шлюбе, нараджалі дзетак, прадаўжаючы свой род. І ўмелі жыць весела, дружна ў сваёй вясковай супольнасці.
    Што да вобраза Ката, то ў “Слоўніку славянскай міфалогіі” апісваецца дух-ахоўнік шлюбнага ложа, які меў выгляд рудога, касматага, з вялікімі вушамі ката. Ёсць нават яго малюнак з галінкай стрэлкалісту ў зубах. Стрэлкаліст выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне: ён ачышчаў арганізм, рэгуляваў мужчынскую сілу. Асноўная функцыя Люба была ахоўваць шлюбнае ложа ад Нелюба, якога ўяўлялі ў выглядзе чорнага ката з галінкай блёкату ў зубах. Блёкат, наадварот, рабіў чалавека шалёным, лютым, неадэкватным у паводзінах. Вось чаму, аказваецца, што чорны кот прыносіць бяду, а жанчына з рудым колерам валасоў лічыцца самай сексуальнай! І яшчэ цікавая дэталь: на вяселлі для Люба пяклі спецыяльную ахвяру: авальную аладку з пышнага пшанічнага цеста, у якую быў запечаны з жытняга цеста фалічны сімвал у форме грыба-чырвонагаловіка. Печыва ставілі непадалёк ад шлюбнага ложа маладых, каб іх інтымнае жыццё было заўсёды пад аховай Люба. Каб атрымлівалі радасць ад жыцця і сілы для працы, нараджалі дзяцей і любілі адзін аднаго ўсё жыццё. Але ўсё гэта было недзе ў глыбокай старажытнасці. Удзельнікі ігрышча ў Скірмантава, а тым больш сяляне з роду Рэдзько, якія захавалі яго, нічога гэтага не ведалі. Проста весяліліся, гулялі, перадаючы моладзі свой вопыт інтымнага жыцця прыхавана, у мастацкай форме – праз танцы і гульні, жарты і анекдоты, песні і гэты сімвалічны пірог, які дзяліўся паміж усімі ўдзельнікамі. Кожны атрымліваў сваю ДОЛЮ.
Рэгіна Гамзовіч.
Фота Аляксея Сталярова 2014 года.
Фотарэпартаж з ігрышча мінулага году: http://www.interfax.by/news/belarus/1173095

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.