«Як жанiлi Цярэшку, а мяне аддавалi замуж»

«Як жанiлi Цярэшку, а мяне аддавалi замуж»
Уражаннямі дзеліцца Наталля Агарэлышава, удзельніца гульні "Жаніцьба Цярэшкі", якую зладзілі ў мінскім кафэ "Грай". Тэкст змешчаны з захаваннем стылю і лексікі, абраных аўтарам. 

Скажу шчыра, заўсёды хацела паўдзельнiчаць у гэтай цiкавай абрадавай гульнi. А зацiкавiла мяне "Жанiцьба Цярэшкi" яшчэ падчас навучання на гiстфаку БДУ, калi высветлiлася, што мая суседка па парце, а далей i сяброўка Галiна Жураўлёва з'яўляецца не толькi майстрам выцiнанкi, але i адной з удзельнiц гэтага абраду, iснуючага ў нас на поўначы Беларусi.
Шкада толькi, што мне ўсё не даводзiлася паўдзельнiчаць у "Жанiцьбе Цярэшкi" па Галiнаму запрашэнню, бо яна праводзiлася ў Лепелi якраз на Божае Нараджэнне, 7 студзеня.
А тут - такая цудоўная навiна - "Жанiцьба Цярэшкi" едзе ўпершыню да нас у Мiнск! I ўcё дзякуючы Сяргею Доўгушаву з яго "Спеўным сходам", якi запрасiў да нас сапраўдных носьбiтаў традыцыі з Лепельшчыны.
Напярэдаднi я, канечне, патэлефанавала Галiне, каб даведацца, цi дакладна яна да нас прыедзе.
- Прыеду, прыеду, - адказала яна, - дарэчы, ў мяне там адна з асноўных роляў - я буду Мацi, так што апранай строй i абавязкова прыходзь, буду цябе аддаваць замуж!
Таму вечарам 15 студзеня я апранула  бабуліну кашулю, прывезеную сваякамі з-пад Украіны, матчыну спадніцу, перавязала гэты строй падораным ільняным поясам, аплялася "кошыкам" ды рушыла ў кафэ "Грай", дзе i праводзiлася "Жанiцьба Цярэшкi". 
Спачатку мы з Сержуком развучылi Цярэшкавыя спевы, а потым пачалася сапраўдная гульня, ды яшчэ якая! Нiхто ў баку не застаўся! Прычым актыўна ўдзельнiчалi i дзяўчаты, i хлопцы, i старыя, i маладыя.
Як i было абяцана, перажанiлi амаль усiх, а мяне аддалi замуж самай першай, бо Сяржук з Галiнай былі для нас роднымі Бацькам і Маці.
І хлопца мне знайшлі зусім нягеглага. Што мы там толькі не рабілі! Ад колькасці абрадаў і рытуалаў мозг раптоўна адключыўся і пачалося проста вяселле.
Падыспань, кракавяк, лявоніха, скокі, уцёкі, абдыманкі, цалаванкі - і усё гэта было весела і вельмі арганічна, бо арганізатары ніякага перадыху нам не давалі ўвогуле. І тыя людзі, што не гулялі з намі, вельмі шмат страцілі, бо такога драйву ў мяне не было даўно!
Прайшоўшы праз ўсё гэта, магу сказаць адно - шкада, што гэта ўсё не робіцца на нашых звычайных вяселлях. Іншым разам глядзіш на іх і становіцца шкада - любыя мае, ну хто вам казаў, што гэта нашы сапраўдныя абрады і традыцыі? Ну, калі так хочацца сапраўднай беларускай аўтэнтыкі - спытайце сваіх бабуляў і дзядуляў, як яны ўсё гэтае рабілі! А калі яны ўжо памерлі - пашукайце тых жа носьбітаў традыцый, гэта зараз нескладана. 
Бо "Жанiцьба Цярэшкi" i ёсць наша жывая традыцыя. Таму я лічу, што ніякага сексізму з эратызмам у гэтай гульнi няма, як бы гэтае там не хацелі бачыць. Проста такія падрыхтоўчыя, і дарэчы, з пазіцый сённяшняга часу, гендэрныя гульні ладзіліся, каб падрыхтаваць моладзь да сапраўднага шлюбу, а людзей сталага ўзросту - каб яны ўспомнілі сваю маладосць.
Як гаворыцца: усё нашае жыццё - гульня!
Яшчэ мне ж цiкава, што б сказала мая бабуля, пабачыўшы мяне ў такiм вобразе? Менавiта нешта, накшталт гэтага:
Ну, і што ты надзела етае колішняе? 
Але ж я ўпэўнена, што яна ў вынiку засталася б задаволеная мною, бо ў маладосці на тых жа вячорках гуляла ў нешта падобнае.
 
Цярэшка, каху, каху,
Што ў цябе ў мяху, мяху?
Нiтачкi, iголачкi, 
Дзяўчатам пярсцёначкi.
I хаджу я па гароду
ў дзявоцкiм карагоду,
Арэшкi лускаючы, 
Дзядульку шукаючы.
I хаджу я па гароду
ў хлапечым карагоду,
Арэшкi лускаючы, 
Бабульку шукаючы.



                                                                                                                       Наталля Агарэлышава


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.