Святая крыніца ў в. Пеніца Калінкавіцкага р.

Святая крыніца ў в. Пеніца Калінкавіцкага р.

Крыніца ўтварылася падчас бурэння свідравіны, шукалі нафту. Судзячы па аповядах, літаральна з дзесяць год таму пабудавалі капліцу, паставілі крыж. Невядома, ці лічылася крыніца святой да прызнання праваслаўнай царквой дзесяць год таму. Цяпер, судзячы па расповядах мясцовых жыхароў, яна шануецца нароўні са святымі крыніцамі натуральнага паходжання. Найбольш людзей збіраецца на Вадохрышча. Апавядаюць, што, пакінуўшы рэч ля крыніцы, можна перадаць яе памерлым. Аповяд Данільчук (дзяв. Хамяк) Еўдакіі (Дуня, Дуся) Васільеўны, 1936 г. н., мясц., правасл., былая работніца сферы культуры. Стараста вёскі:

“Ужэ дзе-то сорак адзін год… Шукалі нефць. Была ўзрыўчатка, закладалі па ўсём балоту. І вот дзе ўзарвуць, апускалі трубу. А ў эту трубу бегла вада, і паставілі чалавека ізьмяраць, на якой глыбіні якая вада, і ці ўсплыве эты вот нефць, жыр. Ну, і ўсюды этыя былі на каждай клетке калодзезі з трубы, мераў чалавек. А патом сюды падашлі рванулі, заклалі, ота к рэчке, ля рэчкі... Яно як рванула ўгору, эта вот чорнае-чорна, патом вада паляцела… Нефці нет, но тут... Эта скважына на 160 метраў.

Усё сарвалі, нідзе, а тут іменно вада папала. І хароша вада. Ну эта вада, вот я з жалудкам, дак я ўсё, што паем – горкае мне, горкае. Я каўтану любы напітак – мне плоха. Я этае вады... вып'ю посьле еды – няма горкасьці. Аказаецца, расказываюць, правяралі яе, у ёй січас, нашлі ізьвесьць. Вот эта ізьвесьць убівае мікробы разные. Дзіва што! Едуць людзі, бяруць, і дзень, і ноч, ідуць-ідуць. А што тут робіцца на Крашчэньне! Купаюцца...

Бацюшко із Юровіч прывозіць сваіх этых людзей, яны цьвяты там саджаюць, і памятнік такі зрабілі сьвяты.

Гадоў дзе-то дзесяць, кагда тыя ўжо ушлі іскацелі, то вада стала цякці, цякці, казала Яворская, дак занесьлі трубу апусьцілі. Яна была прамая, яна ўгору ляцела, затым ужо сагнулі, ана ўжо набок. Мо патом этыя папробавалі, сюды былі такія доскі падайці... абсьлізьлі...

А каровы пасьлісь... І от жа рэчка, не п'юць воду в рэчке... бягом сюда к радніку, дзе вада налілась эта. Значыць, ана бо саланавата была такая. Вот і каровы пілі этую воду, любілі. Вельмі любілі...

Эта ж прыходзяць у царкву людзі, і моляцца... І я хадзіла. В обшчэм, мне сьніцца сон, што мая хросна гола-гола стаіць за ракой. Яна мне і сястра і хросная. Я думаю: "Божа мой, ну, я туда ж не зайду". На дачку, яна за рулём сама: "Завезі мене туда!" Я ўзяла ленту, і там Божа мацер із дзіцям, дык я лентай абвязала. І ўсё, сумелась. А то от голая яна мне паказваецца, што ана гола. Я яе бачу голай, дражыць. Значыць, яна не тут пахаронена, я ніколі не атведавала, но ана хросная, мне нада яе прыкрыць. Ну, я павесіла ленту.

А там вешаюць, абракаюцца, палаценца, іконкі, дажа этыя, бусы, я бачыла, віселі. На іконы, ілі так. Онь казала мая: "Нашто яны навешалі тых трапак!" Пашла я, гаворыт, да пазьнімала, ужэ старыя, да ў канаўку пакідала. "А зачэм стар'ё" - гаворыць... Што ёй зробіш, што яна так во...

Грошы там затыкалі. Дык некаторыя пайдут... Та мелачныя там бумажкі, па сто, па дваццаць там тады было, цяпер ужо п'яць тысяч кідалі, затыкалі. Дак пойдуць хто п'яніца, да павымаюць, пабяруць...

Ну ўжэ моляцца мо, абракаюцца, і кідаюць ужэ хто з Расіі, дак кідалі капейкі туда...

А то дажа бачылі, прыехалі па воду – голы-голы бацюшко... ныраў у эту воду. Бацюшко сам. З барадою... Нам, кажа, было стыдно падыйці, мы ўжэ ў машыне сядзелі, бачым, голы чалавек... Вышаў, надзеўся...

На Крашчэньне, эта ўжо вада крашчоная, яны ныраюць... Туда ж не дайці на Крашчэньне вады ўзяць. Стаіць ад дзярэўні датуль в очарадзі”.

Відэа з крыніцы можна паглядзець тут і тут.

Алена Ляшкевіч


Фотасправаздача:  Святая крыніца ў в. Пеніца Калінкавіцкага р.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.