Народная праграма "Славянскага базару" разгорнецца на вуліцах Віцебска

Народная праграма "Славянскага базару" разгорнецца на вуліцах Віцебска

Падчас XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» на вуліцах горада будзе багата прадстаўлена беларуская народная культура, нематэрыяльная культурная спадчына Віцебшчыны. Жыхары Віцебска і госці горада змогуць пабачыць яскравыя святы і конкурсы традыцыйных рамёстваў і народных выканальніцкіх мастацтваў.

На кірмашы рамёстваў "Горад майстроў", які будзе дзейнічаць 10-15 ліпеня на вуліцах Пушкіна і Талстога, будуць прадстаўлены ўсе віды народнай творчасці Дамоў (Цэнтраў) рамёстваў Віцебскай вобласці, клубаў майстроў народных мастацкіх рамёстваў, членаў Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, майстроў з іншых абласцей Беларусі, а таксама з Расіі (Волагда, Кабардзіна-Балкарыя, Кастрама, Курск, Смаленск), Украіны (Палтава, Нежын, Кіеў, Чарнігаў, Івана-Франкоўск, Львоў), Літвы і іншых краін.

У рамках конкурснага праекта "Беларуская гасціннасць" адбудзецца прэзентацыя беларускай нацыянальнай і рэгіянальнай кухні, брэндавых мерапрыемстваў рэгіёну, нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Віцебшчыны. Кожны раён прапануе выставу-прэзентацыю традыцыйнай культуры свайго рэгіёна: звычаяў, абрадаў, легенд, рамёстваў, хлеба, страў нацыянальнай кухні, мясцовых традыцыйных напояў, крынічнай вады, элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія прэтэндуюць або ўнесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Урачыстае адкрыццё 11 ліпеня ў 11.00 на пл. Свабоды. Кожны дзень прапануецца розная тэматыка прэзентацый, падворкі будуць дзейнічаць з 7 да 20 гадзін:

11 ліпеня – "Віцебшчына калядная" (Верхнядзвінскі, Міёрскі, Шаркаўшчынскі раёны і г. Наваполацк);

12 ліпеня – "Карагод майстроў" (Бешанковіцкі, Лепельскі, Сенненскі, Шумілінскі раёны);

13 ліпеня – "Віцебшчына фестывальная" (Браслаўскі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лёзненскі раёны);

14 ліпеня – народнае свята-конкурс "Няма смачней вадзіцы, чым з роднай крыніцы" (Гарадоцкі, Аршанскі, Полацкі, Талачынскі раёны).

15 ліпеня – "Вандроўкі па роднаму краю" (Расонскі, Ушацкі, Чашніцкі раёны).

Адкрытае абласное свята-конкурс майстроў выцінанкі "Ажурныя мары-2019", прысвечанае Году малой радзімы, адбудзецца 11 ліпеня. Удзел у конкурсе возьмуць 28 майстроў выцінанкі з Віцебскай вобласці, рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, а таксама з Літвы. Адкрыццё конкурсу адбудзеца на пл. Свабоды у 10.00, падвядзенне вынікаў у 17.30. Працуюць майстры на вул. Пушкіна (10:00-17:30)

Салавейка+.JPG

V адкрыты абласны конкурс майстроў народных мастацкіх рамёстваў па традыцыйнай свістульцы "Салавейка-2019" пройдзе 12-13 ліпеня. Удзельнічаюць майстры з Віцебскай вобласці, рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і блізкага замежжа. Урачыстае адкрыццё конкурсу адбудзеца на пл. Свабоды 12 ліпеня ў 13.00, падвядзенне вынікаў 3 ліпеня ў 16:00. Працуюць майстры на вул. Пушкіна 12 ліпеня з 9:00 да 18:00, загрузка сухіх работ у печ і абпал на тэрыторыі культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо г. Віцебска» «Дзвіна» 13 ліпеня ў 10.00.

Турнір нацыянальных танцаў з удзелам танцавальных пар з рэгіёнаў Віцебскай вобласці і ўсёй Беларусі адбудзецца 13 ліпеня на плошчы Свабоды з 12 да 16 гадзін. Танцавальныя спаборніцтвы пройдуць у трох узроставых групах па асобных праграмах:

ад 16 да 30 год: ”Каханачка“, ”Лысы“, ”Ночка“, ”На рэчаньку“, ”Аляксандра“, ”Абэрак“, ”Каробачка“, ”Лявоніха“;

ад 30 да 50 год: ”Ва саду лі“, ”Карапет“, ”Месяц“, ”Кракавяк“, ”Матлёт“, ”Полька-бабачка“, ”Кацярынка“;

ад 50 і далей: ”Ночка“, ”Барыня“, ”Зялёная рошча“, ”Вальс“, ”Субота“, ”Кракавяк“, ”Какетка“. 

Фотарэпартажы з турніру:
На адкрыты VI турнір нацыянальных танцаў прыехалі ў Віцебск амаль 80 танцавальных пар (СБ, 2019)
Бітва карагодаў і танцоры 70+. Турнір народныхпобытавых танцаў адбыўся у Віцебску (Віцебскія весці, 2018)

Абласны конкурс народнай музыкі і прыпеўкі ”А музыкі граюць, граюць...“ запрашае гледачоў 14 ліпеня з 11:00 да 14:00 на пл. Свабоды. Конкурс праводзіцца з мэтай зберажэння традыцыйнай музычнай культуры, увасобленай у творчасці музыкаў і вакалістаў, развіцця старажытных і сучасных форм выканаўчага майстэрства на народных інструментах; раскрыцця і падтрымцы маладых і перспектыўных музыкаў; папулярызацыі традыцыйнай беларускай прыпеўкі; зберажэння нацыянальнай самабытнасці праз гумарыстычна-песенны жанр; зберажэння і распаўсюджвання народных мелодый і найгрышаў прыпевак свайго рэгіёна.

IV свята-конкурс майстроў народных мастацкіх рамёстваў па саломапляценні "Папараць-кветка" пройдзе 13-14 ліпеня. Прымаюць удзел майстры па саломапляценні з рэгіёнаў Віцебскай вобласці і Рэспублікі Беларусь, а таксама блізкага замежжа. Урачыстае адкрыццё конкурсу адбудзеца на пл. Свабоды 13 ліпеня ў 11.30, падвядзенне вынікаў 14 ліпеня ў 16:00. Працуюць майстры на вул. Пушкіна 13 ліпеня з 9:00 да 18:00, 14 ліпеня з 9:00 да 16:00

Саломапляценне+.JPG

З 11 ліпеня па 1 жніўня ў выставачнай зале ДУ "Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці" арганізавана выстава саламяных павукоў. Саламяныя «павукі» уражваюць  спалучэннем геаметрычна строгіх вытанчаных форм і, у той жа час, арыгінальнасцю і разнапланавасцю ўрыгожванняў. Менавіта саламяныя «павукі» з'яўляюцца адным з самых старажытных і загадкавых вырабаў з саломкі. Дадзеная выстава арганізавана як адна з намінацый свята-конкурсу саломапляцення "Папараць-кветка".

Інфармацыя паводле старонкі ДУ "Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці"


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.