Персанальная выстаўка майстра па ткацтве Алены Шунейка адкрылася ў Гродне

Персанальная выстаўка майстра па ткацтве Алены Шунейка адкрылася ў Гродне

Калі да працы ставіцца з любоўю, то яна адразу ж перастае быць цяжкай. У гэтым пераканана знакамітая гродзенская мастачка, майстар па такацтве Алена Феліксаўна Шунейка, для якой сёлетні год удвая юбілейны. У красавіку майстрыха адсвяткавала 70-годдзе, а ў снежні родны для яе Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, у якім Алена Феліксаўна працуе ўсё жыццё, будзе адзначаць 80-годовы юбілей! Дзве святочныя падзеі сталі важкай нагодай для адкрыцця персанальнай выстаўкі ўнікальнага майстра “Мой любы горад”, наведаць якую ў метадычным цэнтры можна з 26 кастрычніка па 18 снежня 2020 года.

Бацькава спадчына – выток творчасці

Алене Шунейка ў жыцці выпала рэдкая ўдача – прафесійна займацца справай, якая прыносіць бясконцую асалоду і найвялікшае задавальненне. Кажуць, што такая лёсавызначальная ўсмешка фартуны дастаецца толькі людзям з вялікім сэрцам, якія сапраўды яе заслужылі… Тварыць з душой, захапляць сюжэтамі і вобразамі, прыкмячаць у наваколлі багатую колеравую палітру – усё гэта майстрыха атрымала ў спадчыну ад бацькі. Галоўны ж бацькавы скарб  – гэта адзіны ў Беларусі вертыкальны ткацкі станок. Менавіта Фелікс Антонавіч у сярэдзіне мінулага стагоддзя заснаваў у метадычным цэнтры творчую ткацкую лабараторыю, якая ўжо на працягу амаль 40 гадоў з’яўляецца для ягонай таленавітай дачкі адначасова і працоўным кабінетам, і ўтульнай майстэрняй, і нават другім родным домам.

Экспазіцыя выстаўкі “Мой любы горад” налічвае каля 50 аўтарскіх работ, сярод якіх – разнастайныя тканыя габелены, дэкаратыўныя пано і акварэльныя карціны. Трэба сказаць, што гэта далёка не поўная калекцыя твораў Алены Феліксаўны. Палотны майстрыхі сёння ўпрыгожваюць інтэр’еры храмаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, з’яўляюцца каштоўнымі экспанатамі музеяў. Патомная ткачыха вельмі ганарыцца сваім габеленам “Святая Троіца”, які ў якасці харугвы выкарыстоўваецца падчас святочнай працэсіі ў сталічным касцёле Святога Роха. Некаторыя творы Алены Шунейка знайшлі свой прытулак далёка за межамі Беларусі – у Польшчы, Расіі, Францыі і Эстоніі. Бацькава тэхніка падвойнага і пераборнага аднабакова ткацтва, якой валодае майстрыха, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Габелены – намаляваная ніткамі гісторыя…

Крыніца натхнення для Алены Феліксаўны – гэта родны горад Гродна з яго архітэктурнымі жамчужынамі і зачаравальнай прыродай, аб гэтым сведчыць красамоўная назва выстаўкі. Алена Шунейка – бадай, адзіная ў вобласці майстрыха, якая настолькі дасканала валодае ўсімі “таямніцамі” габеленавай ніткі, што здолела віртуозна перадаць у творчасці нават энергетыку старажытных гродзенскіх храмаў! Вытканыя Фарны і Бернардынскі касцёлы яна па-мастацку ўдала аздобіла вобразнымі выявамі Святога Духа. Наогул, кожнае палатно – гэта цэлая гісторыя, напоўненая глыбокім ідэйным зместам, філасофскімі рэбусамі і творчай фантазіяй. Па прызнанні Алены Феліксаўны, тканыя акварэлі, напэўна, не былі б такімі цэласнымі і гарманічнымі, каб у іх стварэнні не ўдзельнічаў яе брат, мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Менавіта ён малюе эксклюзіўныя эскізы для габеленаў. У творчым тандэме ствараюцца неверагодныя рэчы: у жывых вобразах паўстае гістарычнае мінулае Гродна, сустракаюцца знакавыя постаці з розных эпох, адраджаецца Фара Вітаўта, маці-радзіма здабывае жаночае аблічча, а сярод велічных будынкаў вымалёўваецца родны дом майстрыхі…

Кожны наведвальнік выстаўкі “Мой любы горад” можа і палюбавацца экспанатамі, і самастойна папрацаваць за ткацкім станком. Майстар-клас для ўсіх ахвотнікаў з задавальненнем прапануе Алена Феліксаўна і яе здольная вучаніца Юлія Барадзіна. Дарэчы, работы маладой пераемніцы, метадыста цэнтра народнай творчасці, сталі несумненным упрыгожваннем экспазіцыі. Падвойныя габелены, народныя лялькі, ажурныя карункі – рукатворныя цуды, выкананыя нашай сучасніцай па старажытных узорах, уражваюць і кранаюць за жывое.

Энергія – у прыродзе

Пачэснае месца на выстаўцы займаюць акварэльныя каціны Алены Шунейка, напісаныя ў тэхніцы “a la prima”. Усе без выключэння работы – пленэрныя, пісалася мастачкай ў момант асаблівага ўражання, на хвалі натхнення. Ствараць “жывыя” акварэльныя замалёўкі з натуры – гэта таксама ўлюбёны занятак творчай сям’і Шунейка. Нёман, кветкі, лес, Каложа – знаёмыя з маленства мясціны знайшлі сваё адлюстраванне на жывапісных палотнах. Кожная работа носіць глыбока асабісты характар, вабіць асаблівай колеравай вобразнасцю, выявай шчырай творчай душы…

Наведвальнікаў выстаўкі “Мой любы горад” чакае не толькі знаёмства з цікавымі экспанатамі. Кожная работа майстра – гэта своеасаблівы… аўтапартрэт, углядаючыся ў які можна выразна ўбачыць цэлую палітру пачуццяў, пашану да сямейных традыцый і роднага краю. Алена Шунейка – гродзенскі чалавек-легенда, які літаральна дыхае творчасцю. І ў кожным яе творы – бруіць жыццё…

Бялькевіч Ала Антоніеўна,

рэдактар ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.