Ігрышча «Ката пячы» будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей

Ігрышча «Ката пячы» будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей

Рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ігрышчу «Ката пячы» у аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна прынята на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры 21 чэрвеня 2017 г.

Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключае шэраг цікавых ўзораў спеўнай, музычнай, гульнявой народнай традыцыі і з’яўляецца яркім прыкладам культуры баўлення вольнага часу на аснове мясцовай спадчыны.

Старадаўняе ігрышча «Ката пячы» у Скірмантаве захавалася ў жывой традыцыі і ладзіцца напярэдадні перадкаляднага посту вечарам 27 лістапада. Жанатыя і нежанатыя пары збіраюцца ў адной хаце на вясёлую гулянку ўскладчыну, асноўная падзея якой – абрадавая гульня «Ката пячы». Галоўным дзеяннем гульні з’яўляецца выраб фігуры “ката” са спецыяльна выпечаных булак пэўнай формы, якія адмысловым чынам злучаюцца паміж сабой. Галава “ката” аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы. Вырабленага такім чынам “ката” урачыста выносяць на цэнтр хаты і прывязваюць да столі. Пасля пачынаецца жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку ката здолее адкусіць, дзеля чаго кожны па чарзе “едзе" на вілках да ката і падскоквае, імкнучыся адкусіць яго частку. Пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі і выканаць пэўныя ўмовы (не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі і інш.). Тыя, хто не справіўся, атрымоўваюць розныя жартоўная заданні. Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост, пасля чаго “ката” дзеляць паміж усімі прысутнымі. Усе этапы гульні суправаджаюцца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой. Ежа падкрэслена тлустая і багатая, а ўжо 28 лістапада пачынаецца перадкалядны пост «Піліпаўка» з забаронамі не толькі на скаромнае, але і на гульні ды забавы.

Па сведчанню сталых жыхароў, гульня «Ката пячы», існавала ў многіх вёсках Дзяржынскага раёна яшчэ ў перыяд маладосці іх бацькоў. Соф’я Адольфаўна Рэдзько, 1932 г.н., расказвала, што ў гэту гульню гулялі яе бацькі, уся радня і яна сама ў маладосці. У 1982 г. Соф’я Адольфаўна стварыла гурт “Весялуха”, а ў 1987 г. – сямейны самадзейны калектыў “Сваякі”, якія захоўвалі народныя абрады і традыцыі, у тым ліку – ігрышча “Ката пячы”. Пераемнікамі традыцыі ўнутры сям’і сталі нявестка, пляменнік, унукі Соф’і Адольфаўны. Калі яе не стала, удзельнікі створаных ёю калектываў працягваюць праводзіць ігрышча, перадаюць веды аб мясцовых традыцыях маладым удзельнікам калектываў, дзеляцца імі з ўсімі зацікаўленымі самабытнай народнай творчасцю.

Прадстаўлялі сваю цікавую традыцыю на пасяджэнні навукова-метадычнай рады Рэдзько Наталля Пятроўна – загадчыца аддзела культуры і вольнага часу Скірмантаўскага дома культуры і Янкоўскі Сяргей Уладзіміравіч – мастацкі кіраўнік Скірмантаўскага дома культуры (на фота).

Намінацыйныя матэрыялы былі падрыхтаваны ў Скірмантаўскім доме культуры пры куратарскай падтрымцы Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і кансультатыўнай дапамозе Гамзовіч Р.С., грамадскага эксперта па пытаннях нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Экспертнае заключэнне па элементу НКС зрабілі навукоўцы  Валодзіна Т.В., доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Лозка А.Ю., кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.