Ігрышча “Ката пячы” спраўлялі ад Піліпаўкі да Вялікага посту

Ігрышча (абрадавая гульня) “Ката пячы” ў аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці захавалася ў жывой традыцыі дзякуючы роду Рэдзько з вёскі Грынкевічы, адкуль была родам стваральніца самадзейнага калектыву “Сваякі” Соф’я Адольфаўна Рэдзько. Пераехаўшы ў Скірмантава, яна не толькі працягвала музычныя традыцыі свайго роду, але і збірала штогод 27 лістапада ў сваёй хаце, кажучы сучаснай мовай, на карпаратыўную вечарынку ўдзельнікаў калектыву “Сваякі”, а таксама “Весялухі”, які стварыла яе нявестка, Наталля Пятроўна Рэдзько — дырэктар мясцовага Дома культуры.

201801127_Ката_пячы-1_фота_Мікус.А.jpg

І гэта была не проста вечарынка, а традыцыйная абрадавая гульня “Ката пячы”, якая здаўна існавала ў яе роднай вёсцы Грынкевічы і навакольных вёсках Якуты, Скарабагатаўшчына і іншых. Гулялі ў “Ката” менавіта ў хаце яе бацькоў, бо сям’я была музычная. Так што Соф’я Адольфаўна памятала яе з дзяцінства. Яна была выдатнай спявачкай, танцоркай, завадатаркай гульняў і забаў, захавальніцай мясцовых традыцый, іграла на баяне, балалайцы.

Некаторыя СМІ адзначаюць, што традыцыя ігрышча “Ката пячы” ў Скірманатава была адроджана. Гэта не так. У сям’і Рэдзько яна не знікала, а ўзнаўлялася штогод. І нават калі Соф’і Адольфаўны не стала ў 2009 годзе, у яе хаце працягвалі гуляць у “Ката”. А паколькі ў абодвух калектывах ёсць дзве яе нявесткі — Наталля і Марыя, унукі Андрэй і Станіслаў, пляменнік Валяр’ян Антонавіч Кулікоўскі, усе ўдзельнікі таленавітыя, творчыя, цэняць гумар і ўмеюць яго праявіць, то пагулянка ў іх атрымліваецца вясёлая і прыгожая, як гэта і было заўсёды. Мясцовыя традыцыйныя танцы і гульні, песні, інструментальныя найгрышы, жартачкі і анекдоты — усё гэта частка іх душы. І гэта тое, што іх аб’ядноўвае творча і ў штодзённым жыцці. Трэба адзначыць, што ўсе жанчыны — выдатныя гаспадыні, яны арганізуюць на вышэйшым узроўні традыцыйнае багатае застолле ўскладчыну. А мужчыны — іх актыўныя памочнікі, асабліва музыканты, якія ствараюць прыўзняты святочны настрой і выдатна акампануюць і танцы, і песні. Гуляць дык гуляць!

Збіраюцца ўсе пасля працоўнага дня, таму спачатку сядаюць за стол і частуюцца скаромнымі прысмакамі, спяваюць, расказваюць анекдоты, жартуюць. Што мяне асабліва ўразіла ў гэты раз, дык гэта тое, што калектывы папоўніліся моладдзю, у асноўным старэйшага школьнага ўзросту. І ўсяго толькі за год настаўніца Вольга Віктараўна Зайцава змагла навучыць іх традыцыйным мясцовым танцам і гульням, якія яны таленавіта і з маладым запалам выконваюць. Адразу бачна, што ім гэта падабаецца.

201801127_Ката_пячы-5_фота_Мікус.А.jpg

А тут яшчэ такая вялікая цікавасць СМІ ў 2018 годзе: тэлеканалы Беларусь 1 і СТВ здымалі гульню адначасова, да іх далучыліся фатографы газеты “СБ. Беларусь сегодня” — Аляксандр Кушнер і “Спутніка” — Альфрэд Мікус, для Дзяржынскага раёна фотарэпартаж зрабіла Наталля Трацэўская, змясціў артыкул і фотарэпартаж навасны сайт МЛЫН.BY. А ў студзені 2019 года адбудзецца вяртанне ўдзельнікаў гульні ў хату Соф’і Адольфаўны Рэдзько, дзе гісторыю захавання традыцыі адлюструюць беларускія кінадакументалісты. На шчасце, рамонт у яе хаце, якую яна завяшчала ўнуку, яшчэ не зроблены. Перанос гульні ў будынак дома культуры, дзе створаны мемарыяльны пакой у гонар Соф’і Адольфаўны і дзе зараз адбываецца ігрышча “Ката пячы” — патрабаванне часу: колькасць удзельнікаў папоўнілася моладдзю, і месца ў сельскай хаце стала малавата

Ігрышча, падобнае скірамантаўскаму, некалі шырока бытавала на Міншчыне і спраўлялася ў вольны ад працы на зямлі час — ад Піліпаўкі да Вялікага посту. Гэты час у сельскай абшчыне быў прысвечаны падбору новых шлюбных пар, пасля чаго адбываліся вяселлі. Важнейшая задача для працягу роду, клопат пра тое, каб ніхто не застаўся без пары і быў шчаслівы ў асабістым жыцці. З такой жа мэтай на Паазер’і (Віцебская вобласць) жанілі Цярэшку. Гэта таксама было ігрышча з застоллем у складчыну, з песнямі, гульнямі і скокамі, але ў выглядзе жартоўнага вяселля з элементамі каляднай карнавалізацыі.

201801127_Ката_пячы-2_фота_Мікус.А.jpg

Перакусіўшы і паспяваўшы трошачкі за сталом, удзельнікі гульні ў Скірмантаве пачынаюць танцы. Кіраўнік у музыкаў, Сяргей Чупін, хоць і мае спецыяльную адукацыю, але вучыўся іграць па слыху, таму выдатна імправізуе. Разам яны выяўляюць праз музыку свой гумар і эмоцыі падчас гэтай пагулянкі. Танцаў тут ведаюць шмат: традыцыйныя, але з мясцовымі асаблівасцямі вальс і полька, падыспан, кракавяк, нарэчанька, страданія, а таксама такія рэдкія, як “Дзяркач”, “стукалка-грукалка” на 4 калены, “калода”, “каробачка” з “лысым” … Гульні пабуджаюць да пацалункаў, выяўлення пачуццяў у мастацкай форме, выяўлення лоўкасці, спрыту, фантазіі. Седзячы за сталом, прыкладна, гуляюць так: драўляную лыжку перадаюць па кругу пад музыку, а калі яна раптоўна змаўкае, той, у каго ў руках яна апынулася, павінен расказаць анекдот, праспяваць, загадаць загадку або выканаць нейкае дзеянне за сталом.

            Праўда, большую частку гульняў стараюцца прыберагчы для кульмінацыйнага моманту ігрышча, калі гаспадары — Наталля Рэдзько і Сяргей Янкоўскі — выносяць Ката, і да яго па чарзе пад’язджаюць на вілках удзельнікі, каб адкусіць хвост са свойскай каўбасы. Дарэчы, Сяргей Уладзіміравіч па-майстэрску складае Ката з асобна спечаных з цеста яго частак — тулава, лап, галавы, да якой прымацоўваюць вушкі з сала, вочкі з сушаных чарніц, вусікі з драўляных, тонка заструганых палачак — шпажак. З дапамогай шпажак змацоўваюць і часткі цела Ката.

            Вілкі, якімі выцягваюць чыгуны з печы, служаць шостам, з дапамогай якога пад’язджаюць да Ката, падвешанага да столі насупраць Чырвонага Кута, і падскокваюць, каб адкусіць хвост-каўбасу. Пры гэтым нельга смяяцца, хоць усе стараюцца рассмяшыць гульца. Едучы да Ката, ён павінен казаць такія словы: “Ад парога да кута еду па лысага Ката. Цап за Ката!”. Ды падскоквае, каб адкусіць каціны хвост. Каму гэта не ўдаецца, павінен выконваць тое, што загадае грамада або гаспадары. Гэта такія каманды, як “пахадзіць пеўнем каля курыцы”, “буслом на балоце”, “напаіць жураўля”, “сарваць вішаньку”, пракрычаць “Мама, рыхтуй падушкі, замуж хачу!” і іншыя. А яшчэ гуляюць у “Падушачку”, “Ляшча”, “Цыбульку”, “Раменьчык”. Паміж танцамі могуць загадаць праспяваць прыпеўкі. Часам уперамешку са звычайнымі спяваюць саромныя, што на гэтым ігрышчы дазваляецца. Асабліва здатная на іх Алена Адольфаўна Рудая, якая і сама ўмее іх сачыняць, і ведае незлічоную колькасць.

201801127_Ката_пячы-3_фота_Мікус.А.jpg

І вось нарэшце нехта самы лоўкі падскочыў і адкусіў хвост. Тут ужо ўступае ў сваю ролю Свашка, якая надзяляе ўсіх удзельнікаў (з пажаданнямі, якія гаворацца ў рыфму) часткамі Ката і яго хваста. Кожны атрымлівае сваю Долю. Доля падчас гэтага ігрышча — не проста частка пірага з каўбасой. Гэтая дзяльба пабуджае падумаць, што ў кожнага ў жыцці свой лёс, які ў значнай ступені залежыць ад выбару пары, з якой будзеш дзяліць радасць і гора, штодзённую працу і вясёлы святочны адпачынак, сямейныя клопаты і абавязкі.

Абрадавае ігрышча “Ката пячы” яшчэ памятаюць у Бярэзінскім, Вілейскім, Лагойскім раёнах Мінскай вобласці, у суседнім з Міншчынай аграгарадку Бакшты Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Але каштоўнасць традыцыі, якая захавалася ў Скірмантаве, гэта яе жывая форма, глыбокі архаічны змест, форма абрадавага печыва і мноства мясцовых танцаў, гульняў, песень, якія выяўляюць яе эратычны змест у прыгожай мастацкай форме, далікатна і з гумарам. А яшчэ ўпершыню ўдалося ўстанавіць часавыя рамкі, калі спраўлялі гэтае ігрышча — загавіны перад Піліпаўкай, Піліпаўка, Каляды, Провады Каляд, Мясаед, Масленіца, загавіны перад Вялікім Постам.        

Матэрыялы для маніторынгу жыццядзейнасці нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Ігрышча “Ката пячы” у 2018 г. падрыхтавала  

Рэгіна Гамзовіч,

грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў

Фота Альфрэда Мікуса

са старонкі https://www.facebook.com/AlfredMikus/media_set?set=a.1927632977320407&type=3


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.