Мінскія ткачыхі раскрываюць таямніцы падвойнага ткацтва

Мінскія ткачыхі раскрываюць таямніцы падвойнага ткацтва Ці любіце вы ткацтва так, як любім яго мы? Тое самае, на старых кроснах, традыцыйнае і спрадвечнае… Некалькі год у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі працуе гурток “Беларускае народнае ткацтва”, дзе збіраюцца як раз такія аматары. Мы запраўляем прабабуліны кросны і пераймаем старадаўнія тэхнікі “ўкідання”, ”затыкання” і ”перабораў”. 
А яшчэ, мы марым аб’ехаць хоць частку нашай краіны, каб пазнаёміцца з пакуль яшчэ жывымі майстрыхамі. Сабраўшыся чарговы раз, мы старанна памаракавалі ды вырашылі з’ездзіць у вёску Гудзевічы, што ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці. Тут пры Дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі з канца 80-х гг. ХХ ст. існуе ткацкая майстэрня. Распачынала яе Вера Ігнатаўна Белакоз, якая, апроч традыцыйных для рэгіёна ткацкіх тэхнік, засвоіла тэхніку ткацтва падвойных дываноў. Гэта малараспаўсюджаная вузкарэгіянальная тэхніка (толькі памежныя раёны Гродзеншчыны ды Берасцейшчыны ведаюць яе) з дагэтуль не вызначанай “датай нараджэння” (ХІІ ст. ці ХІХст.) надзвычай нас прываблівала. І вось нарэшце… 
Усе перамовы скончаны, ўсе планы складзены! Мы едзем на трохдзённую летнюю школу "Майстэрня падвойнага ткацтва". Вучыць нас будуць Вера Ігнатаўна, яе дачка Марына Аляксандраўна Камінская, а таксама ўсе супрацоўнікі музея, уключаючы дырэктара Басінскую Кацярыну Вітальеўну. Вялікія і доўгія тры дні гэта вам не пару гадзін майстар-класа! Можна паспрабаваць усё – наснаваць двухколерную аснову, заправіць кросны ў восем рук і, нават, у столькі ж рук нарабіць памылак. Нарэшце – сесці ткаць такія незразумелыя дзве асновы, якія хоць і раскрываюцца пры націсканні на панажы, але таямніцу сваю раскрыюць не адразу. А спрактыкаваныя рукі Веры Ігнатаўны трымаюць вялікую доўгую бральніцу (мо пад 2 метры, бо тчэ майстрыха адразу цэльныя несшываныя дываны – бяры ды ложак засцілай) і звыкла перабіраюць узор – хаваюцца ў аснове, выбіраючы патрэбныя і адкідаючы лішнія ніткі. Толькі не забывайся падлічваць, колькі іх трэба на ўзор: “Тры ніткі наверх, пяць уніз, тады зноў адна…” і так, пакуль не скончыцца радок. А там ізноў, толькі наадварот, і не забыцца памяняць колер нітак (асноваў жа дзве). Адначасова і простае і складанае падвойнае ткацтва паціху адкрывае нам свае сакрэты. Ды не ўсе адразу! Мы так і не зразумелі, як пазбавіцца “зубоў” пры выбіранні дыяганальных ліній, каб было, як на старых дыванах з экспазіцыйнай калекцыі музея. 
Добра, што Кацярына Вітальеўна запрасіла зноў прыехаць на наступны год! 
А новыя заняткі гуртка “Беларускае народнае ткацтва” у Мінску пачнуцца з верасня 2016 года. 

Наталля Дзейка

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.