Музей цацак у Тарту

Музей цацак у Тарту Тартускі музей цацак быў адкрыты ў 1994 г. Калекцыя музея налічвае каля 6 000 прадметаў, выкананых у розных тэхніках у розныя гістарычныя перыяды.
Музей ставіць перад сабой шырокія мэты, звязаныя не толькі са зборам, захаваннем, даследаваннем і экспанаваннем цацак як артэфактаў культуры, а і рэпрэзентацыю і інтэрпрэтацыю цацкі як кампанента нематэрыяльнай спадчына розных этнасаў, перадусім эстонскага.
У музеі можна пазнаёміцца з рэканструкцыяй інтэр’ера дзіцячага пакоя багатага гаражаніна пачатку XX ст. Цацкі гэтага прыяду збольшага ствараліся ўручную і былі дарагімі, а таму з’яўляліся, хутчэй, прадметамі раскошы. У 1920-30-я гг. у Эстоніі пачалі з’яўляцца цацкі кустарнай вытворчасці, аднак, у час другой Сусветнай вайны яна прыпынілася і была адноўлена па вайне ў выглядзе асобных цэхаў на фабрыках. У часы СССР пластык стаў пераважаць і выцесніў сабой традыцыйныя матэрыялы для стварэння цацак. Ад пачатку 1990-х гг. у Эстоніі сталі масава распаўсюджвацца цацкі заходняй вытворчасці, якія сёння пераважаюць у індустрыі дзяцінства.      
Цацкі з дрэва і воску, бісквітнай і пароскай парцаляны, паперы і пап’е-машэ, настольныя гульні, лялечныя дамкі, плюшавыя мядзведзікі прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі музея. У зборах музейнай установы ёсць велічэзная калекцыя цацак з розных краін свету і кантынентаў.


Таццяна Мармыш
Фота аўтара

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.