Cтатус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымалі беларускія мастацкія практыкі саломапляцення

Cтатус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымалі беларускія мастацкія практыкі саломапляцення

Рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу НКС «Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення» прынята 12 лютага 2020 г. на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ў Міністэрстве культуры.

Упершыню была падрыхтавана і разгледжана прапанова аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь адметнай праявы НКС, якая аб’яднала ўсе рэгіёны краіны, што захоўваюць і развіваюць адметнае мастацкае рамяство саломапляцення.

Матэрыялы аб практыках саломапляцення ва ўсіх абласцях Беларусі і г. Мінску былі сабраны, прааналізаваны і аформлены адпаведна заканадаўству аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны супрацоўнікамі аддзела інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ. Картаграфічнае адлюстраване сучаснага арэала бытавання нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці падрыхтаваў вядучы мастак-дызайнер А. А. Батура, матэрыялы фотафіксацыі, якія ўключалі больш 300 фотаздымкаў, аформіла адміністратар баз даных А. В. Гумінская. Інвентарная форма нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, запоўненая вядучым спецыялістам А. Т. Каліноўскай, уключала звесткі пра 200 носьбітаў нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, разнастайныя формы пераемнасці майстэрства саломапляцення, мерапрыемствы па захаванню і папулярызацыі культурнай каштоўнасці, рэгіянальныя адметнасці ў рабоце творчых аб’яднанняў майстроў народнай творчасці.

Карта.JPG

Усе гэтыя звесткі, якія характарызуюць сучасны стан, актуальнасць і запатрабаванасць саломапляцення ў сферы культуры і адукацыі, высокі мастацкі ўзровень рамяства лягуць у аснову намінацыі ў спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, падрыхтоўка якой распачата Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Навуковая апрацоўка, мастацкая ацэнка і абгрунтаванне неабходнасці надання беларускім мастацкім практыкам саломапляцення статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці былі зроблены доктарам мастацтвазнаўства, дацэнтам  кафедры этналогіі і фальклору В. А. Лабачэўскай. У экспертным заключэнні і выступленні на пасяджэнні навукова-метадычнай рады яна адзначыла: «Мастацкія практыкі саломапляцення ў Беларусі – гэта гістарычна і ментальна ўкаранёны ў жыцці беларусаў комплекс ведаў, тэхналогіі мастацкіх прыёмаў апрацоўкі саломкі збожжавых раслін, уяўленняў аб духоўнай каштоўнасці і сімволіцы матэрыялу і вырабаў з яго, абрадавых практык іх ужывання, які атрымаў у сучаснасці значнае мастацкае развіццё. Не будзе перабольшаннем сказаць, што толькі ў Беларусі гэты від рамяства здабыў новае жыццё, узбагаціў традыцыйны арсенал рамесна-мастацкіх прыёмаў новымі знаходкамі, стаў масавым відам сучаснай мастацкай творчасці. Саломапляценне ў Беларусі з’яўляецца важным гісторыка-культурным і этнавызначальным кампанентам, мае агульнацыянальную значнасць, устойлівы характар пераемнасці і развіцця, уяўляе сабой жывую традыцыю і з’яўляецца адной з найбольш яскравых праяў нацыянальнага мастацтва Беларусі»

Майстры_МК.jpg

        Прапанову Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці горача падтрымалі майстры саломапляцення з усёй Беларусі. На пасяджэнні навукова-метадычнай рады ў Мінстэрстве культуры сваю творчасць прадставілі майстры з Салігорскага, Докшыцкага, Жабінкаўскага, Маларыцкага раёнаў і г Мінска. Ад імя навукоўцаў майстроў народнай творчасці прадстаўляў доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Я. М. Сахута.

        Прынялі ўдзел у пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Г. Ф. Шаура і кандыдат культуралогіі, дацэнт, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. В. В. Калацэй.

      Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Н. Д. Хвір на пасяджэнні навукова-метадычнай рады выказала падзяку супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія якасна і эфектыўна правялі работу па падрыхоўцы матэрыялаў для надання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу НКС «Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення»

       На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 12 лютага 2020 г. былі прыняты рашэнні аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці чатыром элементам НКС, сярод якіх «Традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны», «Традыцыі выпякання грачанага хлеба ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці і «Тэхналогіі і традыцыі выпякання хатняга хлеба ў Любанскім раёне Мінскай вобласці».

Алена Каліноўская,  
вядучы спецыяліст ІПКіПК БДУКМ

Фота Р. Раманені, А. Гумінскай


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.