Маляваныя дываны: захаванне і аднаўленне традыцыйнай тэхнікі на Браслаўшчыне

Маляваныя дываны: захаванне і аднаўленне традыцыйнай тэхнікі на Браслаўшчыне

Аўтэнтычны роспіс па тканіне на Браслаўшчыне вядомы з сярэдзіны 1920-х гг. У фондах навукова-даследчай установы культуры “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў” налічваецца 50 адзінак маляваных дываноў і макатак. Аналіз калекцыі пацвярджае бытаванне гэтай традыцыйнай тэхнікі да 1960-х гг. Вядома, што «маляванкі» выкарыстоўваліся для ўпрыгажэння інтэр’ераў дамоў сялян і местачкоўцаў, а пасля вайны сустракаліся амаль паўсюдна.

   Кампазіцыйна і сюжэтна яны былі падобныя. Класічны маляваны дыван утрымліваў раслінны і жывёльны арнамент. Такія выявы носяць сюжэтна-тэматычны характар. Напрыклад, у цэнтры часта размяшчаліся выявы кветак, або высакародныя птушкі (павы, лебедзі, галубы) і жывёлы (вавёркі, львы, мядзведзі, алені). Ад цэнтра да краю могуць быць разеткі са стылізаваных кветак: умоўных макаў, званочкаў, ружаў. Па перыметры дывана часта сустракаецца вянок з лісця, кветак і травы, усемагчымых завіткоў. Найбольш распаўсюджанымі матывамі расліннага арнаменту з’яўляюцца ружы і хрызантэмы. Яны складаюць дамінуючы тон у рытмічным малюнку дывана.

  Калекцыя маляванак і макатак Браслаўшчыны па тэхніцы выканання падзяляюцца на трафарэтныя і штампаваныя. Трафарэтныя першапачаткова малявалі на паперы, выразалі, потым рабілі кампазіцыйную выкладку на чорнай тканіне, наносілі грунтоўку на клеявой аснове для таго, каб алейная фарба не сціралася. Штампы рабілі з буракоў і бульбы, больш якасны малюнак атрымліваўся пры выкарыстанні драўлянага клішэ.

  На Браслаўшчыне было нямала таленавітых ад прыроды людзей, якія пакінулі для нашчадкаў свае “маляванкі”, што пацвярджае багатая калекцыя. Імёны аўтараў маляванак у большасці засталіся невядомымі. Аднак, усё ж некаторыя імёны супрацоўнікам музея ўдалося высветліць. Гэта Рыдзіка Антон Паўлавіч з в. Барадзінічы. Яго працы датуюцца 1935-1960 гг. і Падагель Алена Іосіфаўна з в. Альбенаўка (1950-1960 гг.) (на фота) 

Падагель А.І. 1950-1960 гг..jpg

Частка аўтэнтычнай калекцыі прадстаўлена ў экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея. А частка прац сучасных пераемнікаў традыцыйнай тэхнікі прадстаўлена ў экспазіцыі Музея традыцыйнай культуры. Калекцыя маляванак і макатак дэманструецца на тэматычных музейных выставах.

У сучаснасці пераемнікамі гэтай творчасці з’яўляюцца супрацоўнікі Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў. Той фактар, што спецыялісты не маюць спецыяльнай мастацкай адукацыі, пазітыўна ўплывае на аўтэнтычнасць малюнка. Выжыкоўская Аліна Аляксандраўна працуе ў тэхніцы штампавання і трафарэтнага малюнка. Майстар выкарыстоўвае ў якасці матэрыялаў гуаш, клей ПВА, акрыл. Майстар актыўна развівае традыцыю вырабу дываноў пры дапамозе штампаў і трафарэту, ствараючы ўраўнаважаныя па рытму святочныя кветкавыя кампазіцыі. Пры трафарэтнай тэхналогіі распрацоўвае на паперы частку дывана, выразае, а потым па чарзе набівае кожны з чатырох кутоў, у выніку чаго атрымліваецца строга сіметрычная кампазіцыя.

Майстар-клас у Браславе.jpg

 З 2015 г. майстар праводзіць актыўную работу па папулярызацыі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Падчас працы аздараўленчага лагера на базе УА “Браслаўская сярэдняя школа №2” праводзіла майстар-класы по роспісу маляванак для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. На кірмашах рамёстваў, на занятках і практыкумах па народных рамёствах у музеі традыцыйнай культуры праводзіць майстар-класы па роспісу маляванкі для гасцей і жыхароў Браслава. Дзеля захавання і перадачы тэхнікі вырабу маляваных дываноў у музеі традыцыйнай культур быў зладжаны майстар-клас, пасля якога цікавасць да гэтага інсітнага мастацтва павялічылася і зараз майстар перадае яго тэхніку маладой паслядоўніцы.

Аб рабоце Выжыкоўскай Аліны Аляксандраўны напісаны артыкулы ў раённай газеце “Браслаўская звязда” – Чароўны і наіўны свет маляванак, рэспубліканскай газеце “Савецкая Беларусь” Маляванку браслаўскага майстра ўбачаць у Мілане, у 2018 г. тэлеканалам СТВ зняты відэафільм Традыцыі малой радзімы. Маляваныя дываны Браслаўшчыны

Алені. Выжыкоўская А.А. 2019.jpg

У 2014 г. Выжыкоўская А. А. атрымала дыплом за ўдзел у намінацыі “Роспіс па тканіне (маляванка)” на міжнародным свяце-конкурсе майстроў традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу “Фарбы нябёсаў” у межах ХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У ліпені 2019 г. прыняла ўдзел у абласным плэнеры па маляванцы “Райскі сад – 2019”, які праводзіўся ў г. Глыбокае. Падчас плэнера Аліна Аляксандраўна стварыла маляванку “Алені”, якая папоўніла фонды Браслаўскага раённага аб’днання музеяў і маляванку “Квіценне” для Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Безумоўна, такі плэнер стаў важным крокам да захавання і папулярызацыі традыцыйнай маляванкі.

Базарэвіч Ганна,

галоўны захавальнік фондаў навукова-даследчай установы культуры “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.