Топ-10 лепшых публікацый пра Калядны сезон 2017-2018

Топ-10 лепшых публікацый пра Калядны сезон 2017-2018

25.01.2018

Прапануем дзесятку лепшых, на думку спецыялістаў Нацыянальнага інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны, артыкулаў, прысвечаных жывым калядным традыцыям, якія захоўваюцца і ўзнаўляюцца ў розных месцах Беларусі. Артыкулы ў спісе змешчаны па меры выхаду іх публікацый.

Самага вялікага ў краіне каляднага павука сабралі ў Пружанах! Згодна традыцыі, яго могуць спаліць перад наступнымі Калядамі, – пра ініцыятараў, майстроў і месца, якое будзе ахоўваць гіганцкі саламяны павук, расказваецца ў артыкуле газеты «Рэспубліка» на партале «Беларусь сегодня».

35 калядных песень: ад сучасных да старажытныхЕўрарадыё склала багаты святочны плэй-ліст з калядных песень з мэтай не толькі ўзняць настрой, але і дапамагчы знайсці трапную песню тым, каму захочацца адправіцца калядаваць.

Беларускі народны каляндар на 2018 год, апублікаваны ў газеце «Звязда», штогод рыхтуе вядомы даследчык народнай культуры Алесь Лозка. Народны каляндар ўяўляе сабой сістэму сталых і рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў і  звычаяў, што замацаваны ў фальклоры.

Дударскі клуб: жэняцца ўсе! (відэа) – адзін з некалькіх артыкулаў ў «Новым часе», прысвечаных «Жаніцьбе Цярэшкі», у якім прыхільнікі традыцыйнай культуры дзеляцца меркаваннямі аб тым, наколькі вясковы абрад можа «прыжыцца» на гарадской глебе, а таксама загадзя прапануецца расклад гульняў, што адбудуцца ў Мінску, Віцебску і Лепельскім раёне.

РЕПОРТАЖ: Куда "Цари" идут, туда счастье несут, апублікаваны на сайце БЕЛТА, адлюстроўвае ўражанні ад свята 13 студзеня ў Семежава з самых з розных бакоў. Аўтарка пацікавілася думкамі ўдзельнікаў, гледачоў, арганізатараў, гасцей, і, нават, знайшла на свяце школьнікаў з Мінска, якія рыхтуюць навуковае даследаванне мясцовай традыцыі на англійскай мове.

“Конікі”. Як гарадчукі працягваюць традыцыі продкаў – партал «Медиа-Полесье» штогод публікуе цікавыя рэпартажы з традыцыйнага мясцовага калядавання 13 студзеня ў Давыд-Гарадку, якое пераўтвараецца сёння ў сапраўдны гарадскі карнавал, бадай што, адзіны такі на Беларусі.

Каляда на покуці, а цыганы ў хаце – розныя традыцыі калядавання сярод дарослых і дзяцей ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці вывучала сёлета Алена Ляшкевіч, якая рэгулярна публікуе ў «Новым часе» матэрыялы, прысвечаныя захаванню і пераемнасці нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

II открытый фестиваль детских фольклорных коллективов «Святло каляднай зоркі», – фотарэпартаж «Гомельскай праўды» выдатна перадае атмасферу цудоўнага каляднага фестывалю, які адбыўся ў СШ № 30 г. Гомеля 15 – 17 студзеня.

Дзед і Баба альбо, як прайшоў абрад Шчадрэц ці "козлікі" – кароткае і лаканічнае апісанне адметнай мясцовай традыцыі калядавання 13 студзеня ў вёсцы Восава Салігорскага раёна прапанаваў сайт «Sputnik Беларусь»

Главный новинский бренд — «Тянуть Коляду на дуба», Древний обряд проводов Коляд «Тянуть Коляду на дуб», ФОТОРЕПОРТАЖ: Обряд "Тянуть Коляду на дуба" провели в Минской области – шэраг маляўнічых фотарэпартажаў са свята ў Новінах 21 студзеня выйшаў у завяршэнне Каляднага перыяду. 


Агляд падрыхтавала

Алена Каліноўская


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.