«Свята ткацтва» сабрала майстроў Прынёманскага краю у Лідскім РЦКНТ

«Свята ткацтва» сабрала майстроў Прынёманскага краю у Лідскім РЦКНТ

10.10.2018

Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага РЦКіНТ штогод ладзіць выставы і творчыя сустрэчы, прысвечаныя старадаўняму ткацкаму майстэрству, разнастайныя праявы якога да сённяшняга натхняюць майстроў на Гродзеншчыне. Кожны год «Свята ткацтва» прапануе новы фармат для сустрэчы зацікаўленых людзей. У мінулым годзе ў цэнтры ўвагі былі складнікі і адметнасці рамяства, а сёлета – сустрэча майстроў з розных раёнаў Гродзенскай вобласці, якая адбылася 6 кастрычніка.


Майстроў вітала Шчэліна Алена Валянцінаўна – загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры – «гаспадыня лідскай спадчыны». Пра дзейнасць майстроў і творчых калектываў Лідскага цэнтра «Спадчына» добра вядома ва ўсёй краіне. За рэалізацыю праекта «Ад мінулага да сучаснага», прысвечанага адраджэнню ўнікальных тэхнік шматнітачнага ткацтва Панямоння, і стварэнне калекцый традыцыйнага і сучаснага нацыянальнага адзення калектыў Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2017 года.

Майстры разам.jpg

У сустрэчы прынялі ўдзел патомныя ткачыхі з Воранаўскага раёна – Станіслава Вікенцьеўна Міхно з Пагародна і Тарэса Антонаўна Івашка з Пелясы. Шчыра падзялілася ўспамінамі Тарэза Юзэфаўна Ясюкайціс з Ваверкі Лідскага раёна, а Алена Феліксаўна Шунейка з Гродна прывезла новыя цікавыя вырабы ў тэхніцы падвойнага ткацтва. Шырокае поле дзейнасці ў Лідскім цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры прадставіў Яўген Маркевіч – калекцыі ткацкіх прылад, маляўнічыя зборы тканін ў розных ткацкіх тэхніках і іх рэгіянальных адметнасцях, асваенне новых тэхнік вырабу дываноў, што да гэтага часу не маюць дакладнага апісання ў этнаграфічнай літаратуры.

Уручэнне падзяк.jpg

Майстры атрымалі падзячныя лісты, падарункі і з захапленнем прынялі ўдзел у пазнавальнай віктарыне «Таямніцы рамяства». Падчас адказаў на пытанні пра прылады і этапы ткацтва высветлілася, што таямніцы рамяства ў кожным раёне свае, нават на ўзроўні назваў адных і тых жа прадметаў, дзеянняў і вырабаў. Абагульненнем, асэнсаваннем і распаўсюджаннем ведаў пра старадаўняе рамяство займаецца Марына Вячаславаўна Савіцкая – малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага РЦКіНТ. У цесным супрацоўніцтве з майстрамі і навукоўцамі ёй была падрыхтавана прапанова аб наданні традыцыйнаму белаўзорыстаму ткацтву Панямоння статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Звесткі пра адметнае рамяство змешчаны ў Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурай спадчыны Беларусі.

На Гродзеншчыне ўжо многа год вядзецца паспяховая дзейнасць па адраджэнню і захаванню багатых і разнастайных ткацкіх традыцый, чатыры з якіх уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь Рыхтуецца прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурных каштоўнасці ўзорыстаму ткацтву аг. Пагародна, якое захоўвае народны майстар Станіслава Вікенцьеўна Міхно і выкладае «Школе ткацтва» Пагародзенскага ЦКіНТ.

Відавочна, што практыкі вывучэння і падтрымкі жыццядзейнасці ткацкага рамяства ў Гродзенскай вобласці ажыццяўляюцца сёння на вельмі высокім узроўні і патрабуюць абагульнення і развіцця на рэспубліканскім і міжнародным узроўні.

Дзяўчынка.jpg

Алена Каліноўская, вядучы спецыяліст аддзела інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых ІПКіПК УА «БДУКМ»


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.