Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы ўключана ў спіс ЮНЕСКА

Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы ўключана ў спіс ЮНЕСКА

На пасяджэнні ХV сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якое адбылася з 14 па 19 снежня 2020 года, у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА) уключаны элемент нематэрыяльнай спадчыны “Культура бортніцтва", падрыхтаваны супольна Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча. На сайце ЮНЕСКА з'явілася адпаведная старонка Tree beekeeping culture. Poland and Belarus 

Лясное бортніцтва — гэта старажытны промысел, заснаваны на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах — борцях, якія адмыслова вырабляюцца і змяшчаюцца высока на дрэвах ў лясным масіве. Лясное бортніцтва ўяўляе сабой шырокі пласт ведаў, навыкаў і практык, якія датычацца гэтага промысла і вырабу адмысловых для яго прылад працы. Культура бортніцтва звязана з паважлівым стаўленнем да навакольнай прыроды, пчол, пэўнымі традыцыямі і рытуаламі, яна спрадвеку фарміравала своеасаблівае звычаёвае права, адметныя праявы мясцовай кулінарыі і народнай медыцыны. Комплекс ведаў і навыкаў, што захоўваюць бортнікі садзейнічае захаванню навакольнага асяроддзя, традыцыйнага прыроднага і культурнага ландшафта сваёй мясцовасці.

Бортніцтва на тэрыторыі Беларусі са старажытных часоў мела вялікае значэнне. Вядома, што ўжо ў Х – ХІІ стст. яно было добра развіта і пашырана на тэрыторыі ўсёй краіны. Улічваючы вялікую каштоўнасць воска, а таксама самого мёда, бортніцтва як асобная галіна гаспадаркі ўзгадваецца ў Статуце Вялікага княства Літоўскага. У ХVIXVIII стст., калі бортніцтва стала прыбытковым промыслам, у гарадах і мястэчках дзейнічалі брацтвы і цэхі бортнікаў з шырокімі правамі самакіравання. Пазней лясное бортніцтва пачало скарачацца ў сувязі з развіццём іншых відаў калоднага пчалярства. Аднак у асобных раёнах Беларусі старажытны промысел захаваўся да ХХІ ст. як неад’емная частка жыцця носьбітаў традыцыі і грамадскай культуры.

Сёння бортніцтва захоўваецца ў многіх вёсках Лельчыцкага раёна, сустракаецца ў межах Петрыкаўскага, Лоеўскага, Жыткавіцкага, Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці, Столінскага і Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, асобныя бортнікі дзейнічаюць у Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай абласцях. Захоўваюцца бортныя трацыцыі і ў асобных рэгіёнах Польшчы і Украіны.

Мясцовыя супольнасці, дзе пражываюць бортнікі, прызнаюць старадаўні промысел важнай часткай сваёй культурнай спадчыны, усведамляюць каштоўнасць яго захавання, забяспечваюць пераемнасць праз перадачу традыцыйных ведаў і ўменняў у сваіх сем’ях, падтрымліваюць і практыкуюць настаўніцтва сярод маладых добраахвотнікаў, а таксама спрыяюць распаўсюджванню ведаў пра промысел, лекавыя ўласцівасці ляснога мёду і неабходнасць захавання экалагічнай раўнавагі ў лясной экасістэме.

Лясное бортніцтва захавалася ў Беларусі, як комплексны элемент культурнай спадчыны, які ўвабраў не толькі матэрыяльную, але і духоўную частку культуры. Дагэтуль мёд і мядовыя стравы, воск і вырабы з яго выкарыстоўваюць у важнейшых каляндарных і сямейных абрадах – на куццю, памінкі і Дзяды, на радзіны і вяселле. Пра паходжанне пчалы і работу бортнікаў у фальклоры захоўваюцца народныя легенды, казкі і байкі. Прадукты бортніцтва здаўна выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне.

Толькі самыя адданыя носьбіты гэтай традыцыі захоўваюць асноўныя сакрэты і навыкі промысла. Між тым цікаўнасць да бортніцтва ёсць як сярод гарадскіх жыхароў, так і вясковай моладзі, аднак, толькі адзінкі бяруцца за асваенне гэтага промысла і перайманне традыцый. Па ініцыятыве сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, маладога бортніка Івана Восіпава створаны сайт “Лясное бортніцтва” (https://www.bortnictva.by/), прысвечаны традыцыйнаму промыслу з глыбокім культурным кодам і багатай спадчынай, які да сённяшняга дня ў Беларусі і суседніх з ёй краінахз'яўляецца часткай прыроднай і грамадскай прасторы.

Безымянный.JPG

Больш інфармацыі па тэме:
Ці стане бортніцтва “беларускай ёгай”? (Культура, 2019)
Гнёзды і пакаленні (Культура, 2019)
Бортныя хронікі – усё пра бортніцтва і бортнікаў тутэйшых (Іван Восіпаў, 2018)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.