Будслаўскі фэст – нацыянальны здабытак Беларусі

Будслаўскі фэст – нацыянальны здабытак Беларусі

Рэспубліка Беларусь – краіна з багатай культурнай спадчынай. Захоўваючы лепшыя нацыянальныя традыцыі беларусаў, яна з’яўляецца носьбітам духоўнай спадчыны прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і канфесій, якія жывуць на беларускай зямлі. Духоўная культура прапагандуе ідэі міру і талерантнасці, узводзіць найбольш моцныя масты сяброўства паміж людзьмі, садзейнічае фарміраванню станоўчга іміджу нашай краіны ў свеце.

Дапамагае жыць у дабрасуседстве, павазе і ўзаемадапамозе, што вельмі ўласціва беларусам, шматвекавая традыцыя ўшанавання цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст). Гэтая ўрачыстасць можа служыць прыкладам канструктыўнага супрацоўніцтва паміж рознымі хрысціянскімі аб'яднаннямі, іх ўзаемадзеяння з органамі дзяржаўнай улады і недзяржаўнымі арганізацыямі.

У 2017 годзе на Будслаўскім фэсце, які праходзіў 30 чэрвеня – 1 ліпеня, пабывала каля 27 тысяч чалавек, у тым ліку 2 300 пешых паломнікаў.

На святкаванне ў невялікае мястэчка Будслаў, прыязджаюць біскупы Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, Апостальскі нунцый, шматлікія святары і члены манаскіх ордэнаў. Ва ўрачыстасцях прымаюць удзел прадстаўнікі духавенства Грэка-каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў, людзі розных веравызнанняў і канфесій, паслы замежных краін, а таксама прадстаўнікі ўрада і мясцовых органаў улады.

Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і прапанавана нашай краінай для ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Пры падрыхтоўцы намінацыйных дакументаў сваю падтрымку гэтай прапановы засведчылі больш сотні жыхароў пасёлка і яшчэ больш удзельнікаў пілігрымак. Жыхары Будслава падчас сустрэч з супрацоўнікамі Інстытута культуры Беларусі дзяліліся яркімі ўражаннямі ад фэсту, узгадвалі свой удзел у прыёме пілігрымаў, адзначалі высокі ўзровнь арганізацыі свята і яго важную ролю для культурнага жыцця сваёй мясцовасці. Былі выказаны прапановы аб стварэнні часовай ці пастаяннай выставачнай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі фэсту, аб тым, што варта захаваць жывыя сведчанні старэйшых жыхароў пра яго ролю ў жыцці людзей мінулага стагоддзя і сучаснасці.

З кожным годам пашыраецца вядомасць гэтага элемента НКС ў міжнародным маштабе. У 2015 годзе ў гонар галоўнай каталіцкай беларускай святыні абраз Маці Божай Будслаўскай быў усталяваны ў Ерусаліме.

У траўні 2016 года копія абраза Маці Божай Будслаўскай была прывезена і змешчана ў Кафедральным Храме Трох Свяціцеляў у Парыжы (Францыя). З гэтай нагоды былі праведзены мерапрыемствы з удзелам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі.

У Карэліі (Расійская Федэрацыя) для беларусаў, якія там пражываюць, пабудавана каплічка ў гонар Маці Божай Будслаўскай.

У апошнія гады з'явіліся новыя арганізацыйныя мерапрыемствы, якія папярэднічаюць святкаванню ў Будславе, пашыраюць веды аб фэсце. Гэта пілігрымацыя копіі абраза Маці Божай з адной дыяцэзіі ў другую, арганізацыя рэгулярных аўтобусных і, нават, паветраных пілігрымак на верталёце з Мінска ў санктуарый Будслава ў кожную першую суботу месяца. Практыкуюцца пленэры мастакоў, фотавыставы, розныя конкурсы, святкаванне на фэсце знамянальных дат, прысвечаных адраджэнню Касцёла на Беларусі. У 2017 годзе святкаванні ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай былі прымеркаваны да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў Панны Марыі ў Партугаліі.

Прысутны на гэтым фэсце пасол Польшчы ў сваім выступленні адзначыў, што ён прыбыў у Будслаў з галоўнай інтэнцыяй, каб адносіны паміж краінамі ў далейшым развіваліся плённа, як і раней, бо ў 2017 годзе спаўняецца 25 гадоў устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Польшчай. Гэта падкрэслівае важнасць урачыстасцей у Будславе для абедзвюх краін.

На ўрачыстасць ў гонар Будслаўскай іконы Божай Маці прыязджаюць пілігрымы з Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, іншых краін. Паломнікі прыбываюць грамадскім і прыватным транспартам, а некаторыя – на роварах і байдарках. Аднак асаблівай павагай карыстаюцца тыя, хто праходзіць шлях да храма пешшу. Дзясяткі, а то і сотні кіламетраў дарогі да Будслаўскага касцёла пілігрымы праходзяць праз гарады, пасёлкі і вёскі, дзе іх гасцінна сустракаюць мясцовыя жыхары. Людзі з радасцю чакаюць пілігрымаў. Для многіх вялікі гонар, калі яны могуць прыняць паломнікаў. Для гэтага спецыяльна рыхтуюцца, сустракаюць каля сваіх двароў, прапануюць пітво і ежу, запрашаюць на начлег. Бывае, што самі на падлозе спяць, а паломнікаў кладуць на свае ложкі, каб тыя добра выспаліся і адпачылі. Сёлета ў Будслаў прыйшла 21 пешая пілігрымка.

Цікавы пачын адбыўся ў 2017 годзе па ініцыятыве Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач» з Бягомля, які арганізаваў «паход за цвярозасць». Два дні людзі, што пакутуюць ад алкагольнай залежнасці таксама былі пілігрымамі і ішлі пешшу ў Будслаў. Гэта была іх першая пілігрымка на фэст, якая будзе прадаўжацца ў наступныя гады.

Таксама арганізавана адна з маладых пілігрымак (ёй тры гады) – сямейная. Яна працягваецца адзін дзень, але ў ёй бяруць удзел усе члены сям'і. У гэтай пілігрымцы шмат дзяцей рознага ўзросту.

Уваход пілігрымаў у Будслаў – заўсёды радасная доўгачаканая падзея для мясцовых жыхароў. У намётавым лагеры пешых пілігрымаў да раніцы не сціхаюць спевы і малітвы, танцы і гутаркі, бо ўсе маюць неверагодную колькасць уражанняў ад свайго падарожжа. 

Позна вечарам перад службай па цэнтральнай плошчы Будслава праходзіць шматтысячная працэсія са свечкамі, што сімвалізуе незгасанне традыцый нашых продкаў. На свяце пануе прабачэнне і любоў, згода і адзінства. 

Фэставы кірмаш, які цягнецца амаль суткі, – гэта яшчэ і свята па развіццю і адраджэнню нацыянальных рамёстваў, дзе праходзяць выставы народных умельцаў, прэзентацыі кніг, грамадскіх аб’яднанняў, дабрачынныя акцыі.

Урачыстасці ў гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай для тысяч людзей становяцца крыніцай дабра, якога прагнуць іх сэрцы, крыніцай веры, надзеі і любові ў паўсядзённым жыцці.


Галіна Івуць,

метадыст аддзела традыцыйнай культуры і сацыякультурнай 

дзейнасці Інстытута культуры Беларусі

                                                                                              


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.