“Нематэрыяльная культурная спадчына як фактар устойлівага развіцця тэрыторый” – навукова-метадычны семінар 3 лістапада 2016 г.

 “Нематэрыяльная культурная спадчына   як фактар устойлівага развіцця тэрыторый” – навукова-метадычны семінар  3 лістапада  2016 г. Запрашаем прыняць удзел у навукова-метадычным семінары “Нематэрыяльная культурная спадчына як фактар устойлівага развіцця тэрыторый”, які адбудзецца  3 лістапада 2016 г. з 11.00 па 16.30 у Дзяржаўнай ўстанове адукацыі “Інстытут культуры Беларусі” (г. Мінск, вул. Каліноўскага, 12)

Мэта семінару:  павышэнне ролі нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей – НКС) як фактара ўстойлівага развіцця тэрыторый, знаёмства з методыкай распрацоўкі і рэалізацыі плана мерапрыемстваў па захаванню НКС.
Задачы:  
•    аналіз вопыту захавання элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культунай спадчыны Беларусі ў кантэксце патрабаванняў Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2003 г.) і лепшых міжнародных практык;
•    абмеркаванне этычных прынцыпаў захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны і мажлівасці распрацоўкі беларускага кодэкса этыкі ў адносінах  да НКС;
•    знаёмства з методыкай распрацоўкі  і   практычнага прымянення планаў па захаванню элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны  ў кантэксце ўстойлівага развіцця тэрыторый.

У новай павестцы  ААН у галіне ўстойлівага развіцця да 2030 г. культура ўпершыню разглядаецца ў якасці фактару дасягнення мэтаў устойлівага развіцця, якія тычацца адукацыі, развіцця тэрыторый, харчовай бяспекі, экалогіі, эканамічнага росту, устойлівых мадэляў спажывання і вытворчасці, а таксама пабудовы мірных і інклюзіўных таварыстваў. Нематэрыяльная культурная спадчына як неад'емная частка культуры аказвае значны ўплыў на працэсы сацыяльнага развіцця, паколькі па вызначэнні з'яўляецца інструментам аб'яднання супольнасцяў, груп і асобных асоб вакол іх спадчыны, пастаянна абнаўляецца, перадаецца з пакалення ў пакаленне і фармуе ў сваіх носьбітаў пачуццё самабытнасці і пераемнасці.

Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятая ЮНЕСКА ў 2003 г. і ратыфікаваная 151 краінай свету, зарыентавана ў першую чаргу на непасрэдных удзельнікаў працэсу захавання НКС – на яго стваральнікаў і носьбітаў: супольнасці, групы, канкрэтных людзей. У гэтым заключаецца краевугольны камень дадзенага руху, яго асноўны матывіруючы фактар. У адпаведнасці з Канвенцыяй, захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны – гэта, у першую чаргу: забеспячэнне яе жыццядзейнасці. Развіццё, змяненне, абнаўленне, пры захаванні кантэксту, сэнсавай тканіны культурнай з'явы, з'яўляецца асноўным для НКС. Такім чынам, забеспячэнне жыццядзейнасці элемента НКС уключае ў сябе сістэму мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне і падтрымку інстытута пераемнасці. Гаворка ідзе пра распрацоўку спецыяльнай палітыкі, якая ўвасабляе розныя сцэнары ўстойлівага развіцця месцаў пражывання супольнасцяў, што валодаюць НКС, у тым ліку, стымуляванне мясцовай эканомікі праз інвестыцыйныя праграмы, развіццё турызму, перш за ўсё, агратурызму, крэатыўных індустрый, заснаваных на патэнцыяле спадчыны, рамёстваў, мастацтва; навучанне прадстаўнікоў супольнасцяў маркетынгавым тэхналогіям, спосабам прасоўвання культурных прадуктаў; абарона аўтарскіх правоў стваральнікаў НКС, сертыфікацыя прадукцыі, а таксама – захаванне традыцыйнага культурнага ландшафту і падтрымка носьбітаў, уключаючы стварэнне прэміяльнага фонду і падатковыя прэферэнцыі. Усе гэтыя меры, у канчатковым рахунку, павінны спрыяць стабільнаму развіццю супольнасцяў і гарманізацыі асяроддзя для далейшага існавання і развіцця НКС.

На сённяшні дзень у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 111 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Адсюль асаблівую  актуальнасць набывае дзейнасць па выпрацоўцы і ажыццяўленню комплексу мер на дзяржаўным і рэгіянальным узроўнях па забеспячэнню жыццядзейнасці элементаў НКС.

На семінары адбудзецца азнаямленне з этычнымі прынцыпамі аховы НКС, якія прыняты на 10-ай сесіі Міжурадавага Камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА (2015 г.) у якасці кіруючых  для выкарыстання ў дзейнасці спецыялістаў і арганізацый, што прама ці ўскосна ўплываюць на НКС з мэтай забяспячэння яе жыццяздольнасці  і  ўнёску ва ўстойлівае развіццё тэрыторый,  асваенне методыкі распрацоўкі і рэалізацыі планаў мерапрыемстваў па захаванню НКС, яе практычным прымяненнем у адпаведнасці з патрабаваннямі ЮНЕСКА. Таксама ў праграму семінара ўключана прадстаўленне  лепшых сусветных практык па захаванню НКС, унесеных у Рэестр перадавых практык ЮНЕСКА; адбудзецца  абмеркаванне беларускіх праграм, праектаў і мерапрыемстваў, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць прынцыпы і мэты Канвенцыі (2003 г.)

Да ўдзелу у семінары запрашаюцца спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны з аблвыканкамаў і райвыканкамаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца элементы НКС, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, спецыялісты ўстаноў культуры і ўсе, зацікаўленыя пытаннямі аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Арганізатар семінару – аддзел навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі.
Мадэратар – Сташкевіч А.Б., начальнік аддзела навукова-метадычнага забесяпчэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
Эксперты па пытаннях аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:
Валодзіна Т. В., загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў,  доктар філалагічных навук.
Кухаронак Т.  І.,  старшы навуковы супрацоўнік аддзела нарадазнаўства,  кандыдат гістарычных навук.
Варфаламеева Т.Б., старшы навуковы супрацоўнік аддзела музычнай культуры і этнамузыкалогіі, кандыдат мастацтвазнаўства, сябра Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

                                Праграма семінару
10.30    Рэгістрацыя
11.00     Адкрыццё семінару
11.10    Захаванне  нематэрыяльнай  культурнай  спадчыны і ўстойлівае развіццё тэрыторый (Сташкевіч А.Б.)
11.25    Да пытання аб этыцы захавання НКС (Валодзіна Т.В.)
11.50    Этычныя прынцыпы захавання НКС, прынятыя ЮНЕСКА (Сташкевіч А.Б.)
12.10    Дыскусія:  распрацоўка беларускага коду этыкі ў дачыненні да НКС
13.00    Перапынак на абед
13.40    Сусветныя практыкі захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны і беларускі кантэкст (Каліноўская А.Т.)
14.10    Круглы стол: беларускія праграмы, праекты і мерапрыемствы, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць прынцыпы і мэты Канвенцыі 2003г.
14.40     Трэнінг: план па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны: методыка, структура, рэалізацыя (мадэратар - Сташкевіч А.Б.)
16.00     Прадвядзенне вынікаў, прыняцце рэкамендацый.    

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.