Віншуем удзельнікаў і пераможцаў абласнога свята «Нясвіжскі фэст»!

Віншуем удзельнікаў і пераможцаў абласнога свята «Нясвіжскі фэст»!

26.06.2018 

Каля 400 прыхільнікаў старажытных народных традыцый з розных рэгіёнаў Міншчыны прынялі ўдзел у абласным свяце народнай творчасці “Нясвіжскі фэст”, якое прайшло 16 чэрвеня. Прапануем артыкул вядучага рэдактара Мінскага абласного цэнтра народнай творчасці  Анжэлікі Кучынскай, прысвечаны конкурсам і фестывалю, якія прайшлі ў рамках фэсту.

 

Пад спеў саломка зіхацела, лаза майстрам скаралася,

Жывая спадчына ў сэрцах трапяткіх

 

Цэлы дзень у Нясвіжы самым прывабным месцам была плошча ля Ратушы. Адсюль разносіліся прыцягальныя гукі музыкі – музыкі-аматары спевамі і выдатным выканальніцтвам на музычных інструментах запрашалі наведаць абласное свята народнай творчасці “Нясвіжскі фэст”. Калі яшчэ давядзецца паслухаць столькі цікавых калектываў і салістаў, паназіраць за працай  майстроў пляцення з лазы і саломкі і набыць самабытныя вырабы на дабрабыт і шчасце? Толькі праз некалькі гадоў!

І сапраўды тут было вельмі людна: каля 400 удзельнікаў мерапрыемства, якое ладзілася ўпершыню, прадэманстравалі свае лепшыя дасягненні адразу ў трох конкурсах: фестывалі народнай музыкі “Грай, гармонік”, свяце-конкурсе майстроў саломапляцення “Саламяныя дзівосы”, а таксама свяце-конкурсе майстроў лозапляцення “Лазовыя карункі”.  

У музычным фестывалі “Грай, гармонік” выступалі 15 ансамбляў народнай музыкі, 13 індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах, дзевяць прыпевачнікаў. За іх выступленнямі сачыла журы пад кіраўніцтвам прафесара кафедры баяна і акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дацэнта Мірона Іванавіча Булы.

Па выніках конкурсных выступаў Гран-пры фестывалю атрымаў гурт беларускай традыцыйнай інструментальнай музыкі “Атава” Ракаўскага ЦНТ, а дыпломам лаўрэата І ступені былі ўзнагароджаны народны ансамбль народнай музыкi “Кiрмаш” Заслаўскага ГДК,  музыкі Кацярына Радзівілава, прадстаўніца Валожынскага раёна, і Надзея Усовіч з Салігорскага раёна.  Творчасць  калектываў народнай музыкі і выканальніцкае майстэрства асобных музыкаў Мінскага, Маладзечанскага, Нясвіжскага, Валожынскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага раёна і г. Жодзіна былі адзначаны дыпломамі  лаўрэата ІІ і ІІІ ступені.

У свяце-конкурсе “Саламяныя дзівосы” і “Лазовыя карункі” ўдзельнічала больш за 100 майстроў салома- і лозапляцення. За стварэннем вырабаў з прыродных матэр’ялаў назірала журы на чале з прафесарам Яўгенам Міхайлавічам Сахутай, старшынёй Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Майстры прывезлі ў Нясвіж хатнія работы, створаныя на працягу двух апошніх гадоў і за тры гадзіны выраблялі свае конкурсныя творы. Падчас гэтага чараўніцтва нехта з гледачоў з цікавасцю сачыў за стварэннем мастацкіх вырабаў, нехта нясмела спрабаваў зрабіць сваімі рукамі простыя рэчы, а іншыя прыцэньваліся да сувеніраў ці проста любаваліся выдатна зробленымі карункамі. Колькі цікавых і патрэбных рэчаў тут было: лазовыя кошыкі, скрынкі і фруктоўніцы, саламяныя павукі і брылі, лапці і ўпрыгажэнні на самы розны густ!

Сумна не было нікому: выстаўка хатніх твораў і конкурс па пляценні з лазы і саломкі адбываліся адначасова з конкурснай праграмай аматарскіх калектываў Міншчыны. Бязмежнае багацце талентаў цэнтральнага рэгіёна не толькі яскрава зіхацела і наталяла прагу да традыцыйнага мастацтва ў Нясвіжы, горадзе з цікавай гісторыяй і шчодрай душой. Прызнаныя майстры яшчэ раз пацвердзілі тут свой высокі прафесійны статус, і немалаважна, што  разам з імі на авансцэну творчасці выйшлі новыя зоркі. Таму добра спрыяла зладжаная арганізацыя мерапрыемства, атмасфера добразычлівасці, а, можа, і добрае надвор’е – нібы яго спецыяльна “заказалі” на фэст! І намінацый арганізатары вызначылі шмат, каб ушанаваць лепшых майстроў сваёй справы і тых, хто толькі пачынае спасцігаць таямніцы майстэрства. Сярод выканаўцаў таксама вылучылі пераможцаў.

Адкрылі  свята народнай творчасці старшыня Нясвіжскага райвыканкама Генадзій Міхайлавіч Салавей і выконваючы абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Аляксандраўна Баранок. Яны пажадалі майстрам творчых поспехаў і новых перамог.

Наталіцца глыбінёй традыцыйнай беларускай культуры, дакрануцца да яе вытокаў жадалі дарослыя і дзеці. Палашчыць саламяных коней Алены Шкор з Крупшчыны раз-пораз падбягалі самыя малыя, а да лебедзя, карпатліва сабранага ёй са шматлікіх дробных элементаў, пільна прыглядалася журы. Прыцягваў увагу нават двухсотгадовы гліняны жбан, які паміж саламяных карункаў вілейскай майстрыхі Тамары Бурко выглядаў сапраўдным каралём, хоць і быў толькі часткай экспазіцыі. Яго зрабіў прадзед Тамары Вітальеўны.

Зацікавілі купальскія і калядныя саламяныя павукі Ірыны і Марыі Валатовіч з Салігорскага раёна, жартоўныя кілбаскі і “бабуліны прысмакі” Вольгі Мешчараковай-Красюк са Станькаўскага дома рамёстваў, разнастайныя вырабы з лазы ўдзельнікаў народнага аматарскага калектыву “Вербачка” з Маладзечанскага Палаца культуры. Сярод іх шмат адметных майстроў, такіх як Лана Сласцён, Святлана Дылеўская, Раіса Лявонава, Віктар Бадытчык і іншыя. Яны ствараюць вырабы не толькі з лазы, але і з кары, лазовай і нават сасновай. Гэта амаль страчаная тэхніка аднаўляецца і атрымлівае прызнанне сярод аматараў рамесных вырабаў. Атрымліваюцца цікавыя рэчы, якія заўсёды спатрэбяцца ў гаспадарцы і сагрэюць душу адмысловай шакаладна-залацістай шурпатасцю.

Шчыра аберагаюць традыцыі продкаў-беларусаў Ірына і Васіль Яскевічы з Любаншчыны. Майстры са званнем “народны” імкнуцца як мага больш рамёстваў захаваць і перадаць нашчадкам. Муж і жонка могуць усё: і лапці сплесці, і абярэжныя паясы саткаць, і посцілкі. Яны з поспехам шчыравалі ў конкурсе “Лазовыя карункі” і разам стваралі выдатныя творы ўтылітарна-дэкаратыўнага характару. Ірына таксама прывезла з сабой гістарычны артэфакт на свята, які абараняе ад нягод і спрыяе перамозе. Гэта лазовыя лапці, сплеценыя калісьці яе дзядуляй. І пераможцамі Яскевічы таксама сталі разам у адной са шматлікіх намінацый дзякуючы прафесіяналізму і спрытнасці рук.

Абласное свята “Нясвіжскі фэст” яшчэ раз паказала, як шчыра шануюць на Міншчыне старажытныя народныя традыцыі, з якой павагай ставяцца да майстроў, улюбёных у спадчыну продкаў – светлую, жывую і неўміручую!

Уладальнікам Гран-пры ў конкурсе “Лазовыя карункі” стаў народны аматарскі калектыў “Вербачка” (г.Маладзечна), у конкурсе “Саламяныя дзівосы” Алена Шкор (Крупскі раён).

Дадаткова: На свяце-конкурсе выступалі народны інструментальны ансамбль “Кросны” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Крупіцкія музыкі” Крупіцкага ЦК імя Уладзіміра Грома Мінскага раёна, вакальны ансамбль “Слуцкія кавалеры” Слуцкага ГДК, поп-фольк гурт “Лялькі-карпарэйшн” з г. Мінск, аматарскія калектывы ўстаноў культуры Нясвіжскага раёна.

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ

вядучы рэдактар ДУ  МАЦНТ


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.