СТРЭЧАННЕ з «ПАЛЕСКІМІ НАПЕВАМІ»

СТРЭЧАННЕ з «ПАЛЕСКІМІ НАПЕВАМІ»

15 лютага 2018 г., на Стрэчанне, журналістка і малады навуковец Алена Ляшкевіч наведала Новае Палессе і прыняла ўдзел ў свяце, якое штогод ладзіць аўтэнтычны фальклорны гурт «Палескія напевы». У прапанаваным артыкуле распавядае пра дзейнасць гурта, які знаходзіцца ў добрым стане і пра складанасці з пераемнасцю традыцыі, бо дзяцей у Новым Палессі мала, адмыслова на свята прыязджаюць з цэнтра сельскага савета в. Ударнае, а клубу ў Новым Палессі пагражае закрыццё.

Элементу НКС  "Мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў аўтэнтычным фальклорным калектывам "Палескія напевы" в. Новае Палессе Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласці" статус гісторыка-культурнай каштоўнасці быў нададзены 2009 г. На пачатак 2018 г. у "Палескіх напевах" 8 удзельнікаў:

Светава Марыя Уладзіміраўна, загадчыца клуба;

Палын (Бараг) Ніна Аляксееўна, нар. в. Данілевічы, у Новым Палессі жыве з 1972 г., хормайстарка;

Кужалевіч Надзея Мікалаеўна, мясцовая жыхарка, экс-хормайстарка;

Баравы Аляксей Васільевіч, мясцовы жыхар, акампаніятар;

Баравая Валянціна Антонаўна, мясцовая жыхарка;

Бялоцкая Любоў Цярэнцьеўна, нарадзілася ў в. Прыбалавічы;

Грыцкевіч Ева Пятроўна, мясцовая жыхарка;

Лісіцкая Надзея Лаўрэнцьеўна, мясцовая жыхарка, самая старэйшая ўдзельніца гурта, якой сёлета спаўняецца 80 год, не мае магчымасці ўдзельнічаць ва ўсіх выступах гурта, але дагэтуль кансультуе па рэпертуары.

Стрэчанне – галоўнае свята для гурта, у пэўным сэнсе брэндавае. У Новым Палессі зусім мала дзяцей, школа даўно зачыненная. Але інтарэс да свята ў моладзі ёсць, прыязджаюць вучні з вёскі Ударнае (цэнтр сельсавета). Сёлета іх прывёз школьны аўтобус. З дзецьмі прыехалі настаўнікі.

Дзеці ўзялі на сябе выкананне вялікай часткі абрадавых дзеянняў: дзяўчынка трымала ўпрыгожанную ёлку, хлопцы везлі яе на санках. Успаміны старэйшых жыхароў Новага Палесся неаднастайныя: некаторыя ўзгадваюць, што адразу па вайне з ёлкай у руках на санках каталі жанчыну, што нядаўна выйшла замуж, некаторыя – што дзяўчыну на выданне. Некаторыя ўзгадваюць пра дзяцей і падлеткаў як выканаўцаў абрадавых дзеянняў. Гэты варыянт Стрэчання ўзнаўляецца сёння ўдзельнікамі гурта “Палескія напевы”.

Сёлета абрад пачаўся з таго, што ўдзельніцы гурта распавялі дзецям пра Стрэчанне, выканалі песні “Весна-весна, вясняначка, чыя ж дочка Мар’яночка”, “Благослові Божа весну заклікаці”. Гурт разам з дзецьмі і ўсімі ахвочымі далучыцца вадзіў карагоды “Вы гуляйце, дзеўкі”, “Конопелюшка”, “Коло мліна каліна” на пляцоўцы між крамай і клубам. Потым удзельнікі і назіральнікі прайшлі шэсцем па вёсцы да прыдарожных крыжоў. Хлопцы везлі на санках дзяўчынку з ёлкай, а спявачкі ішлі следам з песняй “Конопелюшка”. На крыжы вісела леташняя сухая ёлка, якую там па ўласнай ініцыятыве замацавалі ў 2017-м 4 старэйшыя жыхаркі Новага Палесся, што не ўдзельнічаюць у гурце “Палескія напевы”. Звычайна яны робяць гэта на досвітку 15 лютага ці з вечара 14-га, каб ніхто не бачыў. Сёлета праз тое, што 2 з 4 жанчын забралі дзеці, яны ёлку не рабілі. Ёлка, якую летась вешалі ўдзельніцы “Палескіх напеваў” была загадзя знятая з крыжа.

Замацавалі новую ёлку, павадзілі карагод “Коло мліна каліна”, назад да клуба ішлі з прыпеўкамі пад гармонік. Там удзельніцы “Палескіх напеваў” спалілі леташнюю ёлку (толькі сваю, чужую пакінулі на крыжы), пачаставалі дзяцей.

У рэпертуары “Палескіх напеваў” каляндарныя, сямейна-абрадавыя і пазаабрадавыя песні. Гурт узнаўляе святы Каляды, Дабравешчанне, Вялікдзень, Юр’я, Троіцу, але не робіць іх штогод.

На Дабравешчанне выпякалі хлеб з крыжам і хадзілі з ім у госці, у карагод. На Троіцу вадзілі Маю (кшталту Куста): “Важдзеніе Маі, эта ціпа Куста такога. Но мы выбіралі дзевачку, наряжалі её ў Куст, тожа так вот наряжалі і хадзілі, ціпа валачобнікі”. На Вялікдзень хадзілі ў госьці да кумоў. На Юр’я адбываўся выган кароў, кожны нёс пачастунак пастуху, потым пастухі разам частаваліся і гулялі на полі, вадзілі карагоды.

Гурт паказвае на сцэне праграмы па вяселлі і ўлазінах (“ухошчына”). Ухошчына, напрыклад, паказвалі падчас адкрыцця бібліятэкі ў Лельчыцах: запускалі ката, заходзілі з сухарамі, кідалі зерне і капейкі, прыгаворвалі, выконвалі царкоўныя песні. У вясельную праграму ўваходзіць суканне свечак (прыкладна 30 см, упрыгожванне іголачкамі з васковымі шарыкамі, папяровымі кветкамі, барвінкам), упрыгожванне ёлкі (такой жа як на Стрэчанне), дзеянні з караваем, песні.

У 2017 годзе "Палескія напевы" прынялі ўдзел ў праграме тэлеканала Беларусь 3 "Наперад у мінулае" з удзелам кандыдата мастацтвазнаўства НАН РБ Варфаламеевай Т.Б. 

Вялікая праблема ў тым, што клубу Новага Палесся пагражае закрыццё. У вёсцы цяпер прапісана 120 чалавек, а калі ў населеным пункце менш за 100 жыхароў, то ўстанову культуры ліквідуюць. Для вёсак, дзе пад аховай знаходзіцца элемент НКС, выключэнняў не робяць. Пасля закрыцця клуба некаторыя гурты працягваюць збірацца па хатах як, напрыклад, “Незабудкі” ў Галавенчыцах Чавускага раёна, але ў большасці выпадкаў спыняюць дзейнасць.

Матэрыялы для маніторынгу дзейнасці па захаванню НКС падрыхтавала 
Алена Ляшкевіч, 
малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі


Фотасправаздача:  Святкаванне Стрэчання ў в. Новае Палессе Лельчыцкага раёна 15.02.2018

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.