Ой ты, чырачка-пташачка, прынясі нам вясну!

15.03.2019

Старажытны абрад “Чырачка” праводзіцца з даўніх часоў жыхарамі аг. Тонеж. Сярод іх – удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Таняжанка” (кіраўнік – Тамара Прыбалавец) і яго спадарожніка – дзіцячага калектыву “Верас” Тонежскага сельскага дома культуры дзяржаўнай установы “Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Веснавое свята, прысвечанае прылёту і сустрэчы птушак як сімвала вясны, адсвяткавалі сёлета 10 сакавіка. У 2016 годзе традыцыя была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Заўсёды “Чырачка” праходзіць у апошні дзень перад Велікодным постам, на Масленіцу, і пачынаецца зранку або напярэдадні вечарам выпяканнем сельскімі жанчынамі пернікаў у выглядзе птушак-чырачак (чырак). Звычайна гэта адбываецца ў хаце гаспадароў – Івана і Надзеі Дрынеўскіх, адной з удзельніц калектыву “Таняжанка”.

Мельнікава_2104.jpg

Дзеці ўпрыгожваюць самаробнымі рознакаляровымі кветкамі і стужкамі невялікую елачку. Гэта абрадавае дзейства суправаджаецца песнямі старэйшых жанчын. А яшчэ таняжанцы лічаць, што ў гэты дзень трэба ўмыцца талай вадзіцай з пажаданнямі “Будзь здароў, як рыжык бароў!”, а да гэтага напаіць кароўку талай вадой, каб былі ўсе здаровымі.

Мельнікава_2263.jpg

Веснавы гурт з песнямі, а таксама з пудзілам зімы, елкай, печанымі птушкамі ідзе да ўзгорка, на якім маладыя ўдзельнікі абраду тройчы просяць блаславення ў старэйшых жанчын гукаць вясну. Потым з песнямі ходзяць у карагодах, заводзяць гульні, спальваюць пудзіла зімы. Пасля чаго хлопчык з елкай узлазіць на дрэва – як мага вышэй, бліжэй да сонца, там уладкоўвае елку. Кажуць, што сонца пабачыць зялёнае дрэўца з кветкамі, і хутчэй прыйдзе вясна.

Глушэц_0250.jpg

І сапраўды пачынае абуджацца прырода. Аб гэтым і песні ўдзельніц народнага фальклорнага калектыву “Таняжанка”: “Ой, гу, вясна...”, “Ой, чірочко-пташэчко...”, “Раве бугай – ў поле хочэ, курка сокочэ – знесціс хочэ, Машэнька плачэ – замуж хочэ”.

Глушэц_0301.jpg

Пасля ўсіх гульняў і забаў жанчыны сцелюць на зямлі саматканыя абрусы і ставяць на іх хатнюю ежу: яечню, бліны, сыр, масла, прасяную кашу, вараныя яйкі, хлеб, печыва. Завяршаецца сустрэча вясны агульным частаваннем.

Тэкст: Л. Г. Мельнікава. Фота: Л. Г. Мельнікава, І. В. Глушэц. Установа “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”.

Даведка Інвентара НКС:

Святкаванне “Чырачкі” у Тонежы – адно з самых маляўнічых гуканняў вясны ў Беларусі і карыстаецца неверагоднай папулярнасцю ў фотааматараў і прафесійных карэспандэнтаў. Штогод яму бывае прысвечаны шэраг артыкулаў, фота і відэа-рэпартажаў:

На гару, вітаць «Чырачку» (ЛіМ)

РЭПАРТАЖ: Такога няма нідзе. Гэты беларускі абрад можна пабачыць раз на год і толькі ў адной вёсцы (Радыё Свабода)

ФОТОРЕПОРТАЖ: «Чырачку» отметили в Тонеже (Светлае Жыццё)

Вясну клічуць дзеці (Культура)

Вандроўка N 10 / 2019. Дзень 2. Ч 1. Гуканне вясны ў Тонежы – 2019 (фота) Alena Paŭłoŭskaja

Вандроўка N 10 / 2019. Дзень 2.Ч 1.Гуканне вясны ў Тонежы – 2019 (відэа) (Alena Paŭłoŭskaja)

Вандроўка N 10 / 2019. Дзень 2.Ч 2.Тонежскі пачастунак. Лельчыцкі раён (Alena Paŭłoŭskaja) 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.