Вывучэнне, выкарыстанне і папулярызацыя НКС у музейнай дзейнасці

Вывучэнне, выкарыстанне і папулярызацыя НКС у музейнай дзейнасці

Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў» у 2020 годзе быў праведзены збор і аналіз звестак аб вывучэнні, выкарыстанні і папулярызацыі нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у музейнай дзейнасці.

Аналіз матэрыялаў анкетавання «Вывучэнне, выкарыстанне і папулярызацыя нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у музейнай дзейнасці» апублікаваны на сайце «Жывая спадчына Беларусі» ў раздзеле «Рэсурсы / Інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы»

Уключэнне ў музейную дзейнасць вывучэння і папулярызацыі нематэрыльнай культурнай спадчыны прадугледжана Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры. Адпаведна артыкулу 154, музейная дзейнасць ажыццяўляецца ў мэтах забеспячэння агульнадаступнасці культурных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, выкарыстання іх для эстэтычнага выхавання і культурнага развіцця грамадзян і ўключае ў сябе культурна-асветную работу і культурна-адукацыйную дзейнасць, звязаную з нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, а таксама вывучэнне, выкарыстанне і папулярызацыю нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей адпаведна профілю музея. У артыкуле 159 падкрэсліваецца важнасць місіі музея, як сацыяльнага інстытута па захаванню і папулярызацыі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, нацыянальных культурных традыцый, у тым ліку традыцый народных мастацкіх рамёстваў, этнакультурнага і прыроднага асяроддзя.

Як паказаў аналіз уключэння нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў турыстычную дзейнасць, толькі палова нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей можа актыўна выкарыстоўвацца ў турыстычных праграмах. Значная колькасць адметных праяў традыцыйнай культурнай спадчыны – гэта звычаі і абрады, веды і ўменні, не разлічаныя на шырокае кола наведвальнікаў. У такіх выпадках відавочная роля менавіта музеяў, асабліва краязнаўчага профілю, па адлюстраванню адметнасцей мясцовага культурнага жыцця, папулярызацыі ведаў пра сапраўдную культурную спадчыну і духоўныя каштоўнасці мясцовых супольнасцей.

Вылучаецца шэраг музеяў, якія даволі даўно сістэматычна займаюцца вывучэннем і творчай прэзентацыяй нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей сваёй мясцовасці. У матэрыялах аналізу анкетавання прадстаўлена дзейнасць музеяў, якая можа служыць прыкладам выкарыстання рэсурсаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны для прыцягнення наведвальнікаў, стварэння адметнай экспазіцыйна-выставачнай прасторы і папулярызацыі нацыянальных культурных традыцый. 

Рэалізуючы культурна-адукацыйныя праекты ў сферы нематэрыяльнай культурнай спадчыны музеі Рэспублікі Беларусь спрыяюць перадачы гэтай спадчыны, яе актуалізацыі і захаванню. У новых пакаленняў дзяцей і моладзі назапашваюцца веды аб традыцыйнай культуры беларусаў, неабходныя для фарміравання на іх падставе нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці.

На думку маладога навукоўца, кандыдата гістарычных навук Філіпчыка Д.У., які прысвяціў дысертацыйнае даследаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыне ў дзяржаўных музеях Рэспублікі Беларусь, уключэнне нематэрыяльнай спадчыны ў поле музейнай дзейнасці спрыяе не толькі яе захаванню, але і ўзбагачае музеі новымі формамі культурна-адукацыйнай работы, нетыповымі выставачнымі і экспазіцыйнымі праектамі, што прыводзіць да павышэння турыстычнай атрактыўнасці як асобных музеяў, так і цэлых рэгіёнаў. Гэта ў сваю чаргу спрыяе павышэнню колькасці наведванняў музеяў, атрыманню эканамічнага эфекту ад турызму, актуалізацыі нематэрыяльнай спадчыны і, у выніку, устойліваму развіццю рэгіёнаў.

Каліноўская А.Т.,
вядучы спецыяліст ІПКіПК БДУКМ

Больш інфармацыі па тэме:

Філіпчык Д.У. Нематэрыяльная культурная спадчына ў дзяржаўных музеях Рэспублікі Беларусь. Аўтарэферат. – Мінск, 2020

Не позна вяртацца / А.Рудак // Культура - № 42 - 2020

Гісторыка-культурная спадчына Глыбоцкага раёна. Мясцовая ініцыятыва «Стварэнне віртуальных падарожжаў па гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёну» у рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.