Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы "Масляны баран"

Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы "Масляны баран"

16 студзеня 2013 г. ў Міністэрстве культуры РБ адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іншага на разгляд Рады было вынесена пытанне пра наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці тэхналогіі прыгатавання традыцыйнай стравы "Масляны баран", якая распаўсюджана ў вёсцы Мацюкова Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Гэта тэхналогія прыгатавання хатняга масла і яго эстэтычнага афармлення ў выглядзе “барана” па традыцыйнай рэцэптуры, характэрнай для кухні мясцовай вясковай супольнасці.

 “Масляны баран” – святочная страва, гатуецца на розныя мерапрыемствы і ўрачыстасці нават для прыезджых гасцей.

Прыгатаванне стравы пачынаецца са збору смятаны. Затым у спецыяльнай драўлянай бойцы збіваецца масла. Калі масла збілася, зліваецца маслёнка, масла прамываецца ў некалькіх водах, абавязкова соліцца. За тым масла сціскаюць у камок прадаўгаватай формы і з яго выразаюць фігуру барана. Пры дапамозе марлі ці бінту робіцца авечая поўсць (воўна), якая ножыкам лёгка прыціскаецца да выразанай фігуры. З воску лепяць рожкі, з гарошакy перцу робяць вочкі. Апошнім штрыхом з’яўляецца ўпрыгожванне “маслянага барана” рознай зелянінай (рутай, шпарагусам, пятрушкай).

 Тэхналогія прыгатавання “Маслянага барана” перадаецца з пакалення ў пакаленне ў сям’і Струй, члены якой транслююць веды ў форме вуснага тлумачэння і практычнага паказу ўсім жадаючым вяскоўцам. “Масляны баран” з’яўляецца адметнай праявай лакальнай культуры харчавання в. Мацюкова і ўспрымаецца супольнасцю як каштоўнасць.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.