Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23АК000111
Дата ўключэння: 23/11/2017
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 15.11.2017 № 11-01-01/12. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 23.11.2017 № 72
Шыфр (у Інвентары): НКС-20181022/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Свадзёбныя гульні

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары а/г Ляды, Сінякова Тамара Емельянаўна (1967 г.н, а/г.Ляды), Сінякова Таццяна Міхайлаўна (1944 г.н., а/г Ляды), жыхары г. Дуброўна і Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Дубровенскі раён » в. Расасна;   Віцебская вобласць » Дубровенскі раён » в. Ляды ;   Віцебская вобласць » Дубровенскі раён » г. Дуброўна;   Віцебская вобласць » Дубровенскі раён » в. Станіславова ;   Віцебская вобласць » Дубровенскі раён » в. Ерамееўшчына;   Віцебская вобласць » Дубровенскі раён » в. Бурая ;   Віцебская вобласць » Дубровенскі раён » в. Пірагі;  

Кароткае апісанне элемента:

У вясельнай традыцыі Дубровеншчыны да нашага часу захаваліся некаторыя звычаі ў выглядзе гульняў, песняў, жартаў, прымеркаваныя да розных этапаў традыцыйнага вяселля. Усе яны закліканы запраграмаваць жыццё маладой сям’і ў ладзе, дабрабыце, ўзаемаразуменні і павазе паміж сабой, са сваякамі і з усёй супольнасцю. Дзеля гэтага ў першы дзень вясельны поезд вітаюць не толькі ўдзельнікі ўрачысасці, але і чужыя людзі. Звычай мае мясцовую назву “Драць зайца” і ўключае сустрэчу маладых з кветкамі і хлебам-соллю на перагароджанай дарозе, жартоўныя песні з патрабаваннем выкупу, спрэчкі са сватам. Вясёлыя стасункі ўдзельнікаў вяселля і тых, хто жыве побач выбудоўваюцца падчас звычаю наступнага дня “Ганяць маладую на ваду”, калі ўсе з жартамі і гульнямі ходзяць да бліжэйшага вадаёма. Сімвалічнае пазбаўленне ад усяго злога адбываецца падчас гульні “Ганяць сучку”, у якую перапранаецца адна са здольных да пераўвасаблення жанчын. Усё лепшае, што павінна атрымаць маладая сям’я, сімвалізуе “рагаты” каравай, якім адорваюць маладых, а дадатковыя “рогі” (яблыневыя галінкі, упрыгожаныя цестам, папяровымі кветкамі, слодычамі) хросная маці “прадае” гасцям за шчодрае ўзнагароджанне або дасціпныя зычэнні. Вяселле часта завяршаюць “пабряхушкі”, вясёлыя спеўныя спрэчкі гасцей, і “пасахі”, невялікія булачкі з макавым начыннем, што дораць гасцям на развітанне. Комплекс вясельных звычаяў, які захаваўся ў Дубровенскім раёне ў жывой форме даносіць архаічныя сэнсы вяселля, мае багата прадстаўлены смехавы тэатральна-гульнёвы пачатак, цесна звязаны з вераваннямі і перакананнямі, якія аказалі ўплыў на духоўнае развіццё беларускага народа. Звычаі практыкуюцца многімі жыхарамі раёна падчас правядзення вяселляў. Носьбіты перакананы ў неабходнасці зберажэння мясцовых традыцый вясельных звычаяў, перадачы іх наступным пакаленням, лічаць іх цікавай і важнай часткай сваёй культурнай спадчыны

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Вусныя традыцыі і формы выражэння » Традыцыйныя гульні

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Дадзеныя элементы традыцыйнага вясельнага абрадуз’яўляюцца аднымі з нямногіх, якія практыкуюцца ў сённяшні час, таму іх захаванне і вывучэнненеабходна сучаснай моладзі для асэнсавання сваіх традыцый і самасвядомасці, ідэнтыфікацыі сябе як у межах Беларусі, так і “малой радзімы”.Традыцыйныя вясельныя гульні выхоўваюць моладзь на нацыянальных культурных традыцыях. Рэцэптура і тэхналогія прыгатавання вясельнага “рагатага” каравая можа выкарыстоўвацца ў сучаснай кулінарыі, як рэгіянальны брэнд Дубровеншчыны падчас разнастайных фестываляў і святаў традыцыйнай культуры. Дадзеныя гульні цікавыя для сучаснікаў як рэкрэацыйна-забаўляльная крыніца, частка сямейна-родавага свята – вяселля, як магутны імпульс цікавасці да традыцыі.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Вяселле – адна з самых галоўных падзей у жыцці, таму пра ўсе яго нюансы заўсёды цікава і карысна ведаць ўсім пакаленням: як бацькам, так і дзецям, адпаведна, гэты элемент выконвае вялікую колькасць функцый Святкаванне вяселля ў розных рэгіёнах Беларусі мае свае адметнасці, вылучае культуру кожнага рэгіёна як цікавую і ўнікальную, таму для элемента характэрна функцыя ідэнтыфікацыі мясцовай супольнасці. Практыка захавання вясельнага абрада спрыяе выхаванню ў сучаснай моладзі і новага пакалення паважлівых адносін да традыцый продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці. Вясельныя гульні выконваюць забаўляльную, псіхатэрапеўтычную функцыі, бо яны выклікаюць шмат смеху, ствараюць своеасаблівую атмасферу. Вясёлыя спевы і гумарыстычныя рэплікі дазваляюць ўволю пасмяяцца, творча падысці да гульнёвага працэсу. Для дадзенага элемента характэрна наяўнасць пераемнасці, засваенне яго нашчадкамі, у чым выражаецца яго сацыяльна-культурная функцыя. Гульні маюць у сабе яшчэ і сімвалічны змест, бо закліканыя запраграмаваць добрае жыццё маладой пары, як, напрыклад гульня “ганяць сучку”, у час якой “сучка” – ўвасабленне зла, якое мусіць быць выгнаным з жылля. Вясельны абрад захаваў сваю сакральную функцыю, напрыклад, ад таго, які атрымаецца вясельны каравай, судзяць, якое жыццё чакае маладых. Актуальнай з’яўляецца і эстэтычная функцыя народных гульняў і спеваў

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскана райвыканкама, ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці»

Паходжанне элемента:

Сучасныя носьбіты гульнявой традыцыі кажуць, што яна даўняя, бо так рабілі іх бацькі і дзяды, і таму яны таксама так робяць. У кнізе “З крыніц спрадвечных”, 1997 года выдання, Уладзімір Мінаевіч Сысоў распавядае пра звычай з вясельнага абраду “Лавіць зайца”(лакальнае – “Драць зайца”) і адзначае, што звычай гэты паходзіць з вельмі старажытных часоў. У былыя часы дзяўчыну за пэўны выкуп прадавалі ў сям’ю хлопца. Але калі маладыя кахаліся або хлопец умеў выкрасці спадабаўшуюся яму прыгажуню, што найбольш верагодна ў перыяд племяннога суіснавання нашых продкаў, калі дзяўчыну з аднаго племя не заўсёды маглі аддаць замуж у другое, то такога жаніха называлі зайцам. Тады браты дзяўчыны, або іншыя яе родзічы садзіліся на коней і імкнуліся вылавіць такога ўцекача-зайца, каб узяць, зразумела ўжо сілаю, хоць які выкуп за сястру: адабраць коней, грошы ці іншыя каштоўныя рэчы. Звычайна новую сям’ю сустракалі хлебам-соллю і святой вадою, каб ёй добра жылося, тым самым выказваючы сваю любоў, цярпенне і добрыя пачуцці да маладзёнаў. Верагодна, сённяшні варыянт існавання гульні “Драць зайца” з’яўляецца трансфармацыяй звычаю, апісанага У. Сысовым, бо, па-першае, знакавым элементам гульні ў абодвух выпадках з’яўляецца выкуп, і, па-другое, іх можна суаднесці паводле атрыбутаў (хлеб, соль). Пра вясельны “рагаты” каравай адзіная на раёне каравайніца, Тамара Емельянаўна Сінякова, кажа так: “ЗвычайЛяднянскага вясельнага каравая сыходзіць сваімі каранямі ў глыбокую старажытнасць. Даўней у вёсцы Ляды Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці для шчаслівага сямейнага жыцця сваякі нявесты прыносілі ў ахвяру карову. І зараз ад гэтай ахвяры ў Лядах захаваліся толькі "рогі" - яблыневыя галінкі, абкручаныя цестам, запечаныя ў печцы, пафарбаваныя яечным жаўтком, упрыгожаныя кветкамі з папіроснай бумагі, бусамі і "пасаджаныя" на каравай”. У родзе Тамары Емельянаўны па частцы выпечкі майстрыхай была яе бабуля Домна Яхімаўна Сінякова, маці бацькі, 19.01.1911 г. н., жыхарка в. Ляды. А яна ў сваю чаргу пераняла майстэрства выпечкі каравая ў сваёй бабулі. Па словах другага носьбіта, Гарзуевай Таццяны Уладзіміраўны, якая нарадзілася ў в. Станіславова Дубровенскага раёна, а зараз жыхаркі г.Дуброўна, абрад прыгатавання рагатага каравая і адорвання ім маладых падчас вяселля існуе на Дубровеншчыне ўжо даўно. У вёсцы Станіславова таксама жыла каравайніца Макарава Таццяна Прохараўна. Пачыналі каравай выпякаць накануне вяселля. Каравайніца прыходзіла ў хату, або прыходзілі да яе дружкі нявесты, якія ёй дапамагалі (рабілі шышачкі, падносілі муку, ізюм (кіравала працэсам менавіта каравайніца). Пачыналі вымешваць каравай з самай раніцы: замешвалі цеста, рабілі ўсе фігуркі з цеста, і пакідалі цеста на печы каб яно падыходзіла на дзень. Вечарам пачыналі выпякаць сам каравай, абмотвалі цестам адну яблыневую ветку, запякалі ветку, бусікі і ўкрашалі імі каравай. Па ўспамінах Таццяны Уладзіміраўны, каравай атрымліваўся вельмі вялікі, даходзіў аж да 6-8 кілаграмаў. Потым каравай адносілі ў тое месца, дзе было вяселле і адорвалі ім маладых на другі дзень. Гэта рабіла хросная маці, якая за гэта брала грошы. Потым гэтыя грошы ішлі карвайніцам за працу. Вялікую ветку пакідалі маладым, яна захоўвалася ў маладых доўгі час ў якасці абярэга. Працяг другога дня вяселля паўсюдна на Падзвінні быў амаль цалкам гульнявы. Такім ён і застаецца ў побыце сучаснай вёскі паўночнага рэгіёна Беларусі. Так, на Дубровеншчыне дагэтуль “ганяюць сучку”(вясельная гульня, у якой непасрэдна задзейнічаны госці і галоўныяе персанаж – “сучка”). Паводле аповяда знаўцы мясцовых абрадаў, жыхаркі в.Ляды Дубровенскага раёна Зінаіды Лесніковай (1914 г. н.): “…раней у Дуброўне на трэці дзень вяселля – ў панядзелак вечарам збіраліся ў хату, дзе жыла нявеста, яе бацькі і жаніх, свідзецелі, блізкая радня. Садзіліся за стол, выпівалі чарку-другую. У гэты час нехта з гасцей пераадзяваўся ў “сучку”: надзяваў кажух навыварат, шапку… Можна цэп павесіць! Хто што прыдумаець?. Больш смялейшыя вешалі на тое месца, ну, мо знаеце, на якое, моркву, дзве цыбулі, нават шпрыцоўку з вадой. “Сучка” залазіла пад стол і паводзіла сябе там, як хоча: кусала, шчыпала гасцей, хлястала па нагах крапівай. Госці спачатку трохі палохаліся. Потым пачыналі смяяцца, кідаць “сучцы” косці, кускі кілбас. Потым выганялі яе з-пад стала і ганялі па хаце. Яна кусалася, брызгала са шпрыцоўкі – мачыла ўсіх. Галоўнае – і прыдурвалася, як толькі здолее прыдумаць. Потым “сучку” выганялі з хаты і далей гулялі, пілі, елі. Ну, во так!”. З гісторыі вядома, што раней нявесту часта прымушалі рабіць розную работу, каб убачыць, якая атрымаецца з яе гаспадыня. Нявеста павінна была сячы дровы, насіць ваду, месці падлогу, прычым усе стараліся ёй перашкодзіць, пакуль жаніх не выкупіць яе ад гэтага занятку. Пэўна, з тых часоў, крыху трансфармаваўшыся, і дайшла да нас гульня“Ганяць маладу на ваду”

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Звычаі “Ганяць маладу на ваду”, “Драць зайца”, “Ганяць сучку”, адорванне маладых “рагатым караваем” прымеркаваны да такой важнай падзеі, як вяселле, таму іх існаванне як элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны залежыць ад наяўнасці вяселляў. Вясельная традыцыя на Дубровеншчыне не захавалася ў сваёй поўнай форме, аднак такія яе элементы, як уезд маладых у сваю вёску пасля рэгістрацыі шлюбу, святочные застолле – моманты, да якіх гульні прымеркаваныя, спрыяюць іх захаванню

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Віцебска-смаленскія гаворкі паўночна-ўсходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу з ужываннем русізмаў

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Падчас правядзення гульні “Драць зайца” выкарыстоўваюцца наступныя матэрыяльныя аб’екты: ручнік або абрус, стужка, якою перацягваецца дарога, сальнічка, бохан хлеба. Для гульні “Ганяць сучку” неабходны загадзя падрыхтаваны сімвалічны касцюм “сучкі”. Гэта можа быць вывернуты кажух, шапка і інш. У час гульні “Ганяць маладую да вады” выкарыстоўваюцца вёдры з вадой, з якіх абліваюць маладых, гасцей, і нясуць ваду дадому. Да матэрыяльных аб’ектаў, звязаных з прыгатаваннем вясельнага каравая, можна аднесці карыта, рэшата, вілы, печ, хустку, пярэднік, ручнік, спадніцу, ікону

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

З практыкай здзяйснення вясельнага звычая “Ганяць сучку” звязана выкананне наступных песень, якія спяваюцца на працягу ўсёй гульні (кожны радок выконваецца двойчы): А вяселлейка бог нам даў Ажаніўся мех торбу ўзяў Паселіў на крюк, нейхта ўкраў Торбачка наша Насцечка А мяшэчак наш Ванечка *** Сучка лаець, сучка лаець Совесці не маець, совесці не маець Вядзіце ж вы сучку, вядзіце ж вы сучку К кабелю на случку, к кабелю на случку Сучка пагуляіць, сучка пагуляіць І ня будіць лаіць, і ня будзіць лаіць *** Ганяць сучку нас пазвалі Чаркі гарэлкі не далі Каб мы ведалі не пайшлі Ці работы б дома мы не знайшлі *** Сваточак ты наш богавы, Ці ж на ета ты нас зазываў? Поўны двор сучак напускаў Бярі, сваточак, пруточак Гані сучачку у куточак Бярі, сваточак, памяло Гані сучачку за сяло *** Кальнула матцы ў грудзі Што аддае дачку ў людзі Кальнула матцы ў пяты Што некаму падмесць хаты Кальнула матцы ў плечы Што некаму тапіць печы А бацька барадой трясе Што сам ваду нясе А брат воўкам выець Што сам ложкі мыець У сястры жывот баліць Што некаму палацён збяліць А што ж была за дзіцятачка А што ж была за работніца У рэшата кароўку даіла Тапаром авец стрыгла. *** Слава табе, Госпадзі, што нявестачку даждала У панядзелак, у панядзелак, мяне мамаю назвала Слава табе, Госпадзі, што нявестачку даждала А ва ўторак, а ва ўторак цалавала мяне разоў сорак Слава табе, Госпадзі, што нявестачку даждала А ў сярэду, а ў сярэду маё плацейка памыла Слава табе, Госпадзі, што нявестачку даждала А ў чацвер, а ў чацвер, сабіралі з ёю мы шчавель Слава табе, Госпадзі, што нявестачку даждала А ў пятніцу, а ў пятніцу валачыла мяне за спадніцу Слава табе, Госпадзі, што нявестачку даждала А ў суботу, а ў суботу мяне шэльмаю назвала Слава табе, Госпадзі, што нявестачку даждала А ў нядзелю, а ў нядзелю ізноў мамаю назвала Слава табе, Госпадзі, што нявестачку даждала *** Падчас правядзення вясельнага звычая “Драць зайца” таксама спяваюцца песні. Прысутныя дзяўчаты і маладзіцы спяваюць іх свату. Спачатку дужа крытычнага зместу – з кпінамі і абразамі. А ў нашага свата Някрытая хата Ні клеці ні павеці Недзе рук пагрэці Запалім мы сані Пагрэемся самі А ў нашага свата Кароткая ножка А дайце ж нам сошку Мы падставім ножку Каб ён пряменька стаяў, Усім гарэлачкі даў *** Дайце ж нам гарэлкі Мы харошыя дзеўкі А дайце ж нам мёду Мы харошага роду А дайце ж нам піва Мы пакажам вам дзіва *** А каб яны хутчэй скончылі ганіць свата, ён мусіць адкупіцца ад іх грашыма, гарэлкай, цукеркамі. А ўжо як адкупіцца, на ягоны конт гучаць зусім іншыя – велічальныя – песні. А ў нашага свата Кругом хаты мята Кругом хаты мята А ў хаце прыбрата Кругом хаты зелле А ў хаце вяселле Люба за стол сесці Хлеба з соллю з’есці А дзе ж нам падзецца? Як свадзьба мінецца? Бацьку на матку ўсодзім Яшчэ свадзьбу зробім Акрамя песень з кпінамі падчас сустрэчы вясельнага поезда спяваюцца вясельныя песні: Спасіба табе, паяздок Што красівы наш жанішок Ці ня сонца яго радзіла? Ці ня месяц яго васпітаў? *** Едзь-паедзь Колечка, Ня стой, ня стой, едзь-паедзь Колечка, Ня стой, ня стой А ў цябе конечык Ня свой, ня свой А ў цябе конечык Ня свой, ня свой А ў цябе сядзельца пазычоныя А ў цябе сядзельца пазычоныя А ў цябе Леначка заручоныя А ў цябе Леначка заручоныя Падчас вяселля спяваюцца таксама жартоўныя песні, з дапамогай якіх госці ладзяць “бряхушкі”: Наша маладая, як кроп уецца Ваш малады не павярнецца Наша маладая, як сыр белы Ваш малады, як сыр гарэлы Наша маладая як золата Ваш малады, як долата Наша маладая, як суравежка Ваш малады, як пешка *** Наша Манечка ягода А ваш Ванечка калода Наша ягодна цвісць будзіць Ваша калодка гніць будзіць Паглядзі, Манечка, у гарлач А твой Ванечка, як вірлач Паглядзі, Манечка, у кадушку А твой Ванечка – з лягушку Ехалі сваццейкі ля рова Ляжыць здохлая карова А вы, сваццейкі бряшыця Здохлую карову глажыця А вы сваццейкі сік ды брык Ці не нада вам сівы бык? Калі надабі, прывядзём Мы з вас платухны не вазьмём *** До вам, сваццейкі, брехацца Будзем, сваццейкі, мірыцца Йдзе ў баню давіцца А мы вам дадзім вярёўкі Давіце свае галоўкі *** Казалі, Манечка карцінка Ажно йна тоўстая карзінка На вяселлейка нас пазвалі Чаркі гарэлкі не далі Каб мы ведалі – не пайшлі Ці мы б сабе работы не найшлі Напряла б прасцень з берясцень Напряла б ручайку з бечайку

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

На сённяшні час існуе некалькі мадэляў перадачы элемента: - у сям’і праз непасрэдны ўдзел у вяселлі; - ад пакалення да пакалення (у гульнях удзельнічаюць як дарослыя, так і дзеці, таму яны засвойваюцца малодшым пакаленнем); - праз сродкі масавай інфармацыі; - праз выпуск розных буклетаў, дэманстрацыю відэафільмаў; - праз удзел у святах, фестывалях народнай творчасці Багатая на традыцыі, абрады Дубровенская зямля нарадзіла некалькі маштабных святаў. Адным з іх з’яўляецца абласны конкурс вясельных абрадаў “Вялікая вясельніца”. Гэта адно з шэрагу раённых святаў, якое адлюстроўвае разнастайнасць і самабытнасць абрадаў вяселля Дубровеншчыны. Удзельнікі, носьбіты традыцыі, спяваюць аўтэнтычныя вясельныя песні, дэманструюць абрады, прапануюць вясельныя экспанаты свайго раёна, якія захаваліся да сённяшняга часу (ручнікі, іконы, абутак, вопратку, упрыгожванні маладых і інш)

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

З цягам часу страціліся тэксты песень, якія суправаджалі каравайны абрад і пеліся падчас правядзення вясельных гульняў. Сучасныя носьбіты традыцыі памятаюць толькі некаторыя з іх. Вясельны “рагаты” каравай служыць у сям’і абярэгам. Галінкі захоўваюцца шмат гадоў у засушаным выглядзе як захавальнікі шчасця і любові ў доме.“ На жаль, – кажа Тамара Емельянаўна, – ў наш час нярэдка замест каравая маладзёны раздаюць гасцям зроблены невядома кім і дзе на заказ вялікі вясельны торт, аздоблены кветкамі з крэмам, фігуркамі жаніха і нявесты. Вельмі шкада, што забываецца людзьмі сапраўдны вясельны абрад. Некалі падрыхтоўка, выпечка і ўручэнне каравая на вяселлі было чуць ці не галоўнай дзеяй”.

Ключавыя словы

вясельныя гульні, песні, "рагаты" каравай, звычай, "драць заяц"

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Арэал сучаснага бытавання вясельных звычаяў Дубровенскага раёна.jpg

Арэал сучаснага бытавання вясельных звычаяў Дубровенскага раёна.jpg

Фотафіксацыя