Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 43БК000114
Дата ўключэння: 12/10/2017
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 16.12.2016 № 11-01-01/13. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 12.10.2017 № 66
Шыфр (у Інвентары): НКС-140811/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта. Адрас: вул. Дзяржынскага, 3, 231900, г. Ваўкавыск, Гродзенская вобласць;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёсак Мацвееўцы Ізабелінскага с/с, Маісеевічы Ваўкавыскага с/с, в. Новая Ятвезь Субацкага с/с, г. п. Краснасельскі Краснасельскага пасялковага с/с Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Гродзенская вобласць » Ваўкавыскі раён » в. Мацвееўцы;   Гродзенская вобласць » Ваўкавыскі раён » в. Маісеевічы;   Гродзенская вобласць » Ваўкавыскі раён » г.п. Краснасельскі;   Гродзенская вобласць » Ваўкавыскі раён » в. Новая Ятвезь;  

Кароткае апісанне элемента:

Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая існуе на Ваўкавышчыне ў жывой традыцыі. Каравай у гэтых мясцінах з’яўляецца важным атрыбутам вясельнай традыцыі. Асноўнымі носьбітамі, якія валодаюць комплексам уменняў вырабу вясельнага каравая, з’яўляюцца Яўгенія Міхайлаўна Прохар (в. Мацвееўцы), Ірына Іванаўна Гецольд (в. Маісеевічы), Валянціна Іванаўна Поух (г. п. Краснасельскі), Тамара Іванаўна Карнацэвіч (в. Новая Ятвезь), якія перадаюць майстэрства жанчынам сваіх сем’яў. Рэцэптура і тэхналогія прыгатавання агульная на ўсіх, аднак, кожная з жанчын, валодае ўласнымі сакрэтамі, што робяць іх караваі адметнымі і запамінальнымі. У якасці інгрэдыентаў для караваяў, склад якіх старанна захоўваецца, выкарыстоўваюцца мясцовыя натуральныя прадукты. Вясельны каравай мае круглую форму і заўсёды вылучаецца добрай якасцю. Каравай адметны сваім традыцыйнымі ўпрыгажэннямі – шышачкамі, кветачкамі, птушачкамі, вобразы якіх – з мясцовай прыроды. І. І. Гецольд, В. І. Поух, Т. І. Карнацэвіч дапаўняюць сваі караваі новымі сучаснымі элементамі – разнакаляровымі кветачкамі вялікіх і маленькіх памераў, лебядзямі, сімвалізуючымі вернасць сямейнай пары, фігуркамі маладых і інш. Караваі Я. М. Прохар вылучаюцца больш традыцыйнай манерай упрыгожвання, аскетычным выглядам. Сімволіка каравая багатая: ён з’яўляецца сімвалам дабрабыту і багацця, паяднання і працягу роду, даўгалецця шлюбнага саюзу, вернасці. Каравай выпякаецца напярэдадні вяселля і ў момант адорвання маладых падарункамі дзеліцца паміж гасцямі, а верх каравая застаецца маладым, як сімвал працягу роду, шчасця і добрай долі

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйная ежа

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Для сучасных спажыўцоў цікавасць уяўляе рэцэптура вырабу вясельнага каравая, якая можа выкарыстоўваца гаспадынямі, а таксама ў рэгіянальнай сетцы пунктаў грамадскага харчавання

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Традыцыя вясельнага каравая на Ваўкавышчыне актуальна і па сённяшні час. Ладзіць вяселле з улікам мясцовых, рэгіянальных традыцый стала чаканым для кожнага жыхара Ваўкавышчыны. Кожная сям’я імкнецца замовіць караваі ручной працы, бо чым большы будзе караваяў, тым больш будзе станоўчых уражанняў у запрошаных на вяселле гасцей. Таму традыцыя прыгатавання вясельнага каравая з’яўляецца ідэнтыфікатарам лакальнай культуры, аб’ядноўвае мясцовую супольнасць. Каравай не страціў і сваю сакральную функцыю – сёння, як і некалі, з’яўляеца сімвалам, які «праграмуе» жыццё маладой пары на добры лад у будучым. З караваем звязаны комплекс уяўленняў і вераванняў. Караваі каравайніц Ваўкавыскага раёна сталі мясцовым брэндам – іх з задавальненнем замаўляюць для дэманстрацыі на мясцовых, раённых, абласных мерапрыемствах, фестывалях рэспубліканскага маштабу: у 1997 г. – на Рэспубліканскі фестываль «Дажынкі» у г. Масты, у 2001 г. – на Міжнародны фестываль беларускай песні ў Польшчы, у 2002 г. – на Траецкі кірмаш у г. Мінску, у 2004 г. – на Рэспубліканскія дажынкі ў г. Ваўкавыску, у 2004 г. каравай Гецольд І. І. быў на выставе караваяў умеліц Гродзенскай вобласці, у 2008 г. – на Рэспубліканскі фестываль гумару ў в. Аўцюкі Гомельскай вобласці, у 2009 г. – на Міжнародны фестываль вясельных праграм у Польшчы

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама, Раённы метадычны цэнтр народнай творчасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама, Мацвееўскі сельскі Цэнтр культуры і дасугу Ізабелінскага сельскага Савета, сельскі Цэнтр культуры і дасугу пас. Юбілейны Ваўкавыскага сельскага Савета, Субацкі сельскі Цэнтр культуры і дасугу Субацкага сельскага выканаўчага камітэта, Краснасельскі Дом культуры Краснасельскага пасялковага Савета

Паходжанне элемента:

Гісторыя паходжання традыцыі вясельнага каравая даследавана недастаткова. З апытання сучасных носьбітаў традыцыі вядома, што выпякалі караваі яшчэ іх маці і бабулі. З апытання (носьбіта вясельных традыцый Алены Іванаўны Ярашук 1939 г. н., в. Ізабелін Ваўкавыскага раёна, раней вяселле на Ваўкавышчыне гулялі тры дні. Напярэдадні вяселля ў маладой выпякалі каравай і шмат шышачак, якія потым раздавалі дзецям. Выняўшы каравай з печы, глядзелі крывы ці роўны каравай (калі крывы гэта азначала, што дзяўчына ідзе замуж цяжарнай, а калі роўны – то не). Калі ў караваі была «пустата», то пара абавязкова развядзецца. Пачыналі гатаваць рошчыну і выпякаць у адзін дзень, упрыгожвалі каравай – на наступны. А вось на трэці дзень ён велічна ўзвышаўся над сталом. З апытання носьбіта вясельных традыцый Вольгі Севашка (1927 г. н., в. Падароск Ваўкавыскага раёна) вядома, што ў Ваўкавыскім раёне на вяселлі караваяў было столькі, колькі людзей. Калі прыйшло 5 пар, то было 5 краваяў, 10 пар – 10 караваяў. Ніхто ніколі не ішоў без каравая на вяселле. Пачаставаўшыся караваем, астатнія кавалачкі неслі да хаты і частавалі ім сваіх хатніх, што сімвалізавала працяг жыцця ўсяго роду

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне засноўваецца на мясцовым ландшафце. Каравайніцы ва ўпрыгожванні караваяў выкарыстоўваюць мясцовыя матывы роднай прыроды і ўсяго жывога, што падкрэслівае сувязь с прыродным асяроддзем. Шышачкі, кветачкі вялікіх і малых памераў нагадваюць сплецены вянок. Птушкі, якімі ўпрыгожваюць каравай, – два лебедзі – сімвал вернасці, добрых намераў. У агульным каравайная традыцыя адпавядае законам традыцыйнай культуры, звязана з адной з найважнейшых сямейна-родавых дзеяў у жыці чалавека – вяселлем

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы з элементамі польскай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Ірына Іванаўна Гецольд (в. Маісеевічы), выпякае караваі ў печы, выгортвае жар з печы гачкай, для выпякання каравая выкарыстоўвае: сем каструль розных памераў – ад 4 да 6 л. Калі каравай гатовы выцягвае каструлі з печы качаргой. Замешвае цеста ў місцы. Каравайніца Яўгенія Міхайлаўна Прохар (в. Мацвееўцы), выпякае караваі ў печы, карыстаецца каструлямі, якія засталіся ад мамы, цеста замешвае ў вялікай місцы. Дастае караваі з печы качаргой. Шышачкі для ўпрыгожвання каравая выпякае ў бляшчы. Валянціна Іванаўна Поух (г. п. Краснасельскі) выпякае караваі ў газавай духоўцы ў каструлях, на дно духоўкі кладзе цэгліны, замешвае цеста ў алюмініевай місцы. Карнацэвіч Тамара Іванаўна (в. Новая Ятвезь), выпякае каравай у газавай печы, цеста кладзе ў каструлі і выпякае каравай. Для замесу цеста выкарыстоўвае міску

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Перад выпяканнем каравая Тамара Іванаўна Карнацэвіч перахрышчвае каравай і прамаўляе замову “Расці роўны, роўны і гладкі”.У час замесу цеста і калі цеста кладзецца ў каструлі Ірына Іванаўна Гецольд чытае малітву: Ojcze nasz, ktorys jest w Niebie, swiecsie imie Twoje, przyjdz Krolestwo Twoje, badz wola Twoja, jako w Niebie, tak i na ziemi. Chleba naszego, powszedniego Daj nam dzisiaj i Odpusc nam nasze winy, jako i my odpuszczamy naszym winowajcom i nie wodz nas na pokuszenie, ale nas Zbaw od zlego. Amen. Караваўніца Яўгенія Міхайлаўна Прохар цеста замешвае і перахрышчвае, а калі каравай ставіць у печ выпякаць гаворыць замову: “Спасі, Госпадзі, каб усё было ўдачна”.Каравайніца Валянціна Іванаўна Поух, калі замесіць цеста далоняю правай рукі перахрышчвае яго і гаворыць: “З Богам”

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Асноўнай мадэллю перадачы дадзенага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны з’яўляецца мадэль перадачы ў сям’і сярод членаў супольнасці. Яўгенія Міхайлаўна Прохар пераняла майстэрства ад сваёй матулі Данік Алены Іванаўны і навучыла дачку Людмілу Пятроўну Пракопік. Валянціна Іванаўна Поух пераняла майстэрства ад бабулі Халецкай Валянціны Васільеўны, навучыла сваю дачку Скаскевіч Наталлю Уладзіміраўну. Ірына Іванаўна Гецольд навучылася сама пячы караваі і перадала свае навыкі сваім суседкам Хамутоўскай Ганне Іванаўне, Аляшкевіч Яніне Езаўне, а таксама роднай пляменніцы Бачынскай Марыі Эдуардаўне і ўдзельнікам гуртка «Ганначка», які дзейнічаў да 1997 г. на базе Няверавіцкага Цэнтральнага дома культуры. Тамара Іванаўна Карнацэвіч таксама сама навучылася пячы караваі і перадала майстэрства дачцэ Тарашчык Вользе Нікадзімаўне і навучае ўсіх, хто да яе звяртаецца

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

- адыход носьбітаў; - урбанізацыя

Ключавыя словы

каравай, вяселле, рэцэптура

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

БУКЛЕТ Народная творчасць жыве і стварае.pdf

БУКЛЕТ Народная творчасць жыве і стварае.pdf

Гецольд І.І._біяграфія.pdf

Гецольд І.І._біяграфія.pdf

Каравайніца Гецольд І.І.pdf

Каравайніца Гецольд І.І.pdf

Каравайніца Поух В.І.pdf

Каравайніца Поух В.І.pdf

Каравайніца Карнацэвіч Т.І.pdf

Каравайніца Карнацэвіч Т.І.pdf

Каравайніца Прохар Я.М.pdf

Каравайніца Прохар Я.М.pdf

Карнацэвіч Т.І._біяграфія.pdf

Карнацэвіч Т.І._біяграфія.pdf

Поух В.І._біяграфія.pdf

Поух В.І._біяграфія.pdf

Прохар Я.М._біяграфія.pdf

Прохар Я.М._біяграфія.pdf

глыбінка.pdf

глыбінка.pdf

грамата.pdf

грамата.pdf

диплом.pdf

диплом.pdf

дыплом.pdf

дыплом.pdf

дыплом_дажынкі.pdf

дыплом_дажынкі.pdf

звязда.pdf

звязда.pdf

Фотафіксацыя