Старажытная і сучасная “Чырачка”

Старажытная і сучасная “Чырачка”

26 лютага ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна адбыўся старажытны абрад “Чырачка”.

Чырачкі – гэта вадаплаўныя птушкі, якіх так чакаюць людзі пасля доўгай зімы. Таму і абрад праводзін зімы і гукання вясны таксама называецца “Чырачка”. Фігуркі птушачак выпякаюць напярэдадні з цеста. А на само свята, якое адбываецца ў апошні дзень Масленічнага тыдня, гэта печыва-“чырачак” дораць усім сустрэчным.

Здаўна на Тураўшчыне, дзе знаходзіцца Тонеж, менавіта на гуканне вясны упрыгожваюць елачку. Прыбранае самаробнымі папяровымі кветкамі дрэўца замацоўваюць на высокім дубе, каб хутчэй прыляталі птушкі.

Каб хутчэй прыйшла вясна, са старызны робяць ляльку-“Зіму”, якую падчас абраду спальваюць на вогнішчы.

Усе абрадавыя дзеянні суправаджаюцца выкананнем старажытных веснавых песень, карагодаў і гульняў. Самыя эмацыйны момант свята – качанне з гары. Старыя людзі кажуць, што, калі пакачаешся, то ўвесь наступны год не будзе балець спіна.

Захавальнікі абрадавай традыцыі і асноўныя завадатары правядзення “Чырачкі” – удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Таняжанка” Тонежскага сельскага дома культуры дзяржаўнай установы “Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Удзельнікі калектыву пераймаюць ад старажылаў мясцовыя ўзоры фальклору, з кожным годам пашыраюць свой абрадавы рэпертуар. Каб перадаваць культурную спадчыну моладзі, плённае супрацоўніцтва наладзілі сферы культуры і адукацыі. З суседніх вёсак школьнымі аўтобусамі на свята прывезлі старшакласнікаў, якія жыва ўспрымалі абрадавыя дзеянні і асабліва ўпадабалі традыцыйнае качанне з гары.

Адметнасць мясцовай традыцыі, захаванасць старажытных рытуальных дзеянняў і атрыбутаў стала нагодай для ўключэння ў мінулым, 2016 годзе, абраду “Чырачка” ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Ірына Глушэц, вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”

Можна паглядзець відэа Алены Ляшкевіч з абраду:
Карагод "У лесе на верасе"
Карагодная гульня "Грушка"
Песня "Зіма з летам страчаецца"
Песня "Бугай в поле хочэ"
Карагодная гульня "Нас Арынка была з нового города"
Упрыгожванне ёлкі
Як выпякаць чырачак (відэа 2014 г.)

Фотасправаздача:  Масленка ў в. Тонеж Лельчыцкага р., 26 лютага 2017 г.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.