Як Канвенцыя аб ахове НКС перагукаецца з Канвенцыяй аб біяразнастайнасці

У Беларусі распачалася праца па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Узмацненне людскіх рэсурсаў, прававых сістэм і інстытуцыйнага патэнцыялу для рэалізацыі Нагойского пратакола ў Рэспубліцы Беларусь», выканаўцам якога з'яўляецца Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. Як Нагойскі пратакол звязаны з Канвенцыяй аб ахове НКС і як фалькларысты супрацоўнічаюць з біёлагамі?

Нагойский пратакол – дапаўняльны да Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці ААН, прынятай у 1992 г. і ратыфікаванай Беларуссю ў 1993-м. Нагойский пратакол быў прыняты ў 2010-м г. і ўступіў у сілу 12 кастрычніка 2014 г., у тым жа годзе быў ратыфікаваны Беларуссю. Пратакол удакладняе і пашырае палажэнні Канвенцыі. Ён скіраваны на забеспячэнне розным краінам справядлівага і роўнага размеркавання выгод ад выкарыстання генетычных рэсурсаў і на ахову традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі. Па Нагойскім пратаколе перадача генетычных рэсурсаў (любы матэрыял расліннага, жывёльнага, мікробнага ці іншага паходжання, які змяшчае функцыянальныя адзінкі спадчыннасці і які ўяўляе фактычную або патэнцыйную каштоўнасць) ад адной краіны да іншай павінна адпаведным чынам афармляцца. Акрамя таго, краіна, якая імплементавала Пратакол, павінна ўлічваць традыцыйныя практыкі карэнных і мясцовых супольнасцей адносна традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі, і ствараць умовы для супольнага карыстання выгодамі ад такіх ведаў.

У Артыкуле 8j Канвенцыіаб біялагічнай раснастайнасці гаворыцца, што краіна, якая яе ратыфікавала, “суадносна са сваім нацыянальным заканадаўствам забяспечвае павагу, захаванне і перадачу ведаў, новаўводзінаў і практыкі карэнных і мясцовых супольнасцей, што адлюстроўваюць традыцыйны лад жыцця, значныя для захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай разнастайнасці, садзейнічае іх шырэйшаму выкарыстанню з ухвалення і з удзелам носьбітаў такіх ведаў, новаўводзінаў і практыкі, а таксама заахвочвае супольнае карыстанне на справядлівай аснове выгодамі, што выцякаюць з выкарыстання такіх ведаў, новаўводзінаў і практыкі” (тут і далей тэксты цытуюцца ў аўтарскім перакладзе з англійскай ці рускай мовы).

Нагойскі пратакол уводзіць паняцце “традыцыйныя веды, звязаныя з генетычнымі рэсурсамі” (“traditional knowledge associated with genetic resources”). Па Артыкуле 12 краіна, якая імплементавала Пратакол, павінна ўлічваць нормы звычаёвага права і традыцыйныя практыкі карэнных і мясцовых супольнасцей адносна традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі, і ствараць умовы для супольнага карыстання выгодамі ад такіх ведаў. Пратакол дае агульныя арыенціры, пакідаючы за кожнай краінай-удзельніцай рашэнне аб форме іх увасаблення.

Нагадаем, згодна Артыкулу 2 Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей НКС), якая прынята ў 2003 г., уступіла ў сілу ў Беларуссі ў 2005-м, НКС – гэта практыкі, формы падачы і выражэння, веды і навыкі, – а таксама звязаныя з імі інструменты, аб’екты, артэфакты і культурныя прасторы, – прызнаныя супольнасцямі, групамі і, у некаторых выпадках, асобнымі людзьмі ў якасці часткі іх культурнай спадчыны. НКС выяўляецца, у прыватнасці, у наступных абласцях:

а) вусныя традыцыі і формы выражэння, якія ўключаюць мову ў якасці носьбіта нематэрыяльнай культурнай спадчыны;

b) выканальніцкія мастацтвы;

с) звычаі, абрады, святы;

d) веды і сацыяльныя практыкі, якія адносяцца да прыроды і сусвету;

е) веды і навыкі, звязаныя з традыцыйнымі рамёствамі.

Як бачым, у пункце 2.d Канвенцыя UNESCO аб ахове НКС перагукаецца з Нагойскім пратаколам, калі ўзяць да разгляду веды аб арганічным складніку прыроды.

Пасля ўлучэння ў Нацыянальны Інвентар НКС (беларускі Інвентар дасяжны тут) элемент можа трапіць у ахоўныя спісы UNESCO. Адпаведна пункту І.1.U.4 Аперацыйных дырэктыўпа імплементацыі Канвенцыі аб ахове НКС, неабходнай умовай з’яўляецца вольная, папярэдняя і інфармаваная згода носьбітаў НКС.

Пра папярэднюю згоду вядзецца гаворка і ў Нагойскім пратаколе. Артыкул 7: “У адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам кожная краіна прымае меры, для таго, каб дасяг да традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі, носьбітамі якіх з’яўляюцца карэнныя і мясцовыя суполкі, здзяйсняўся з папярэдняй і інфармаванай згоды (“prior and informed consent”) ці ухвалення і пры ўдзеле гэтых карэнных і мясцовых суполак, і былі ўсталяваны ўзаемна ўзгодненныя ўмовы”. Сусветная тэндэнцыя атрымліваць папярэднюю і інфармаваную згоду інфарманта актуалізуецца не толькі калі размова ідзе аб традыцыйных ведах, звязаных з генетычнымі рэсурсамі, а і падчас любых даследаванняў, аб’ектамі якіх выступаюць людзі, як гуманітарнага, так і прыродазнаўчага накірунку.

Праект «Узмацненне людскіх рэсурсаў, прававых сістэм і інстытуцыйнага патэнцыялу для рэалізацыі Нагойского пратакола ў Рэспубліцы Беларусь» рэалізуецца па трох накірунках. У межах заканадаўчага накірунку будуць распрацаваныя праекты зменаў у нацыянальнае заканадаўства для прывядзення яго ў адпаведнасць з Нагойскім пратаколам. У межах навуковага накірунку плануецца інвентарызацыя нацыянальных генетычных рэсурсаў з выкарыстаннем сучасных метадаў ДНК-ідэнтыфікацыі і стварэнне базы дадзеных генетычных рэсурсаў Беларусі. У межах працы з традыцыйнымі ведамі, звязанымі з генетычнымі рэсурсамі, плануецца выяўленне носьбітаў такіх ведаў і стварэнне базы дадзеных. 

У межах праекта 22–23 траўня адбудзецца семінар «25 гадоў Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці. Пратаколы да Канвенцыі як інструменты рэалізацыі яе мэтаў». Семінар будзе прысвечаны пытанням захавання біялагічнай разнастайнасці і генетычных рэсурсаў, эфектыўнасці дзейснай сістэмы біябяспекі, сучаснаму стану і перспектывам развіцця геномікі ў Беларусі, а таксама Нагойскому пратаколу як міжнароднаму механізму рэгулявання ўзаемаадносін краін-пастаўшчыкоў і спажыўцоў генетычных рэсурсаў, выкананню глабальнага праекта па падтрымцы краін для распрацоўкі прававых і адміністрацыйных механізмаў забеспячэння дасягу да генетычных рэсурсаў і звязаным з імі традыцыйных ведаў. 

Праект «Узмацненне людскіх рэсурсаў, прававых сістэм і інстытуцыйнага патэнцыялу для рэалізацыі Нагойского пратакола ў Рэспубліцы Беларусь» з'яўляецца часткай глабальнага праекта для 24 краін і фінансуецца Глабальным экалагічным фондам (ГЭФ). Праца па праекце завяршыцца ў 2019 г.

Папулярна пра дзейнасць Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці распавядае буклет на сайце https://www.cbd.int/

Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.