Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці (Каменныя «дзевачкі»)

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 33Б0000091
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 20.04.2012 № 192. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-130306/02

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама. Адрас: вул. Чырвонаармейская, 1 А, г.п. Лельчыцы, Гомельская вобласць, 247841;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці (Каменныя «дзевачкі»)

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Каменные дзевачкі, святыя камяні, камяні, крыжы

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Гомельская вобласць » Лельчыцкі раён » в. Баравое;   Гомельская вобласць » Лельчыцкі раён » в. Данілевічы;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці належыць да так званых аброчных рытуалаў, якія здзяйсняюцца шляхам прынясення аброкаў сакральным месцам ці аб’ектам, а ў дадзеным выпадку – каменным крыжам. У якасці аброка выступаюць тэкстыльныя вырабы (ручнікі, хусты, фартушкі), разнастайныя ўпрыгожванні (пацеркі, ланцужкі), сакральная велікодная ежа, грошы і інш. Пакідаючы аброк, мясцовыя жыхары просяць у камянёў здароўя, шчасця, дабрабыту для сябе і сваіх блізкіх. Характар элемента прадвызначае захаванне сакральнай функцыі, ужо практычна страчанай у многіх іншых элементаў спадчыны. Мясцовыя жыхары ахоўваюць каменныя крыжы, шануюць іх, турбуюцца як пра жывых дзяўчынак, прыбіраюць, шчыра вераць у іх звышнатуральную сілу. Перадача аброчнай традыцыі ажыццяўляецца ад пакалення да пакалення сярод жыхароў вёсак. Аднак, цудадзейныя магчымасці каменных “дзевачак” таксама прыцягваюць увагу людзей з розных куткоў Беларусі і блізкага замежжа, якія прыязджаюць да крыжоў, каб папрасіць аб самым патаемным

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Светапогляд людзей, міфалогія » Пакланенне крыжам

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Сутнасна традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці (Каменныя «дзевачкі») характарызуецца сваім глыбокім сакральным зместам, які заключаецца ў міфалагічна-цудадзейнай здольнасці камянёў-крыжоў дапамагчы спраўдзіць адвечнае імкненне чалавека быць шчаслівым, здаровым, жаданне – каб усе блізкія жылі ў згодзе і любові. Менавіта гэты змест прадвызначае актуальнасць элемента ў сучасным сацыякультурным асяроддзі і яго функцыі. Сацыяльная і культурная функцыі элемента найперш знаходзяцца ў плоскасці маралі і маюць выхаваўчае значэнне. Гэты аспект рэалізуецца ў адносінах «маці-дзеці». Каменныя «дзевачкі», праклятая ўласнай маці, дае жанчынам маральны ўрок і, такім чынам, аберагае іх ад граху пракляцця дзяцей. Мясцовыя жыхары на гэты конт кажуць: не павінна маці дзяцей клясці, бо гэта грэх; праклён можа спраўдзіцца. Яшчэ адным аспектам функцыянальнасці дадзенага элемента выступае лакальная і этнакультурная самаідэнтыфікацыя, што можа прыцягваць спрычыненне да векавой традыцыі, якая стварае ўнікальны знакава-сімвалічны кантэкст жыцця яе носьбітаў і вылучае лакальную культуру мікрарэгіёна. Таксама важнай падаецца функцыя рэгуляцыі ўнутранага жыцця супольнасці-носьбіта ў агульным і кожнага носьбіта паасобку праз валоданне сакральнымі ведамі, звязанымі з практыкай элемента. Па словах носьбітаў, пасля наведвання камянёў, яны адчуваюць своеасаблівае ачышчэнне – “весялей на душы становіцца”, таму можна абазначыць і функцыю катарсісу

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел культуры Лельчыцкага райвыканкама, Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, ДУА “Інстытут культуры Беларусі”

Паходжанне элемента:

Гісторыя каменных “дзевачак” адна на дваіх. Яе расказвае мясцовая легенда, што здаўна перадаецца з пакалення ў пакаленне. Легенду пераказвае кожны на свой манер. Вось адна з версій. Раней на месцах (на ускрайку в. Данілевічы і за 3 км ад в. Баравое), дзе сёння знаходзяцца каменныя “дзевачкі”, калісьці былі палі, засеныя збажыной. У кожнага быў свой надзел. На палях разам з дарослымі працавалі і дзеці. Адна мясцовая жанчына жала жыта разам са сваёй дачкой падлеткам, якую звалі Ева (па інш. сведчаннях – Лена), і заўважыла набліжэнне вялікай чорнай хмары. Трэба было спяшацца, а яе малая дачушка прысела адпачыць. На просьбу маці бегчы хутчэй збіраць снапы дзіця адказала, што вельмі стамілася. Тады маці ў гневе крыкнула: “А каб ты, каменем стала!”. У той жа час грымнуў гром і заблішчэла маланка, а калі неба праяснілася, жанчына ўбачыла – на тым месцы, дзе была яе дачка, стаіць камень. Доўгі час гэты камень каля Данілевічаў стаяў у полі. У пачатку XX стагоддзя мясцовы святар прапанаваў перанесці камень на цвінтар да царквы. Жыхары вёскі паслухаліся, выкапалі яго і перанеслі на царкоўны двор. Пасля гэтага сталі заўважаць, што ў вёсцы пачаўся вялікі мор хатніх жывёл, пачаліся пажары і іншыя непрыемныя здарэнні. Вяскоўцы вырашылі вярнуць каменны крыж на яго ранейшае месца. Пасля гэтага жыццё ў вёсцы наладзілася, жывёла перастала хварэць, незвычайныя падзеі сталі рэдкасцю

Стан бытавання:

па-ранейшаму захоўваецца ў сваім першапачатковым стане

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Каменная “дзевачка” в. Данілевічы знаходзіцца на ўскрайку вёскі, агароджана плотам, унутры каторага пабудавана альтанка, а каля самога крыжа ўстаноўлены (2009 г.) мясцовым лясніцтвам металічны праваслаўны крыж. Крыж в. Баравое лакалізуецца ў 3 км ад самой вёскі ў лесе. Такое аддаленае ад цэнтра вёсак месцазнаходжанне крыжоў зрабіла элемент дастаткова закрытым для прыезжых, якія, каб даведацца шлях да каменных “дзевачак”, звяртаюцца да мясцовых жыхароў. Мясцовыя жыхары, ў сваю чаргу, не заўсёды і не ўсім хочуць паказаць ці тлумачыць дарогу да сакральных месцаў. Як расказваюць жыхары Баравога, каля іх Еўкі заўсёды многа мёду, ягад, бярозавага соку, грыбоў. Такое лясное багацце тлумачыцца клопатам “дзевачкі” аб тых, хто яе наведвае: “У нас дзевочко ўсё доросціла”. Гэтыя ягады, грыбы людзі не толькі збіраюць і нясуць дахаты, але і ахвяруюць каменю. Па сведчаннях даследчыкаў, можна меркаваць аб існаванні ў лакальным культурным ландшафце культу камянёў “дзевачак” у вёсках Лельчыцкага раёна

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Мясцовая гаворкі

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Практыку бытавання элемента суправаджаюць “аброкі”. Сярод іх:- ручнікі, самаробныя фартушкі, хусткі (павязваюцца канцамі назад), кавалкі тканіны, сурвэткі, разнастайны тэкстыль, што становяцца “адзеннем” крыжа, упрыгожванні;- сакральная велікодная ежа – фарбаваныя яйкі, хлеб, булкі, піражкі;- веснавыя палявыя кветкі;- грошы.Паступова да ўбрання крыжоў дадаюцца новыя элементы – пацеркі, кветкі з тканіны і інш., якімі адорваюць крыжы людзі, што прыязджаюць да іх напрацягу года.Раз на год напрярэдадні Вялікадня каменных “дзевачак” “пераапранаюць” – здымаюць старыя тканіны для таго, каб спаліць і прыбіраюць у новыя аброчныя хусткі, фартушкі і інш.Прыходзячы на святы да камянёў, жанчыны апранаюцца ў строі, некаторыя элементы якіх зроблены імі ўласнаручна на аснове лакальнай традыцыі, а некаторыя засталіся ад іх маці

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

У час наведвання каменных “дзевачак” і аброчнага рытуалу яго ўдзельніцы моляцца. Каля каменя в. Баравое спяваюць песні

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Элемент мае некалькі спосабаў перадачы ад генерацыі да генерацыі. Традыцыйны спосаб дыяхроннай перадачы праз трансляцыю ведаў з пакалення ў пакалення ў вясковых сем’ях і сінхронную трансляцыю ад членаў вясковай супольнасці і тых, хто ведае аб цудадзейнай сіле камянёў, да суб’ектаў, не звязаных генетычна ці якімсці іншым спосабам з лакальнай культурай. Таксама трэба адзначыць, што жыхары вёсак прыносяць аброкі выключна “сваім” дзевачкам: жыхары в. Баравое наведваюць камень у лесе ў 3-х км ад вёскі, а насельнікі в. Данілевічы крыж на ўскрайку уласнай вёскі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Сталы ўзрост непасрэдных выканальніц абрадавай дзеі напярэдадні Вялікадня

Ключавыя словы

Аброк, камяні, крыжы, пакланенне

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Kursite.pdf

Kursite.pdf

Бел. нива.pdf

Бел. нива.pdf

Бібліяграфія.doc

Бібліяграфія.doc

Гомельская прауда.pdf

Гомельская прауда.pdf

Лабачэўская.pdf

Лабачэўская.pdf

Фотафіксацыя