Трынаццатая сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА)

Трынаццатая сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА) прайшла з  26 лістапада  па 1 снежня 2018 г. у Порт-Луі, Рэспубліка Маўрыкій.

У склад Камітэта ўваходзяць прадстаўнікі 24 краін-удзельніц Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2003 г.). На паседжаннях Камітэта таксама прысутнічаюць прадстаўнікі краін, якія ратыфікавалі Канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей НКС), але не ўваходзяць у склад Камітэта.

Нашу краіну  прадстаўляла эксперт Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны А.Б. Сташкевіч.

На працягу шасці дзён прадстаўнікі  178  краін абмеркавалі пытанні па захаванню «жывой спадчыны» ва ўсім свеце, сярод  якіх – разгляд прапаноў у спісы НКС, у рэестр лепшых ахоўных практык і запыты аб міжнароднай дапамозе. 

У ходзе сёлетняй сесіі Камітэт уключыў 7 элементаў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы, і 31 элемент  у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, у ліку якіх і беларускі элемент НКС «Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (“Будслаўскі фэст”)». 

Будслаўскі фэст_Фота_Новікаў_2014 г.

 

У цяперашні час Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы, налічвае 59 элементаў у 32 краінах. Ён закліканы садзейнічаць дзяржавам-удзельніцам у мабілізацыі міжнароднага супрацоўніцтва і спрыяць перадачы  культурных традыцый праз удзел зацікаўленых супольнасцей.

Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, які налічвае на дадзены момант 430 элементаў у 117 краінах, дэманструе разнастайнасць гэтай спадчыны і павышае дасведчанасць пра важнасць яе захавання.

Праграма «Зямля легенд» (Швецыя) была уключана ў Рэестр лепшых практык захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які дае магчымасць дзяржавам і супольнасцям  дзяліцца паспяховым досведам па ахове спадчыны і можа стаць крыніцай натхнення для іншых.

Падчас трынаццатай сесіі Камітэта ЮНЕСКА была прадстаўлена інтэрактыўная платформа «Акуніцеся ў атмасферу нематэрыяльнай культурнай спадчыны!». Гэта пляцоўка - новы дынамічны  вэб-інструмент, распрацаваны з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій з мэтай  азнаямлення з практыкамі і праявамі жывой культурнай спадчыны з усяго свету.

На сесіі разглядаліся даклады па імплементацыі Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ў 2018 годзе прадставілі 32 краіны-удзельніцы, у тым ліку Рэспубліка Беларусь. Нашай краінай таксама была прадстаўлена перыядычная справаздача аб стане элемента НКС «Абрад «Калядны Цары», які быў уключаны ў 2009 г. у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы. Абодва даклады былі ўхвалены і зацверджаны ЮНЕСКА, асобна была выказана падзяка за своечасоваць у прадастаўленні справаздач. Прадстаўнік Рэспублікі Беларусь А.Б. Сташкевіч адзначыла: «Гэта ўжо другі перыядычыны даклад Рэспублікі Беларусь па імплементацыі дадзенай Канвенцыі ЮНЕСКА і трэці даклад, які тычыцца абрадуКалядныя цары”. Беларуская дэлегацыя выказала падзяку Камітэту, краінам-удзельнікам Канвенцыі 2003 г., адзначыўшы, што высокая ацэнкагэта гонар, але і вялікая адказнасць для нас. Перыядычны даклад быў падрыхтаваны на падставе штогадовага маніторынгу элементаў НКС, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, пры шырокім ўдзеле мясцовых супольнасцей, датычных НКС, экспертаў, мясцовых органаў улады і разнастайных няўрадавых арганізацый. Справаздачнасць ЮНЕСКАгэта выдатны інструмент, які дазваляе пазнаёміцца з вопытам іншых і лепей пазнаць сябе».  Падрыхтоўка перыядычных дакладаў былі ажыццёўлены па даручэнню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

14-я сесія штогадовая сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны пройдзе з 9 па 14 снежня 2019 года ў Багаце. Такім чынам, сталіца Калумбіі стане першым горадам Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, у якім будзе праходзіць пасяджэнне Камітэта.

 Па матэрыялах:

эксперта Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны А. Б. Сташкевіч;

https://ich.unesco.org/en/ 

http://kultura.by/by/news-by/view/budslauski-fest-ukljuchany-u-spis-kulturnaj-spadchyny-juneska-3169-2018/  



Алена Гумінская,

адміністратар базы даных


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.