VURAJ, Спеўны сход, праект “Традыцыя”: што, дзе, калі?

VURAJ, Спеўны сход, праект “Традыцыя”: што, дзе, калі?

Сяржук Доўгушаў, вядомы як вакаліст гурта VURAJ, арганізатар Спеўнага сходу, а апошнім часам – і як выдавец традыцыйнай музыкі, падзяліўся вынікамі 2017 году і далейшымі планамі.

Спеўны сход з Сержуком Доўгушавым у верасні распачаў новы сезон адначасова з праектам “Традыцыя”. У лістападзе адбыўся спеўна-танцавальны сход з этнахарэографам Сяргеем Выскваркам і музыкамі з Любанскага раёна. Наведвальнікі дужа ўпадабалі такі фармат, у 2018-м плануецца яго працяг. Верагодна, у студзені будзе зладжана жаніцьба Цярэшкі – гульнёвае вяселле, што на Каляды ў Паўночнай Беларусі зводзіла пары моладзі. Часта такія гульнёвыя шлюбы перарасталі ў сапраўдныя, таму самотным людзям вельмі раім наведаць! 14 снежня Спеўны сход запрашае на сустрэчу з гуртом традыцыйных мужчынскіх спеваў РАДА, а 19-га – з аўтэнтычным гуртом вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёна, які пакажа наведвальнікам калядаванне сваёй мясцовасці.

Яшчэ ў межах праекту “Традыцыя” выходзяць дыскі з беларускай фальклорнай музыкай. Сабраныя сродкі на выданне зборніка мужчынскіх спеваў. Мяркуецца, што ён пабачыць свет да канца 2017-га. Дыск закладзе дызайн усёй серыі, што павінны нагадваць пра спалучэнне традыцыі з сучаснасцю. Дызайнерка праекту – Васіліса Паланіна. Яшчэ можна падтрымаць выданне дыска, прысвечанага музычнай культуры Падзвіння. Спеўную ды інструментальную традыцыю Паўночнай Беларусі на плытцы прадставіць полацкі гурт ВАРГАН, што сёлета таксама выступаў на Спеўным сходзе. Да таго ж, штомесяц можна падтрымліваць уласна Спеўны сход.

Гурту VURAJ спаўняецца 7 гадоў, стала ўжо традыцыяй выступаць 20 снежня, у дзень яго народзінаў. Сёлета на канцэрце можна будзе пачуць нешта са старой праграмы, шмат апрацовак палескіх песень, а таксама новы матэрыял, якога пакуль няма ў запісах. Прагучыць шмат калядак. “Фішкай” вечару стане ўдзел у канцэрце гурта з вёскі Дзятлавічы пад Лунінцом. Ён спявае акапэльна, музыкі з VURAJ мінімальна падтрымаюць яго гучаннем інструментаў.

У бліжэйшы час гурт плануе запіс альбома “Літо” з інтэрпрэтацыямі песень розных куткоў Палесся, уласных экспедыцыйных запісаў Сержука Доўгушава з 2013 г. Праграма была ўжо прэзентаваная на канцэрце ў Купалаўскім тэатры. Цяпер гурт працуе над паўночнабеларускім матэрыялам і паралельна рыхтуе электронную праграму з выкарыстаннем галасоў бабуль-носьбітак фальклору. Па словах Сержука, гэта будзе па-філасофску сур’ёзны праект, што паяднае розныя музычныя стылі.

Сяржук Доўгушаў у кастрычніку наведаў з адукацыйнымі выступамі ЗША і выходзіў на сувязь, знаходзячыся ў Чыкага. Па словах музыкі, на сустрэчы з ім, арганізаваныя беларускай дыяспарай, прыходзілі не толькі беларусы. Амерыканцы цікавяцца іншымі краінамі, столькі часу жывучы ў мульцікультурным грамадстве. Праўда, пра Беларусь яны ведаюць зусім няшмат. Нават тое, што наша краіна – не Расія можа стацца навіной. Прыходзілі і кітайцы, і эфіопы, і студэнты, і прафесура…

Акрамя Чыкага Сяргей выступіў у Нью-Ёрку. У яго склалася ўражанне, што беларуская дыяспара хоць і даволі актыўная, усё ж саступае, напрыклад, украінскай. Толькі адзін прыклад: у Чыкага дзейнічае цэлы ансамбль бандурыстаў! Затое ў Нью-Ёрку гурт LITVAKUS выконвае музыку беларускіх габрэяў, у тым ліку сабраную яго лідарам Змітром Сляповічам у экспедыцыях па Беларусі.

Агулам Сяржук адзначае ўзрастанне цікаўнасці да традыцыйнай культуры ў Беларусі і свеце і дужа з гэтага цешыцца.

Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.