Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Вясельная каравайная традыцыя вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 13А0000079
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 15.04.2015 № 11-01-01/4. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-140815/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама Брэсцкай вобласці. Адрас: пл. Кастрычніка, 2, 225793, г. Іванава, Брэсцкая вобласць;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Вясельная каравайная традыцыя вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Вэсільны коровай

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёскі Моталь Мотальскага с/с Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Брэсцкая вобласць » Іванаўскі раён » в. Моталь;  

Кароткае апісанне элемента:

Да нашых дзён у в. Моталь захаваўся адзін са старадаўнейшых вясельных звычаяў выпечкі, упрыгожвання і міжродавага падзелу абрадавага хлеба – каравайная традыцыя. Каравай – гэта абрадавы хлеб, сімвал дабрабыту, абавязковы атрыбут палескага вяселля. Выпечка каравая – вельмі адказная дзея, менавіта з яе пачынаецца вяселле. Пякуць каравай як у доме жаніха, так і ў доме нявесты. Аснову каравая, хлеб, замешваюць і выпякаюць спецыяльна запрошаныя жанчыны-каравайніцы. Мясцовая супольнасць лічыць, што выбар каравайніц уплывае на лёс маладых, таму на гэтую ролю выбіраюць паважаных, руплівых жанчын, якія жывуць шчасліва ў шлюбе і маюць дзяцей. Вясельная каравайная традыцыя, як частка вясельнага абраду, уключае ў сябе шэраг ганаровых і адказных этапаў або чынаў: расчыненне, замес каравая, гібанне каравая, сажанне ў печ, выйманне з печы, упрыгожванне каравая, а таксама выкуп і падзел. Кожны этап суправаджаецца адмысловымі дзеяннямі, благаслаўленнямі, малітвамі, песнямі, каб “запраграмаваць” добры шлюб. Значным элементам каравайнай традыцыі з’яўляецца ўпрыгожванне каравая, для чаго вырабляюць з цеста і пякуць “шышкі” – галінкі садовых дрэў з пэўнай колькасцю разгалінаванняў, а таксама “барылца” – жгуты цеста па дзесяць сантыметраў, абвітыя па даўжыні ў форме спіралі і інш. Каравай выпякаюць ужо ўпрыгожаным, а затым шышкі аздабляюць папяровымі кветкамі і вечназялёнымі раслінамі. На працягу ўсяго вяселля караваі знаходзяцца ў “каморы” (халодным памяшканні), а на заканчэнні вяселля дзеляцца паміж родам: кожны атрымлівае сваю долю ўзамен на добрыя пажаданні і падарункі маладым. Суправаджаецца падзел каравая музыкай, жартамі, прыгаворамі. Перадача каравайнай традыцыі ажыццяўляецца ад пакалення да пакалення ў сем’ях жыхароў в. Моталь, якія вельмі ўважліва і ашчадна ставяцца да сваёй каравайнай традыцыі

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйная ежа

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Працэс прыгатавання каравая суправаджаецца архаічнымі спевамі, навыкі выканання якіх у сучасным грамадстве амаль страчаны. Падчас выпякання каравая актуалізуецца цэлая сістэма магічных дзеянняў і ўяўленняў, веданне якіх іншымі людзьмі ў цяперашні час, як лічаць каравайніцы, садзейнічала б паспяховаму і шчасліваму жыццю ў шлюбе. Цікавасць уяўляе і рэцэптура вясельнага каравая, якая можа выкарыстоўвацца ў адпаведных установах харчавання.Акрамя таго, у апошні час адраджаецца цікавасць грамадства да нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Апісанне і захаванне вясельнай каравайнай традыцыі будзе спрыяць вывучэнню вуснай народнай творчасці палешукоў, увядзенню гэтых ведаў у кантэкст фармальнай і нефармальнай адукацыі

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Для традыцыі мотальскага каравая характэрнымі з’яўляюцца некалькі функцый. Сакральная функцыя заключаецца ў тым, што вясельная каравайная традыцыя з’яўляецца неад’емнай часткай сістэмы вераванняў. У старажытнасці, як і зараз, гэтаму асабліваму, свяшчэннаму хлебу прыпісвалася магічная сіла. Раней лічылася, што ў яго прыгатаванні бралі ўдзел не толькі шчаслівыя ў сямейным жыцці жанчыны, але і, паводле сцвярджэння нашых продкаў, нябесныя свяцілы. У цяперашні час гэта функцыя часткова страчана: каравай, як галоўны сімвал вяселля, працягвае існаваць, а працэс яго прыгатавання, магічныя дзеянні, якія яго суправаджаюць, знаходзяцца пад пагрозай знішчэння. Функцыя сацыяльнай інтэграцыі – гэта яднанне роду, падтрымка сувязі радства. Абрад “Мотальскі каравай” спрыяе не толькі аб’яднанню аднаго роду для выпечкі каравая, але ў яго сімволіцы закладзены элементы яднання двух родаў – жаніха і нявесты. Гэта праяўляецца ва ўпрыгожваннях з цеста – “барылцах”, перапляценне якіх і з’яўляецца сімвалам яднання. Функцыя трансляцыі лакальных каштоўнасцей і сэнсаў звязана з перадачай традыцыі ад пакалення да пакалення, якая дапамагае захаваць культурна-гістарычную сувязь паміж пакаленнямі, засвоіць моладдзю светапогляд і светаадчуванне нашых продкаў. Выхаваўчая функцыя рэалізуецца праз выхаванне павагі да гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна і багатай спадчыны нашых продкаў, фарміраванне пэўных якасцей і ўласцівасцей асобы, яе светапогляду, самасвядомасці, выхаванне пачуцця лакальнага патрыятызму. Функцыя этнакультурнага самасцвярджэння: вёска Моталь спакон веку лічылася тэрыторыяй з багатай культурнай спадчынай. Таму маталяне, маючы такі рэсурс, беражліва захоўваюць асаблівасці рэгіянальнай культуры, тым самым вылучаюць самасцвярджэнне ў этнакультурнай прасторы

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Іванаўскі райвыканкам, Мотальскі сельскі выканаўчы камітэт, Аддзел адукацыі, спорту і турызму, Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Мотальскі музей народнай творчасці, народны фальклорна-этнаграфічны тэатр “Мотальскія суседзі”, сельскі Дом культуры в. Моталь, Беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”, ААТ “Агра-Моталь”, аграсядзібы Іванаўскага раёна

Паходжанне элемента:

Дакладны час узнікнення каравайнай традыцыі невядомы, але сучасныя яе носьбіты адзначаюць, што каравай пяклі яшчэ іх прадзеды. Моталь здаўна прыцягваў увагу даследчыкаў. Пра гэта сведчыць і тое, што ў 80-я гг. XIX ст. член Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства Марыя Саковіч, сама, дарэчы, родам з суседняй з Моталем вёскі Моладава, вяла тут гістарычна-этнаграфічныя даследаванні і напісала навуковую працу “Сяляне мястэчка Моталь і іх песні”, выдадзеную ў 1888 г. з рэцэнзіяй кампазітара М. Балакірава. Марыя Саковіч, прыехаўшы ў Моталь збіраць песні, звярнула ўвагу і на мотальскую каравайную традыцыю, пра якую пачула і якую пабачыла на свае вочы: “…Накануне свадьбы, въ доме жениха и невесты пекутъ караваи, для чего приглашаются молодицы родственницы, которыя все время приготовления каравая поютъ свадебныя песни: Ой, гдэ- жъ тая каравайныца, що була, Що стараласа на коровай, помэла. Ой, гдэ жъ тая коровайныца, що въ хаты, Що стараласа на коровай лопаты. Каравайныцы, мыйтэ ручки, Да на вышеньки лійтэ; Щобъ вышеньки родылыса, Наши молодые любылыса. Испеченный каравай ставятъ на столъ и убираютъ ветками калины, барвинком, овсомъ и бессмертниками. При этомъ поютъ: Старшая коровайныца По пидъ садомъ ходыла, Калыну ломала, коровая рядыла, То въ руту, то въ мяту, То въ чирвоноі квіты, Щобъ любылыса діты. Ой, нашъ коровай выжшій, Нашъ женышокъ ліпшій. Вінъ орэ и косыть И Господа Бога просыть. Высоки стоги на гумни, Ще выжшій коровай на столи. Cнимаютъ коровай со стола, ставятъ его на веко отъ квашни и несутъ въ комору (клеть)…” (Рукапіс Марыі Саковіч “Крестьяне местечка Мотоль и их песни”, 1888 г.). На працягу амаль двух стагоддзяў каравайная традыцыя не перарывалася, а толькі часткова страціла свой першапачатковы выгляд. Трэба дадаць, што на каравайны абрад некалі матулі бралі сваіх дзетак. Разам з дарослымі яны ўключаліся ў вязанне пучкоў, выраб кветак. А калі ў гаспадыні хаты былі ўнукі, абавязкова выпякаўся і дзіцячы каравай, які гатавалі самі дзеці. Такім чынам перадаваліся традыцыі будучым пакаленням. Мотальскім музеем народнай творчасці, адным з галоўных напрамкаў работы якога з’яўляецца збор, захаванне і прапаганда вуснай народнай творчасці палешукоў, была праведзена работа па ўзнаўленню мясцовай каравайнай традыцыі. Супрацоўнікамі музея была распрацавана спецыяльная праграма, якая трывала ўвайшла ў практыку работы музея і сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў музея

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Гісторыка-культурны патэнцыял рэгіёна на працягу тысячагоддзяў фарміраваўся з улікам унікальнага становішча гэтай тэрыторыі. Адсутнасць выразных геаграфічных асаблівасцей, якія звычайна станавіліся ў старажытнасці асновай для стварэння гарадскіх паселішчаў, забяспечылі добрыя ўмовы для функцыянавання сельскай гаспадаркі і развіцця сеткі мястэчак, у якіх прадукцыя сельскагаспадарчай вытворчасці перапрацоўвалася. Пэўная кансерватыўнасць сельскага і местачковага ладу жыцця прадвызначыла захаванне да нашых дзён народных традыцый, якія выяўляюцца ў самых розных сферах жыцця мясцовага насельніцтва. Таму ўнікальнае захаванне вуснай народнай творчасці да гэтага часу з'яўляецца жыццёвай нормай для жыхароў гэтага рэгіёна. На тэрыторыі раёна сфарміраваліся і прасочваюцца да гэтага часу яркія мастацкія з'явы ў мясцовай народнай культуры. З даўняга часу Моталь – гэта вядомы цэнтр гарбарнага рамяства, дзе ад пакалення да пакалення займаліся вырабам скуры на абутак і адзенне, а таксама вядомыя далёка за межамі нашай краіны мотальскія кажухі. Мотальскае ткацтва – адзін з найбольш папулярных і пашыраных відаў народнага мастацтва на Палессі. У багатым суквецці ўзораў ручнікоў і абрусаў можна заўважыць, як паступова, год за годам, стагоддзе за стагоддзем выпрацоўвалі і адточвалі матальскія ткачыхі сваё ўменне ў аздабленні вырабу, як паступова фарміраваўся строй мотальскага мастацкага ткацтва, адрозніваўся ад усіх тканых вырабаў на Беларусі. Розныя напрамкі мастацкай творчасці народа атрымалі тут свае асаблівыя рысы, выразна адметныя ад аналагічных рашэнняў не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх з краінай рэгіёнах. Многія творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мотальскіх майстроў дэманстраваліся на розных міжнародных і рэспубліканскіх выставах, былі ўключаны ў экспазіцыі музеяў. Мастацкая творчасць мясцовых жыхароў, выражаная ў багатай нематэрыяльнай спадчыне, з’яўляецца яркай з’явай у культурным комплексе Беларусі. У рэгіёне і ў цяперашні час ёсць носьбіты дрэваапрацоўчых, кавальскіх, гарбарных і ткацкіх рамёстваў. Таму, невыпадкова ў Моталі быў адкрыты музей народнай творчасці, асноўны напрамак якога – збор і захаванне фальклору. Галоўная мэта работы музея – захаванне і прапаганда вуснай народнай творчасці. Сабрана багацейшая калекцыя народнай паэтыкі: свят, звычаяў, абрадаў па каляндарнаму цыклу; прымавак, прыказак, жартаў, быляў, дзіцячага фальклору. Асноўная частка сабранага матэрыялу лягла ў аснову музейнай экспазіцыі: гэта ўнікальныя па свайму зместу залы дрэваапрацоўчых рамёстваў (з рэдкаснай калекцыяй самаробных дрэваапрацоўчых інструментаў), земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, адзення, абрадаў, свят і традыцый. За апошнія два гады ў Моталі ладзілася 67 вяселляў, на 7 з якіх каравай быў прыгатаваны з выкарыстаннем усіх мясцовых каравайных традыцый, а астатнія гаспадары выраб каравая ажыццяўлялі ў пунктах грамадскага харчавання. Супрацоўнікі Мотальскага музея, прааналізаваўшы гэтую з’яву, прыйшлі да высновы, што каравай з захаваннем усіх традыцый ладзілі тыя сем’і, дзе захаваўся патрыярхальны ўклад жыцця

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Гаворка заходне-палескага тыпу беларускай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Звычайна на каравай жанчыны апранаюць чорную спадніцу, белую сукенку і ясную хустку. Мужчыны ў каравайным абрадзе не ўдзельнічаюць, акрамя музыкаў і “мядзведзя”, які выкупляе каравай. Традыцыйныя музычныя інструменты на мотальскіх вяселлях – гармонік і самаробны барабан.Абавязкова, калі накрываюць сталы на каравайную вячэру, першым кладуць бохан хлеба, ставяць масла сметанковае, сыр, “коржыкі” (маленькія булачкі з пшанічнай мукі рознай формы), каўбасы, мяса, салцісоны, халадзец, гарэлку і іншыя стравы.Для прыгатавання каравая выкарыстоўваюць наступны посуд: глыбокую вялікую міску, у якой расчыняюць і месяць каравай; круглую форму для выпечкі (тазік); лапату хлебную; мятлу з сасновых лапак для чыстага выграбання попелу з печы (помэло); міску, каб мыць каравайніцам рукі; накрыўку ад дзежкі, на якую ставяць выпечаны каравай (віко).Яшчэ для каравайнай традыцыі неабходны тканы ручнік, якім абвязваюць каравай і невялікі тканы абрус (надіжнык), якім засцілаюць “віко” пад каравай.Прыгатаванне каравая адбываецца ў чыста прыбранай хаце, каля покуцці (чырвоны вугал хаты). Каравай там расчыняюць, месяць, качаюць, укладваюць у форму, і толькі потым, калі ён падыйдзе, нясуць сажаць у печ.Выпечаны каравай таксама ўпрыгожваюць на покуцці. І толькі пасля вынасу каравая ў “камору” (альбо іншае халоднае памяшканне) ставяць на сталы каравайную вячэру. На каравайную вячэру мужчын не запрашаюць

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Асаблівым штрыхом унікальнасці і архаічнасці вяселля, пэўнай часткай каравайнага абраду Моталя з’яўляюцца песні, якія суправаджаюць усе дзеянні: выраб каравая, перанос яго з аднаго месца на другое, падзел. Яны паходзяць ад рытмаванага і меладызаванага тэксту (замовы, калектыўныя малітвы). Песні маталян пазбеглі ўплыву суседніх культур, усе яны, як і ў старажытнасці, маюць адзін напеў, гучаць у манеры, якая захавалася з язычніцкіх часоў, надаюць абраду адмысловы каларыт, манументальнасць, эмацыянальную сілу. У той жа час песні разам з караваем з’яўляюцца магутным абярэгам усяго дзеяння. Каравайныя песні, якія гучаць у час вясельнай каравайнай традыцыі: “Коровай гічэ, гічэ…”; “Чыя ж гэто жона коровай мысыла…”; “ Ой, нэхто нэ ўгадае…”; “ Мыйтэ ручкі, коровайнычкі…”; “ Пэршая коровайныца нэ ў бэсэды сэділа…”; “ Ой вэчур, вэчур коровай нэ пэчон…”; “Чэрэз новыі сіны тры ангелы лэтілы…”; “ Ой, дэ ж тая коровайныца…”; “ Росты короваю вышэй того гаю…”; “Ой, дэ ж тыі ковалі…”; “Налэтілы куропаты, сталы піч колупаты…”; “Ой, буў я ў пэчы, дай опік собі плэчы…”; “Ой, дайтэ мні голку, шэй ныточку шоўку…”; “Убырайса короваю до зэлёного гаю…”; “Ой, хорошы наш коровай, хорошы…”; “Мэдьвідь бородаты, господар багаты…”; “Высоко сонэчко, высоко…”; “Ой, дай Божэ, у добры час…”; “Посвіты, Божэ, з раю нашому короваю…”; “Крайшчык коровай крае, да ўсэ собі дбае…”.Вясельная каравайная традыцыя в. Моталь захоўвае комплекс вераванняў, звязаных з рытуальнымі дзеяннямі падрыхтоўкі, выпечкі і падзелу каравая: - у прыгатаванні каравая прымаюць удзел толькі замужнія і абавязкова шчаслівыя ў шлюбе жанчыны, каб жыццё маладых заўсёды бало “ў пары”;- калі ў родзе ёсць цяжарная жанчына, то ролю першай каравайніцы адводзяць ёй, каб у маладых хутка з’явіліся дзеці;- памыўшы рукі, караваўніцы абавязкова выліваюць ваду пад пладовыя дрэвы (вішню, сліву), каб маладыя ўсё жыццё жылі ў каханні (“Коб вышэнькі плодылыса, а молодыі любылыса”);- пасля таго, як пасадзілі каравай у печ, першая каравайніца хлебнай лапатай хрысціць вуглы ў хаце, каб каравай не раскалоўся ў печы надвое: лічыцца, які знешні выгляд выпечанага каравая, то такое і жыццё будзе ў маладых;- каравайнае ўпрыгожванне “шышкі” абавязкова робяць з галінак пладовых дрэў (яблыня, груша, сліва): лічыцца, што ў новаўтворанай сям’і абавязкова хутка будзе прыбытак (дзеці);- у час вяселля адбываецца абмен каравайнымі шышкамі (ад маладога да маладой і ад маладой да маладога): лічыцца, што менавіта пасля гэтай дзеі аб’ядноўваюцца ў адну сям’ю два роды;- у час абмену каравайнымі шышкамі з каравая маладой вымаюць шышку з трыма парасткамі, а з каравая маладога шышку з двума парасткамі і мяняюць іх месцамі: лічыцца, што ў сям’і маладой на аднаго чалавека стала менш, а род маладога на аднаго чалавека стаў большы;- нітку ці стужку з каравая, якою былі абвязаны шышкі, дзеляць паміж усімі ўдзельнікамі вяселля: лічыцца, што пабываўшы на вясельным караваі, яна набывае лекавыя ўласцівасці;- рэшткі ад упрыгожвання каравая каравайніца збірае ў прыпол і нясе ў тую хату, дзе ёсць незамужнія дзяўчаты альбо хлопцы, і высыпае пад парог: лічыцца, што яны хутка знойдуць сабе пару

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Дыяхронная мадэль перадачы вясельнай каравайнай традыцыі адбываецца шляхам перадачы ад пакалення да пакалення (ад старэйшых да малодшых) сярод жыхароў в. Моталь.Найбольш актуальная мадэль перадачы вясельнай каравайнай традыцыі ў сям’і, дзе да сённяшняга часу захаваўся патрыярхальны ўклад жыцця. Сёння па шэрагу прычын дзея “Вясельны каравай” мае не той ужо стан, які быў першапачаткова ў нашых продкаў. Пераважна вяселлі ладзяцца ў пунктах грамадскага харчавання, але Моталь – тое месца, дзе вяселле па-мотальску ў бацькоўскай хаце не рэдкасць.Сінхронная мадэль перадачы вясельнай каравайнай традыцыі падтрымліваецца Мотальскім музеем народнай творчасці. У працэсе работы музея адбываецца папулярызацыя і трансляцыя каравайнай традыцыі праз формы работы з наведавальнікамі. Супрацоўнікамі музея была распрацавана спецыяльная праграма, якая трывала ўвайшла ў практыку работы музея і сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў. Усе музейныя распрацоўкі праводзяцца з удзелам народнага фальклорна-этнаграфічнага тэатра “Мотальскія суседзі”. Частка калектыву з’яўляецца носьбітамі аўтэнтычнага фальклору

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

- Уплыў моды і сучасных тэхналогій; - адыход носьбітаў; - страчванне архаічнай манеры выканання спеваў; - працэс урбанізацыі

Ключавыя словы

Вяселле, каравай, каравайніцы, хлеб

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

голас_радзімы.pdf

голас_радзімы.pdf

малітва_Да прысвятой Троіцы.pdf

малітва_Да прысвятой Троіцы.pdf

малітва_Отче_наш.pdf

малітва_Отче_наш.pdf

чырвоная_звязда-1.pdf

чырвоная_звязда-1.pdf

чырвоная_звязда-2.pdf

чырвоная_звязда-2.pdf

чырвоная_звязда-3.pdf

чырвоная_звязда-3.pdf

чырвоная_звязда.pdf

чырвоная_звязда.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Вясельны каравай.mpg

Аўдыёфіксацыя

інтэрв'ю _КСЁНДА.П..mp3:

інтэрв'ю _КСЁНДА.П.-converted.mp3

інтэрв'ю _КУЛЬБЕДА Е.М-1.mp3:

інтэрв'ю _КУЛЬБЕДА Е.М-1-converted.mp3

інтэрв'ю _МІНЮК Н.П..mp3:

інтэрв'ю _МІНЮК Н.П.-converted.mp3

інтэрв'ю_КАЛІЛЕЦ.М.С..mp3:

інтэрв'ю_КАЛІЛЕЦ.М.С.-converted.mp3