Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «ПЯТРОВІЦА» 9-12 ліпеня на Любаншчыне

Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «ПЯТРОВІЦА» 9-12 ліпеня на Любаншчыне

01.06.2018

Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «Пятровіца»  – гэта навучанне танцам і спевам, рэканструкцыі даўніх абрадаў, жывая музыка, спевы ля вогнiшча і несупынныя танцы, цiкавыя знаёмствы з гасцямі фэсту і шчырымі мясцовымі носьбітамі культуры, родная мова, вольнае паветра вёскі, смачныя традыцыйныя стравы і шмат чаго яшчэ!

«Пятровіца» адбудзецца на Любаншчыне ў восьмы раз. Гэта значыць, у восьмы раз у в. Шыпiлавiчы Любанскага раёна з’едуцца зацiкаўленныя людзi з усёй Беларусі, а таксама блізкага і не надта блізкага замежжа. Прыедуць, каб танцаваць i спяваць, касіць і жаць, хлеб пячы і выцінанкі выразаць, адчуць атмасферу традыцыйных вячорак, адпачыць ад гарадскога шуму і проста добра правесці час.

Напярэдадні фэста 8 ліпеня пройдзе «Пятроўскі танцавальны інтэнсіў»прысвечаны асновам беларускіх танцаў, падчас якога ўсё навучанне будзе скіравана на пачаткоўцаў.

З 9 па 12 ліпеня вас чакаюць майстар-классы па танцах ад этнахарэографа і фалькларыста Сяргея Выскваркi — мастацкага кіраўніка ўзорнага фальклорнага танцавальнага калектыва «Верабейкі», якому сёлета 25 год. Сяргей Георгіевіч падзеліцца сваімі ведамі, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур’ёзнай даследчыцкай працы. «Полька», «Падыспан», «Каханачка», «Нарэчанька», «Кракавяк», «Лявонiха» — гэта няпоўны спiс танцаў, якiя вам пашчасцiць пазнаць на ўласныя ногi. Акрамя заняткаў танцуем мы ў любое надвор’е  і паўсюль: у сельскім клубе і каля клуба, у старой хаце і на асфальце, у чыстым полі і ў дварах вяскоўцаў.

Удзельнікі Пятровіцы змогуць засвойваіць тэхніку традыцыйнага спеву пад кіраўніцтвам Вольгі Емяльянчык, удзельніцы і сузаснавальніцы фальклорнага гурта «GUDA» (Мінск), мастацкага кіраўніка фальклорнага гурта «Варган» (г. Полацк). Вольга Антонаўна дапаможа раскрыць свой голас, навучыць атрымліваць радасць ад супольнага спеву, паглыбiцца ў гукавую стыхію лепшых узораў пятроўскіх абрадавых песень і пазаабрадавай лірыкі Любаншчыны.

Мужчыны, у вас ёсць унікальная магчымасць павучыцца спевам ад таленавітага і самабытнага Уладзіміра Ціханоўскага. Не ўпусціце шанец раскрыць новыя гарызонты свайго голасу! Інтэнсіўнае навучанне спевам і танцам дае свой плён. Летась у пятроўцаў атрымалася спыніць дождж з дапамогай асаблівага карагода. Спадзяемся на спрыянне і сёлета.

Апроч танцаў і спеваў, вас чакаюць вандроўкі ў г. Любань, в. Пласток, в. Жораўка – асобны від эстэтычнага і гастранамічнага задавальнення. Удзельнікі гурта Напарачка ізноў чакаюць нас у госці, каб  прадэманстраваць танцы з Любанскай дзясяткі і пачаставаць традыцыйнымі стравамі роднай зямлі. На сваёй радзіме, Сяргей Выскварка пакажа вынікі аднаўлення дзедавага дома, навучыць танцаваць рэдкія мясцовыя танцы, і запросіць на “квас з прыкрасамі”. У Жораўцы вы зможаце паўдзельнічаць у яркім і запамінальным абрадзе «Зажынкі», падвысіць прафесіяналізм валодання касой і сярпом. А таксама даведаецеся аб аўтары маляваных дыванаў П. Марціновічы. Не прамінем зладзіць традыцыйную ўжо вечарыну ў вясковай хаце, гаспадар якой, абяцае пачаставаць хатнім півам.

Завершаецца фэст 12 ліпеня ўдзелам у народным свяце «Пятрок»  з карагодамі па вёсцы, з замовай агню, з перадачай шчаслівай долі дзяўчатам,  з таямніцай абракання, са спальваннем мужчынскіх шапак і пятроўскім кумленнем, з танцамі, забавамі і  пятроўскай «абшчыннай юшкай».

Мы ўпэўненыя, што вы пабачыце і паспрабуеце шмат цікавага і невядомага. І спадзяемся, што ў вас атрымаецца адчуць драйв і энергетыку традыцыйнай беларускай культуры так, як адчуваем яе мы!

Далучайцеся да нашай «Пятровiцы» 9-12 ліпеня! Чакаем усіх!

Пытанні можна дасылаць на адрас . Даведацца болей і зарэгістравацца можна на http://piatrovica.by/

Сачыце за навінамі на старонках падзеі ў сацсетках: https://vk.com/piatrovica, https://www.facebook.com/groups/211665479205810/, https://www.youtube.com/channel/UCVgtq72DzR-oBt8d2GE60tw

Настасся Кухарэнка, натхняльнік і арганізатар фэсту

фота Альфрэда Мікуса

танцы на Пятра. фота А. Мікус.JPG

фота А.Мікус.JPG
зёлкі. фота А. Мікус.JPG
Глыбокія крыніцы. фота А. Мікус.JPG

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.