Гурт Re1ikt выпусцiў альбом «Kufar»

Гурт Re1ikt выпусцiў альбом «Kufar»

Мінскі фолк-рок-гурт Re1ikt прэзентуе новы альбом «Kufar».

Рэліз адбыўся роўна праз год пасля выхаду дыска "Лекавыя травы", прызнанага беларускімі экспертамі найлепшым рок-альбомам 2015 года. Ён запісваўся ў польскай Studio-X вядомага гукарэжысёра і саўндпрадзюсара Марціна Кілбашэўскага ў Ольштыне і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным.

“Мы сабралі ўсё тое каштоўнае, чым могуць ганарыцца беларусы: нашы традыцыі, наша прырода, наша культура, нашы перамогі, наша ўменне сябраваць і рабіць добрыя справы талакой”, - распавядае пра канцэпцыю новага альбома Алесь Дземідзенка.

У "Kufar" патрапілі "Дробненькі дожджык" са зборніка "Песні Матчыны з Вушаччыны" - песня, якую напявала маці Рыгора Барадуліна, вясельная "Сваточкі", запісаная музыкамі ад Марыі Сямёнаўны Амос ў вёсцы Халопенічы Крупскага раёна, аўтарскія творы, натхнёныя роднымі краявідамі.

Акрамя таго, у альбом увайшоў сапраўдны стадыённы хіт "Разам!" - гімн, створаны музыкамі Re1ikt для футбольнага клуба "Крумкачы", першае жывое выкананне якога адзначылася сенсацыйнай перамогай маладой каманды над мінскім "Дынама".

На дыску ёсць і два цікавыя дуэты: з саксафаністам Паўлам Аракелянам ("Крамбамбуля", Лявон Вольскі) гурт запісаў джаз-рокавую кампазіцыю "Толькі снег" на лірычны верш Янкі Купалы, які паэт прысвяціў жонцы, а з Сяржуком Доўгушавым (Vuraj) - народную песню "Вэлытай" з беларускага Палесся.

Грошы на выданні альбома "Kufar" былі сабраныя ў выніку краудфандынгавай кампаніі, у якой паўдзельнічалі больш за 80 чалавек з розных краін свету: Беларусі, Польшчы, Сербіі, Канады, ЗША. Сума ахвяраванняў склала 2 453 рублі. Гэтых сродкаў хапіла не толькі на тое, каб выпусціць дыск, але і прафінансаваць здымкі кліпа да песні "Дробненькі дожджык", які ўдзельнікі Re1ikt абяцаюць прэзентваць публіцы ў хуткім часе.

Прэзентацыя альбома "Kufar" адбудзецца ў сталічным клубе "Бруге" 10 снежня. Музыкі рыхтуюць вялікі сольны канцэрт з удзелам цікавыя гасцей і, вядома ж, сюрпрызамі.

Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з'яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.