Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўне

Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўне

7 – 9 кастрычніка ў Коўне прайшоў Кангрэс даследчыкаў Беларусі.

8 кастрычніка прайшла цырымонія ўручэння прэміі Кангрэса за лепшыя навуковыя публікацыі. Сярод пераможцаў у намінацыі “Гуманітарныя навукі” – манграфія Цімафея Авіліна “Этнаастраномія” (падрабязней пра яе можна пачытаць тут) і артыкул Уладзіміра Лобача “Феномен вайны ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў”, надрукаваны ў 1-м нумары навуковага зборніка “Беларускі фальклор”. Уладзімір Лобач атрымаў прэмію Кангрэса другім разам: у 2014-м перамагла яго манаграфія "Міф. Прастора. Чалавек". Сёлета ўпершыню была ўручаная прэмія ў намінацыі “Польскамоўныя манаграфіі на беларускую тэматыку”. Перамагла кніга “Kołchoźnicy. Antropologiczne studium tożsamości wsi białoruskiej przełomu XX i XXI wieku” прафесаркі Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Ганны Энгелькінг (інтэрв’ю з даследчыцай можна пачытаць тут). Поўны спіс пераможцаў тут.

Падчас Кангрэсу прагучала шмат дакладаў, што закранаюць тэматыку традыцыйнай культуры. Шматлікія панэлі ішлі адначасова, таму даводзілася выбіраць, і выбар быў нялёгкім. Тэматыка традыцыйнай культуры закраналася на панэлях “Сучасны стан дударскай традыцыі ў Еўропе”, “Гістарычныя формы культуры паўсядзённасці ў Беларусі”, “Асаблівасці гісторыі і культуры Заходняга Палесся: міждысцыплінарны погляд”, “Беларуская традыцыйная культура на сучасным этапе: эвалюцыя і трансфармацыя рытуальных форм паводзінаў”, “Сучасныя праблемы захавання культурнай спадчыны беларуска-ўкраінскага Палесся”.

Вельмі цікавым быў даклад Наталлі Сівіцкай на секцыі “Беларуская мова ў гендарным аспекце”. Даследчыца распавядала пра ўплыў гендарных стэрэатыпаў і міфалагічных уяўленняў на фармаванне беларускіх народна-дыялектных назваў асобы. Прыводжу некаторыя вытрымкі з даклада.

Старога халасцяка ў некаторых мясцовасцях звалі “саламяны жыніх”. Каб “разгадаць” паходжанне такога наймення, даводзіцца звярнуцца да сімволікі саломы, якая з’яўляецца адыходным матэрыялам, што застаецца пасля апрацоўкі жыта.

Старую дзеўку маглі зваць нядаўба, сівуля, бабіца, векавуха, перастарка, выстарак, окыдышчэ, засядзелка, пераседзелка, стрымка. Апошняе найменне – ад таго, што дзяўчына “стрымлівае” ад замужжа сваіх малодшых сёстраў (не было прынята аддаваць малодшых раней за старэйшую). Старая дзеўка не мела права насіць ні жаночы, ні дзявочы строй, удзельнічаць у выпяканні каравая, хадзіць у адведкі да парадзіхі. У народнай прозе сустракаюцца аповяды, што халасцякі ды старыя дзеўкі цярпелі не толькі на гэтым, а і на тым свеце.

Сустракаецца найменне “мікалаеўскі халасцяк” і “мікалаеўская дзеўка”. Тут маецца на ўвазе святы Мікола, да якога маліліся бацькі, калі іх дзеці доўга не стваралі пары: “Мікола, Мікола, пашлі абы якога”.

У Глыбоцкім раёне жанчыну звалі па-рознаму ў залежнасці ад таго, наколькі ўдалым быў яе шлюб. У абодвух выпадках па мужу, але з рознымі суфіксамі: Стася Іванава (муж Іван) – калі шлюб шчаслівы і Пачобчыха (прозвішча мужа – Пачобут), калі муж няўдаліца, ці п’е, ці памёр.

Мужчыну, што ажаніўся з жанчынай, старэйшай за сябе, звалі “бабажон”, таго, што жаніўся некалькі разоў – распушчанец, перабежчык, жанілка, аблюбак. Дзяўчыну, што выйшла замуж без цырымоніі сватання – набіванка, набовіч, набоіч, набойка (ад “набівацца”).

Бяздзетнасць у традыцыйнай культуры лічылася пакараннем за грахі і магла стаць прычынай разводу. Адно з найменняў бяздзетнай жанчыны – камяніца (камень лічыўся сімвалам мужчынскага пачатку, яго клалі пад ложак, каб запачаткаваць хлопчыка). Разведзеную жанчыну звалі “разлучніца”. Разлучыны – гэта канчатковае расстанне сужэнцаў, “прочкі” – часовае (“жонка пайшла ў прочкі” – пайшла прэч).

У найменнях асобы вельмі яскрава праглядаецца стаўленне традыцыйнага грамадства да асобы ў залежнасці ад яе матрыманіяльнага статусу.

Алена Ляшкевіч.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.