Конкурс беларускіх танцаў МЯЦЕЛІЦА запрашае гледачоў і ўдзельнікаў з усёй Беларусі!

Конкурс беларускіх танцаў МЯЦЕЛІЦА запрашае гледачоў і ўдзельнікаў з усёй Беларусі! Конкурс МЯЦЕЛІЦА-2017 адбудзецца 12 сакавіка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іаханэса Рау (пр-т Газеты Праўда, 11). Вялікая канферэнц-зала пераўтворыцца ў прасторную і ўтульную танцавальную пляцоўку, на якой будуць чаргавацца выступленні канкурсантаў і танцы для ўсіх гасцей. 

Для творчых спаборніцтваў кожнай узроставай групы прадугледжаны асобны рэпертуар: 
у юнацкай групе (15 да 20 гадоў) – лявоніха, полька, мікіта, гапак, месяц, ва саду лі, падыспань, грачанікі, ночка (субота*, лысы*); 
у асноўнай групе (ад 21 да 50 гадоў) – лявоніха полька, мікіта, каханачка, вальс, барыня, матлёт, абэрак, субота (ночка*, лысы*); 
у старэйшай групе (ад 51 года) – лявоніха, полька, кракавяк, каробачка, вальс, барыня, падыспань, нарэчанька, лысы (ночка*, субота*). 
* - дадатковы рэпертуар

Конкурс салістаў адбудзецца ў дзвюх намінацыях: «Мікіта» для жанчын і «Жабка» для мужчын ва ўзроставых групах ад 15 да 35 гадоў і ад 36 гадоў. З іншымі ўмовамі можна азнаёміцца ў Палажэнні аб конкурсе

Назва конкурса абрана ў гонар старадаўняга беларускага танца «Мяцеліца», пра які захавалася многа цікавых этнаграфічных апісанняў, але ў відэазапісах зафіксаваць яго амаль не ўдалося. Апісанні этнографаў перадаюць імклівасць, шматфігурнасць, складаны малюнак, майстэрства і захопленнасць удзельнікаў, у якім гармонія нараджаецца з уяўнага хаосу рухаў. Сёння этнахарэографы спрабуюць рэканструяваць танец з дапамогай апісанняў, музыкі, асобных фрагментаў разам з тымі танцавальнымі супольнасцямі, удзельнікі якіх праз асваенне стылю і характару беларускага танца здольны ўзнавіць яго настрой і манеру выканання. Танец адраджаецца і пачынае жыць у сучасным свеце, як і ўся традыцыйная танцавальная культура. Вобраз і сімвал танца «Мяцеліца» адпавядае мэтам конкурсу, сярод якіх захаванне, падтрымка, актуалізацыя і папулярызацыя беларускай народнай танцавальнай культуры, павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства сярод аматараў беларускіх традыцыйных танцаў. 

Цікавасць да традыцыйных народных танцаў сёння існуе ў многіх краінах свету. Мясцовая харэаграфічная спадчына натуральна ўваходзіць ў культурную практыку сучаснага жыцця розных пакаленняў людзей. Па ўсёй Беларусі ўжо некалькі дзесяткаў год дзейнічаюць гурты і суполкі зарыентаваныя на засваенне і ўзнаўленне народных харэаграфічных традыцый, пошук і вывучэнне розных варыянтаў мясцовых побытавых танцаў. Фестывалі і конкурсы адбываюцца па ўсёй краіне. У Мінску конкурс беларускіх танцаў МЯЦЕЛІЦА ўпершыню сабраў удзельнікаў у 2013 годзе пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Конкурс, арганізаваны Школай традыцыйнага мастацтва, працягвае традыцыі фестывальнага руху БЕРАГІНЯ, заснаванага ў 1999 годзе пад кіраўніцтвам М.А.Козенкі, вядучага беларускага этнахарэографа. Творчыя спаборніцтвы на МЯЦЕЛІЦЫ зладжаны для дарослых танцавальных пар, якія свядома выбралі і захавалі сваё захапленне беларускім традыцыйным танцам. Створана пляцоўка для сустрэч, для абмену досведам і поспехамі ў справе адраджэння ўзораў традыцыйнай культуры і іх увасаблення ў сучасным свеце. Не гледзячы на тое, што імпрэза цягнецца ўсяго адзін дзень, фармат конкурса, папулярны менавіты ў сучаснай культуры, дазваляе імгненна ўбачыць спрактыкаванаму воку і адметныя строі ўдзельнікаў, і старанна вылучаныя мясцовыя асаблівасці танцавальнай манеры, і агульны накірунак дзейнасці гурта, і ўпадабанні экспертаў. Арганізатары спадзяюцца, што МЯЦЕЛІЦА прапануе ўдзельнікам і гледачам намнога больш інфармацыі і ўражанняў, чым проста яркае конкурснае відовішча. 

Падчас імпрэзы прадугледжана вялікая пазаконкурсная праграма, у якой можна пабачыць адметныя ўзоры мясцовых танцаў з розных куткоў Беларусі і станцаваць іх разам. Многія танцавальныя гурты сёння вяртаюць да жыцця шматфігурныя кадрылі, гэта танец, які добра адлюстроўвае згуртаванасць і ўзаемаразуменне ў супольнасці. Некалькі цікавых кадрыляў упрыгожаць свята танцу. 

Пад час усяго конкурсу будзе гучаць жывая музыка ў выкананні вядомай мінскай капэлы «НА ТАКУ» пад кіраўніцтвам Аляксея Крукоўскага, ансамбля народнай музыкі Капаткевіцкага ГДК Петрыкаўскага раёна пад кіраўніцтвам Анатолія Грынько і адметнага музыкі з Любанскага раёна Васіля Семашкевіча. 

Арганізатары сёлетняй «Мяцеліцы» – Школа традыцыйнага мастацтва, Грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры», Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» 

Да правядзення конкурсу далучыліся шматлікія партнёры, сярод якіх вытворцы адметных беларускіх тавараў і паслуг, цэнтры крэатыўных ідэй і прадуктаў беларускай сталіцы: Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя І. Рау, беларускі партал TUT.BY, майстэрня Elen Carotte, інтэрнэт-крама SYMBAL.BY, брэнд беларускага адзення HONAR, крама настольных гульняў NASTOLKI.BY, інтэрнэт-крама актуальнага беларускага адзення LSTR Adzieńnie, этнакрама RAGNA.BY, Ніна Шыдлоўская, Andrey Larry, БМАgroup і кампанія «ВІГМА» 

Конкурс заўсёды выклікае вялікую цікавасць ва ўсіх, хто ведае і любіць беларускія танцы, хто хацеў бы пра іх даведацца больш і ўбачыць адметныя узоры традыцыйнай танцавальнай культуры ў віхуры творчага спаборніцтва! 

Пачатак конкурснай дзеі ў 11.00
Фінал конкурсу пачынаецца ў 15.00
Самы працяглы танцавальны перапынак з танцамі для ўсіх з 14.00 да 15.00 
Уваход вольны!

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць на старонках конкурсу ў сацыяльных сетках Вконтакте і Facebook, або на сайце Школы традыцыйнага мастацтва www.trad.by. 

Паводле арганізатараў

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.