Перанос Свячы ў в. Навінкі Калінкавіцкага раёна на другі дзень Тройцы

Перанос Свячы ў в. Навінкі Калінкавіцкага раёна на другі дзень Тройцы

На другі дзень праваслаўнага свята Тройцы, 28 мая 2018 года, жыхары вёскі Навінкі Калінкавіцкага раёна здзейснілі перанос Свячы.

«Свячой» у гэтай вёсцы называюць аздобленыя кветкамі васковую свечку і абраз святой Тройцы. Хата, дзе стаіць Свяча, з’яўляецца своеасаблівым вясковым храмам, куды можа прыйсці любы чалавек, каб памаліцца, папрасіць дапамогі, падтрымкі ў святынь. Для гаспадароў хаты вялікі грэх забараніць каму-небудзь прыйсці да Свячы.

Цэнтральная дзея рытуальна-абрадавага комплексу «Свяча» – перанос Свячы – традыцыйна штогод адбываецца на другі дзень Тройцы. Большасць удзельнікаў свята – жыхары Навінак, іх сваякі. Адмыслова, каб прыняць удзел у абрадзе, прыехалі паломнікі з суседніх вёсак, з Гомеля і Мінска. Прымаюць святыню па чарзе ўсе вясковыя хаты, такім чынам на працягу некалькіх гадоў Свяча “абыходзіць” вёску.

Рытуальныя дзеі распачаліся святочнай раніцай. Урачысты перанос адбыўся пасля набажэнства з удзелам святара ў хаце, дзе Свяча знаходзілася апошні год. Наперадзе шэсця старэйшыя родзічы-мужчыны неслі пакрыты рушнікамі вясковы пахавальны крыж і хлеб-соль, следам за імі ішлі гаспадары хаты са свечкай. Абраз трымалі 4 незамужнія дзяўчыны з гэтай жа сям’і. Па ўсёй дарозе да ўрачыстага шэсця далучаліся ўсе ахвотныя. Каб атрымаць блаславенне святыні, людзі, асабліва хворыя і нямоглыя, стараліся тройчы прайсці пад свечкай і абразом. Некаторыя абракаліся, просячы ў Бога здароўя і дапамогі, – клалі ў спецыяльную торбачку, пад свечку ці абраз грошы, якія пасля аддаюць у царкву ў суседніх Васілевічах. Адна мясцовая сям’я папрасіла прыняць Свячу па-за чаргой, бо ў іх здарылася бяда – трагічна загінуў сын. Таму ў гэтым годзе прымалі мясцовую святыню не як звычайна, па чарзе – у наступную хату па адным баку вуліцы, а па дамове – у іншы пасёлак вёскі. Хата новых “гаспадароў” святыні знаходзілася далёка, таму даматканыя палотны, якімі высцілалі шлях, трэба было пераносіць наперад, перасцілаць. На сярэдзіне шляху, ля галоўнага вясковага прыдарожнага крыжа, старыя і новыя гаспадары абмяняліся хлебам-соллю, перадалі адзін аднаму рытуальныя атрыбуты – пахавальны крыж, свечку і абраз святой Тройцы.

У новым доме свечку, абраз і крыж паставілі на покуці. Адбыўся яшчэ адзін малебен, пасля якога была асвечана вада ў хаце і на падворку. З гэтага часу на працягу года вада ў калодзежы гаспадароў лічыцца святой, кожны можа прыходзіць і браць яе.

Пасля ўсіх рытуальных дзей адбылося святочнае застолле. Дзеці і моладзь, якія дапамагалі ў пераносе, атрымалі салодкія пачастункі ад “гаспадароў” Свячы.

У раздзеле Фотагалерэя глядзіце фотарэпартаж са свята 

Ірына Глушэц, 

вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.