Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя памінання продкаў аграгарадка Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 13Б00000077
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 28.04.2016 № 11-01-01/4, Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): 181030/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама . Адрас: вул. Ламаносава, д. 7, 225432, г. Ганцавічы;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя памінання продкаў аграгарадка Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Будзіць продкаў

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары аграгарадка Раздзялавічы Хатыніцкага с/с Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Брэсцкая вобласць » Ганцавіцкі раён » аг. Раздзялавічы;   Брэсцкая вобласць » Пінскі раён » Пінкавічы;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя памінання продкаў агр. Раздзялавічы з’яўляецца значным элементам мясцовай культуры. Традыцыя ўяўляе сабой як калектыўны, так і асабісты зварот да продкаў з мэтай іх ушанавання, просьбай лепшага жыцця, здароўя блізкім і родным, добрага ўраджаю, аховы ад розных магчымых катаклізмаў. Напрацягу года на могілкі “будзіць продкаў” ходзяць тройчы: на другі дзень Вялікадня, на Успенне, на Дзяды (восеньскія). На другі дзень Вялікадня сем’і збіраюцца зранку за агульным сняданнем з малітвай, збіраюць торбу з традыцыйнай вялікоднай ежай і атрыбутамі: для памерлых жанчын роду бяруць загадзя падрыхтаваны вышыты фартушок, мужчынам – вышыты ручнічок, малым дзецям – стужкі. Прыходзяць на могілкі, звоняць у званіцу, “будзяць памерлую радню” і абыходзяць усіх сваіх родных, каля кожнай магілкі праліваючы салодкую ваду і пакідаючы вялікодныя прысмакі. Пасля наведвання збіраюцца ў хаце аднаго з роду і працягваюць свята ўспамінаючы тых, каго наведалі. На Успенне жыхары вёскі ідуць на могілкі і нясуць сваім родным розную гародніну, каб аддзячыць за тое, што дапамаглі вырасціць ураджай, і прыгаворваюць “вазьміце і вашу долю”. Да сваіх родных на могілкі абавязкова ідуць старэйшыя члены сям’і. На восеньскія Дзяды зранку (да обеда) адзін прадстаўнік сям’і ідзе на могілкі да званіцы, звоніць і запрашае ўсіх сваіх блізкіх: “Ходзіце на обеды до нас, мы ўжо гатовыя, а вы ляжыце”. Мясцовыя жыхары кажуць, што калі не паклічаш Дзядоў на вячэру, то яны будуць цэлы год сніцца і пужаць. Гэта памінальная традыцыя перадаецца ад пакалення да пакалення ў сем’ях вяскоўцаў, якія лічаць памінанне памерлых родных сваёй каштоўнасцю, вартай захавання

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Звычаі

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Дадзеная традыцыя з’яўляецца адной з нямногіх, якая захавалася ў жывым бытаванні са старажытных часоў. Традыцыя захоўвае вялікую павагу да памяці продкаў, да памяці пакаленняў, настаўляе людзей весці сябе прыстойна і кожны час помніць, аб сваім “гасцявым” статусе на гэтым свеце. Традыцыя дазваляе выхоўваць сучасную моладзь, на прыкладах чалавечай духоўнасці, зберагае запаветы дзядоў і прадзедаў, фарміруе павагу да свайго роду

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Менавіта дзякуючы памінанню продкаў на малую радзіму ў Раздзялавічы збіраецца ўся сям’я, прыязджаюць родныя, якія па жыццёвых абставінах жывуць далёка ад месца, дзе нарадзіліся. Такім чынам, традыцыя выступае магутным кансалідуючым фактарам для мясцовай супольнасці, утрымлівае камунікатыўную функцыю. Традыцыя дае магчымасць знаёміць нашчадкаў з гістарычным мінулым сваёй сям’і ў розных пакаленнях, развівае міжпакаленную сувязь, з чым звязана функцыя культурнай памяці. Акрамя таго, традыцыя спрыяе выхаванню павагі новых пакаленняў да свайго радаводу, мае этнавыхаваўчы патэнцыял

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Практыцы перадачы элемента спрыяе аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама

Паходжанне элемента:

Гісторыя ўзнікнення традыцыі дакладна не вядома, але ў памяці яе носьбітаў захаваліся веды ад іх бацькоў і бабуль, таму трэба меркаваць, што традыцыя захоўваецца ад пачатку заснавання вёскі і па сённяшні час. Носьбіты традыцыі ўпэўнены, што “душы ўмерлых жывуць, ёны ідуць до стола жывіцца возле нас, бывало як не сходзіш на могліцы, ці не позовэш до собе за стол, то будуць ёны мучыцца, шчо забылі іх, сніцца будуць, пужаць… трэ ў гэтыя дні обязацельно іх клікаць: “ходзеце на обед до нас, мы ўжэ готовыя, а вы ляжыце… усё на столе стоіць…”. На ноч шчэ пэрад сном усіх прыпомніць, прыкозаць “Поможыце год перажыць, коб быў мірны, урожайны, коб усе здоровыя былі…”

Стан бытавання:

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Традыцыя бытуе ў натуральным вясковым ландшафце, які з’яўляецца максімальна спрыяльным для яе захавання. Важным элементам тут з’яўляюцца могілкі, якія знаходзяцца ў цэнтры вёскі

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Гродзенска-баранавіцкая група гаворак паўднёва-заходняга дыялекта

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Ежа (салодкая вада, сыта, булка, квас, фарбаваныя яйкі), гародніна (морква, буракі, яблыкі, агуркі, сліўкі), вышыты фартушок, ручнік, стужка

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

З практыкай здзяйснення традыцыі звязана чытанне малітваў. На другі дзень Вялікадня раніцай чытаецца малітва “Сватая Богородзіца”: “Святая Богородзіца! У нядзелю рано Божая Матка свого сыночка за ручаньку водзіць. Водзіла, водзіла, от рана до рана. Прывела к сінему мору. На сінем моры монастыр стояў. На прыстоле кніжочкі ляжаць, свечочкі гораць. Каля свечачок Іісус Хрыстос стоіць ножкі стуліўшы, ручкі зложыўшы, голоўку схіліўшы. Не глядзіце вы на мою муку, бярыце Іісуса Хрыста на рукі, занясіце сторому і молому, бедному і богатому. Хто будзе мою молітву чытаці, той не будзе ў водзе потопаці, той не будзе наглою смерцью поміраці. Ёсць у меня кніжочка – тры ліста, от Господа Бога і Іісуса Хрыста.” На Успленне чытаюць малітву “Отчэ наш”: “Отче наш, нажее си на небеси. Освятится имя твоё. Да будет царство твоё, да будет воля твоя, как на небеси, так и на земле. Хлеб наш насущный дай же на есь. Оставь нам долги наши, так как и мы оставляем должникам нашим. Не введи нас в искушение, но избавь нас от лукавого, як твоё царство, сила и слава во веки веков. Аминь.” Апроч малітваў выкарыстоўваецца шэраг слоўных формулаў, якія прамаўляюцца ў розныя часы святкавання

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Традыцыя перадаецца ад пакалення да пакалення шляхам непасрэднага штогадовага ўдзелу ў ёй усёй сям’і, вясковай супольнасці. З інтэрв’ю носьбіта традыцыі Кісялевіч Ганны Мікалаеўны: “Ідом на кладбішчэ на другі дзень Валікадня, на Сплянье, на осеннія Дзяды. Так мяне шчэ з малое вучыла маці”

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Нягледзячы на пакуль актыўны ўдзел вяскоўцаў і папулярызацыю народных традыцый фальклорна-этнаграфічным гуртом “Завіца” існуе занепакоенасць у далейшым яе бытаванні. Элемент знаходзіцца пад пагрозай па прычыне старэння насельніцтва вёскі і носьбітаў традыцыі

Ключавыя словы

продкі, памінанне, Вялікдзень, Успенне, Дзяды

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Арэал сучаснага бытавання.jpg

Арэал сучаснага бытавання.jpg

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

2014_Традыцыя памінання продкаў агр.Раздзялавічы_.mp4