«Шчодрык» у вёсцы Восава Салігорскага раёна

«Шчодрык» у вёсцы Восава Салігорскага раёна

Мы запрашаем Вас  даехаць да самай крайняй кропкі Міншчыны, пад самыя Жыткавічы, у вёску Восава Салігорскага раёна, каб пакалядаваць і паваражыць разам з мясцовымі жыхарамі. Абрад «Шчадрэц», які адбудзецца 13 студзеня ў вёсцы Рог Салігорскага раёна – уладальнік статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. 

Салігорскі раён - тэрыторыя, што мае багатую гісторыю і непаўторнасць, якая з цягам часу толькі набывае адменны каларыт беларускага народнага мастацтва. Гісторыя нашага краю багатая і разнастайная. З сівой старажытнасці бярэ  пачатак вусная і песенная народная творчасць, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, як грунт духоўнай культуры нацыі.

Сёння можна адважна сказаць, што наш раён карыстаецца ўвагай сярод шматлікіх гасцей з далёкага і бліжняга замежжа. У нас можна не толькі карысна пабавіць час, з галавой акунуўшыся ў гісторыю, але і выдатна адпачыць: паспяваць і патанчыць!

На тэрыторыі Дамановічскага сельскага Савета Салігорскага раёна знаходзіцца вёска Восава, у цэнтры якой мясцуецца Восаўскі сельскі Дом культуры - аддзяленне №23 ДУК «Культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага раёна», дзе на працягу многіх гадоў дзейнічае народны фальклорны калектыў "Палескія крыніцы", які з'яўляецца носьбітам і захавальнікам культурных традыцый Салігорскага раёна.  

"Палескія крыніцы" - завадатар усіх каляндарных і сямейных свят,  галасы яго ўдзельнікаў - галоўныя падчас святкавання народных свят і абрадаў.  У гэтай вёсцы  дагэтуль захаваўся ўнікальны абрад «Шчадрэц». Тут не сустрэнеш звычайную Казу -  перапранутага ў кажух чалавека, няма тут і Мядзведзя з Зорканосцам. На стары Новы год тут заўсёды збіраецца цікавейшая кампанія.

         Каляднаму абраду «Шчадрэц»,  які захоўвае народны фальклорны калектыў «Палескія крыніцы» Салігорскага раёна і яго дзіцячы калектыў-спадарожнік «Раўчук» быў прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь у 2009 г. Няма аналагаў у Беларусі маскі дзеда-продка, якую скарыстоўваюць у абрадзе "Шчадрэц". Яе вырабляюць з суцэльнага кавалка бяросты ў якім выразаюць адтуліны для вачэй, носа і рота.

Калектыў "Палескія крыніцы" скарыў многіх гледачоў не толькі асаблівым выкананнем сваіх  песень, але і побытавымі танцамі, якія вы зможаце не толькі ўбачыць, але і нават самі вывучыць. Удзельнікі калектыву валодаюць вуснымі формамі фальклору - расказваюць казкі і легенды, аповеды, мясцовыя тапанімічныя паданні. Яны плятуць паясы і вучаць гэтаму дзяцей.

 

Будзем рады бачыць усіх на свяце 13 студзеня 2018 года ў вёсцы Восава (вул.Працоўная, 2 “А”) Салігорскага раёна.  Пачатак у 17.00.

        Каваленя Сяргей Іванавіч – дырэктар Восаўскага сельскага Дома культуры – аддзялення № 23 ДУК “Культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага раёна” 8 (0174) 27-02-97, 8 (029) 137-48-84 

        Кобава Наталля Мікалаеўна – дырэктар ДУК “Культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага  раёна” 8(0174) 22-05-63, 8(029) 661-54-74 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.