Абмеркаванне індыкатараў эфектыўнасці дзейнасці па імплементацыі Канвенцыі 2003 г. Міжурадавай рабочай групай у г. Чэнду (КНР)

Абмеркаванне індыкатараў эфектыўнасці дзейнасці па імплементацыі Канвенцыі 2003 г. Міжурадавай рабочай групай у г. Чэнду (КНР)

Пасяджэнне Міжурадавай рабочай групы адкрытага фармату па распрацоўцы агульнай структуры справаздачнасці па Канвенцыі аб ахове нематэрыяльн ай культурнай спадчыны (Канвенцыі 2003 г.) прайшло ў г. Чэнду (КНР) 11 – 13 чэрвеня 2017 г. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Сакратарыят Канвенцыі 2003 г. супольна з Міністэрствам культуры Кітая, Нацыянальнай камісіяй КНР па справах ЮНЕСКА і Цэнтрам па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны г. Чэнду. У складзе рабочай групы ад Рэспублікі Беларусь працавала эксперт Сташкевіч А. Б. – начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі.

Мэта правядзення пасяджэння Міжурадавай рабочай групы – абмеркаванне і  выпрацоўка індыкатараў эфектыўнасці дзейнасці па імплементацыі Канвенцыі 2003 г.

Прычынай для выканання такой работы стаў аналіз перыядычных справаздач, якія падаюць краіны-ўдзельніцы Канвенцыі 2003 г. кожныя шэсць гадоў пасля яе ратыфікацыі. 

Як было адзначана ў прамове сп. Ціма Курціса, кіраўніка аддзялення па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, Сакратара Канвенцыі 2003 г., толькі 58 % перыядычных справаздач, якія былі прадстаўлены ў Сакратарыят, пачынаючы з 2009 г., былі зацверджаны Міжўрадавым камітэтам па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, што гаворыць не толькі аб складанасці гэтага працэсу, але і аб неабходнасці выпрацоўкі крытэрыяў ацэнкі тых ці іншых дзеянняў па імплементацыі палажэнняў Канвенцыі 2003 г.

Старшынёй пасяджэння Міжурадавай рабочай групы ў г. Чэнду быў абраны спадар Ш. Ванг (Кітай), былы пасол пры ААН ад Кітайскай Народнай Рэспублікі, віцэ-старшынёй – Мафат Майё (Замбія). Акрамя таго, ад шасці  электаральных груп былі абраныя дакладчыкі, якія павінны былі абагульніць заўвагі ўдзельнікаў рабочай групы і падрыхтаваць канчатковы даклад. Беларускі эксперт Сташкевіч А. Б. была абрана дакладчыкам ад электаральнай групы Усходняй Еўропы.

Міжурадавая рабочая група абмеркавала прапановы па выпрацоўцы агульнай структуры перыядычнай справаздачнасці па Канвенцыі 2003 г., а менавіта: агульнага бачання, сістэмы індыкатараў і крытэрыяў па вызначэнню эфектыўнасці мерапрыемстваў па імплементацыі Канвенцыі на нацыянальным і глабальным узроўнях.

Наступнае зацвярджэнне індыкатараў, а таксама механізму падрыхтоўкі і прадстаўлення перыядычнай справаздачнасці адбудзецца на 12-м пасяджэнні Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў снежні 2017 г. ў Рэспубліцы Карэя.

Па выніках сустрэчы ў г. Чэнду былі выпрацаваны рэкамендацыі для Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны і Сакратарыята Канвенцыі 2003 г.

Напярэдадні пасяджэння Міжурадавай рабочай групы ў Нацыянальным парку спадчыны у г. Чэнду адбылося адкрыццё 6-га Міжнароднага фестывалю нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а таксама выстаўкі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Кітая, на якой было размешчана больш 1000 экспазіцый з розных рэгіёнаў Кітая.    

Значнай падзеяй можна лічыць і арганізацыю дзвюх дыскусійных панэляў 10 чэрвеня 2017 г., якія былі прысвечаны этычным прынцыпам аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а таксама праблеме інтэграцыі аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ва ўстойлівае развіццё на нацыянальным і лакальным узроўнях. Эксперт з Беларусі Сташкевіч А. Б. была адным з мадэратараў дыскусіі па этычных прынцыпах. 

Міжурадавая рабочая група па распрацоўцы агульнай структуры  справаздачнасці па Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны збіралася ў адкрытым фармаце, што дало магчымасць актыўнага ўдзелу ў абмеркаванні не толькі прадстаўнікоў краін – членаў Міжурадавага камітэту па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, але і іншых краін, якія выступаюць у якасці назіральнікаў. 

Беларускім экспертам падчас форуму былі праведзены сустрэчы з кіраўніцтвам Цэнтра ЮНЕСКА катэгорыі 2 па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Пекіне, на якой абмяркоўвалася магчымасць сумеснай распрацоўкі і рэалізацыі ў 2018 г. праграмы трэнінгаў для беларускіх прадстаўнікоў НКС (носьбітаў, экспертаў, няўрадавых арганізацый) па праблемах захавання НКС; з Інстытутам дыгіталізацыі культурнай спадчыны (Пекін) – аб арганізацыі выставы і семінара па алічбоўцы культурнай спадчыны ў Беларусі.

З дакументамі, прынятымі Міжурадавай рабочай групай можна пазнаёміцца на афіцыйнай старонцы сайта ЮНЕСКА https://ich.unesco.org/en/12com-wg


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.