Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23БК000140
Дата ўключэння: 20/02/2020
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 12.02.2020 № 04-01-02/2. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 20.02.2020 № 15
Шыфр (у Інвентары): НКС-20200911/1

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

"Народныя мастакі Віцебшчыны", "Мастакі – прымітывы Віцебскай вобласці"

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

У развіцці інсітнага мастацтва Віцебшчыны прымаюць удзел мастакі, якія ўваходзяць у склад народных аматарскіх калектываў: народны клуб мастакоў г. Віцебска “Контур” (ДУ “КГК “Залатое кола г.Віцебска “Дзвіна”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Традыцыя” (Віцебскі раённы Цэнтр рамёстваў “Адраджэнне”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Скарбонка” (Бешанковіцкі раённы Дом рамёстваў), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў “Ля возера” (НДУК “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў (Верхнядзвінскі раённы Дом рамёстваў), Заслужаны аматарскі калектыў РБ клуб народных майстроў “Вытокі” (Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Крыніцы” (ДУК “Глыбоцкі ЦТКіНТ”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Дубрава” (Дубровенскі раённы Дом рамёстваў), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Крыніцы” (Лёзненскі раённы Дом рамёстваў), Заслужаны аматарскі калектыў РБ клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Скарбонка”( ДУК “Лепельскі Цэнтр рамёстваў”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў (ДУК “Аршанскі Дом рамёстваў”), народны клуб мастакоў-аматараў “Рэнесанс” (ДУК “Аршанскі ГЦК “Перамога”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Майстры” (Пастаўскі Дом рамёстваў “Стары млын”), народны клуб самадзейных мастакоў-аматараў “Белае палатно” ( ДУК “Полацкі гарадскі Палац культуры”), народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў ДУК “Шумілінскі раённы Дом рамёстваў”)

Арэол распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Віцебскі раён » г. Віцебск;   Віцебская вобласць » Віцебскі раён » в. Копці ;   Віцебская вобласць » Віцебскі раён » в. Мазалава ;   Віцебская вобласць » Бешанковіцкі раён » г.п. Бешанковічы;   Віцебская вобласць » Браслаўскі раён » г. Браслаў;   Віцебская вобласць » Верхнядзвінскі раён » г. Верхнядзвінск;   Віцебская вобласць » Верхнядзвінскі раён » г.п. Асвея ;   Віцебская вобласць » Верхнядзвінскі раён » в. Ляшчылава ;   Віцебская вобласць » Верхнядзвінскі раён » в. Яніна ;   Віцебская вобласць » Гарадоцкі раён » г. Гарадок;   Віцебская вобласць » Гарадоцкі раён » в. Гуркі ;   Віцебская вобласць » Дубровенскі раён » г. Дуброўна;   Віцебская вобласць » Пастаўскі раён » г. Паставы;   Віцебская вобласць » Аршанскі раён » г. Орша;   Віцебская вобласць » Полацкі раён » г. Полацк;   Віцебская вобласць » Дубровенскі раён » в. Пагодзіна;   Віцебская вобласць » Лёзненскі раён » г.п. Лёзна;   Віцебская вобласць » Лёзненскі раён » в. Васіпенкі ;   Віцебская вобласць » Лёзненскі раён » Добрамыслі ;   Віцебская вобласць » Лепельскі раён » г. Лепель;   Віцебская вобласць » Глыбоцкі раён » г. Глыбокае;   Віцебская вобласць » Глыбоцкі раён » в. Галубічы ;   Віцебская вобласць » Глыбоцкі раён » в. Латыгаль ;   Віцебская вобласць » Глыбоцкі раён » в. Мярэцкія ;   Віцебская вобласць » Глыбоцкі раён » г.п. Падсвілле ;   Віцебская вобласць » Пастаўскі раён » в. Жуперкі;   Віцебская вобласць » Віцебскі раён » г.п. Шуміліна;  

Кароткае апісанне элемента:

Інсітнае (наіўнае) мастацтва з’яўляецца галіной выяўленчага мастацтва, творцы якога не маюць прафесійнай адукацыі і працуюць ў адпаведнасці з уласным разуменнем прыгажосці і патрэбай самавыказвання. “Іnsіtus” на лаціне азначае “дадзены ад прыроды”. У сусветнай мастацкай практыцы ўпершыню тэрмін “insita” у дачыненні да творчасці мастакоў-аматараў быў ужыты славацкім даследчыкам Штэфанам Ткачом у 1966 годзе.
Інсітнае (наіўнае) мастацтва з'яўляецца адной з яркіх з'яў мастацкай культуры ХХ стагоддзя, мадэрнізаванай формай народнай культуры. Прыкладам можа быць Хлебінская школа ў Харватыі, дзе інспіраваная мастаком Крышто Хегедышычам непрафесійная жывапісная творчасць сялян стала нацыянальным брэндам. У Віцебскай вобласці творчасць мастакоў-самавукаў мае карані ў гарадской народнай культуры ХVІІ-пачатку ХХ ст. (народны абраз, сценапіс, гарадская шыльда, драўляная скульптура, маляваны дыван) і звязана з мастацкай школай Ю. Пэна і сусветна-вядомага мастака М. Шагала. Да 1980-х гг.творчасць мастакоў-самавукаў развівалася на двух узроўнях: ў межах народнай вясковай культуры і арганізаванага аматарскага руху пры дзяржаўных установах культуры. На працягу 1960-1980-х гг.сталі вылучаць больш вузкі напрамак непрафесійнай творчасці, які атрымаў першапачаткова дэфініцыю “прымітыў”, а ў 1990-х – “іnsітa”. Менавіта з гэтай дэфініцыяй была праведзена ў 1991 г. ў Віцебску абласная выстаўка “Талент шчырага сэрца”.  Прадстаўленыя на ёй творы сталі хрэстыматыйнымі ўзорамі інсітнага мастацтва. Эспазіцыя складалася з двух раздзелаў.Творчасць мастакоў сялянскага паходжання (Л. Каляга, В. Жарнасек, В. Цяцёркін, Б.Лабкоўскі, М. Юхно, П. Зеляўскі Ф. Максімаў) дэманстравала сувязь з традыцыйнымі сялянскімі рамеснымі тэхналогіямі, фальклорны пачатак і хрысціянскія іканаграфічныя вобразы. Творчасць гарадскіх мастакоў (П.Баранаў, Я.Ушал, М.Сайфугаліева, А.Печаніцын, А.Кузьмін, В.Плешкаў, М.Байцоў) выяўляла сваю ўкарэненасць у прастору Віцебска і яго ваколіц, паўсядзённае жыццё віцяблян.
У якасці духоўных каштоўнасцей інсітнага мастацтва вызначаюць яго непарыўную сувязь з жыццёвымі абставінамі творцы, інспіраванасць выклікамі яго лёсу, прымацаванасць творчасці да роднага краю з усімі яго рэаліямі. Глядацкую аўдыторыю інсітнага мастацтва прываблівае  паэтыкарамесна-працоўнай, земляробчай, любоўна-сямейнайідыліі. У суб’ектыўнай наратыўнасці інсітнага творцы засўсёды прысутнічае агульнавыпрацаваныя народам адзнакі гістарычных падзей, каштоўнасці народнай этыкі, адметныя формы нацыянальнага жыцця.
Мастацка-стылёвыя вартасці інсітнага мастацтва, як першабытнага і дзіцячага, звязаны з першаснасцю творчага працэсу,цэласным і непасрэдным светаўспрыманнем, своеасаблівым для кожнага аўтара спосабам самавыяўлення. Ідылічна-казачная карціна свету і гратэскны рэалізм складаюць аснову інсітнага мастацтва, таксама могуць прысутнічаць вобразы экзістэнцыяльнага і візіанерскага характару. Ідэаграфічнасць, рэдукцыя вобразу да архетыпу, міфалагічная свядомасць заўсёды выдаюць інсітнага мастака. Яго творчы метад адзначаны элементамі мадэлявання вобразу па памяці, ці па ўяўленню. Інсітны творца працуе ў розных жанрах і з рознымі матэрыяламі, але пераважаюць графіка, жывапіс, дэкаратыўнае маляванне (дываны), пластыка (разьба па дрэву, мармуру, лепка з гліны, пластыліну, гіпсу, цэменту), брыкалаж (аб’екты з падручных матэрыялаў).
Творчая спадчына інсітных мастакоў захоўваецца ў фондах раённых гісторыка-краязнаўчых музеяў, раённых Дамах рамёстваў, ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” і УК “Віцебскі абласны краязнаўчы музей”.
Інсітнае мастацтва Віцебшчыны вядома далёка за межамі краіны, творы мастакоў экспанаваліся на міжнародных выставах, у тым ліку “Insita-97” (Славакія) , “Фестнаіў” (Расія) , выстаўках народнага мастацтва ў Антрубах (Польшча)

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Iнсітны жывапіс

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Інсітнае мастатцва з’яўляецца мадэрнізаванай формай народнай культуры, яно дае ўзоры глыбокага спасціжэння народным творцам гістарычнага лёсу і характару свайго народа. Творы інсітнага мастацтва напоўнены вобразамі рэгіянальнага, а разам з тым агульнанацыянальнага кантэксту і з’яўляюцца добрым сродкам для рэгіянальнай і агульнанацыянальнай самаідэнтыфікацыі яго спажыўцоў.Творы інсітнага мастацтва маюць камерны характар, і таму з’яўляюцца найлепшымі артэфактамі для аздаблення прыватных інтэр’ераў. Разам з тым інсітнае мастацтва ўтрымлівае ў сабе вобразы народнага жыцця, традыцыйныя каштоўнасці і таму могуць складаць аснову этнаграфічных і мастацкіх экспазіцый дзяржаўных, народных і школьных музеяў. Культаванне дадзенай традыцыі будзе спрыяць рэкруцтву народных талентаў у мастацкую культуру. Адкрытасць і знешняя прастата выканання твораў інсітнага мастацтва выклікае ў гледача жаданне зрабіць нешта падобнае самаму. Далучэнне да практыкі інсітнай творчасці дазволіць творчай асобе спажыць патрэбу самавыказвання праз эстэтычна апрацаваную форму і матэрыялы. Сярод інсітных творцаў большасць аўтараў з’яўляюцца пенсіянерамі, іх творы нясуць інфармацыю маладому пакаленню пра жыццё іх бацькоў і дзядоў у мінулыя часы і ў пэўным сэнсе з’яўляюцца фальклорным наратывам, формай перадачы жыццёвага вопыту маладому пакаленню

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Значнасць інсітнага мастацтва раскрываецца праз адзінства наступных функцый: адаптатыўная (дапамагае носьбіту праз творчасць пераадоліць выпрабаванні лёсу, прыстасавацца да абставін жыцця), крэатыўна-рэлаксацыйная (дазваляе асобе ўзняцца над штодзённасцю і запаўніць вольны час мастацкай дзейнасцю, рэалізоўвацьсвой творчы патэнцыял), камунікатыўная (дае асобе сталага ўзростумагчымасць перадаць маладому пакаленню свой жыццёвы вопыт, этычныя і эстэтычныя каштоўнасці), ідэнтыфікацыйная (выяўляе прыналежнасць асобы да супольнасці і культурнай традыцыі дадзенага рэгіёна). Інсітнае мастацтва Віцебскай вобласці ўтрымлівае значны патэнцыялтурыстычна-рэкрэацыйнага развіцця таму, што звязана з гісторыяй Віцебскай мастацкай школы (творчасць М.Шагала і яго вучняў) і Віленскай мастацкай школы (творчасць Я.Драздовіча ды іншых навучэнцаў школы), цікаўнасць да якіх ўзрастае штогод.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама, ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці, УК “Віцебскі абласны краязнаўчы музей”, УК “Музей Марка Шагала ў г. Віцебску”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бешанковіцкага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзіБраслаўскага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзіВерхнядзвінскага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзіВіцебскага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзіГлыбоцкага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзіГарадоцкага райвыканкама, УК “Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзіДубровенскага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзіЛепельскага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзіЛёзненскага райвыканкама, аддзел культуры Аршанскага райвыканкама, ДУК “Аршанскі гарадскі Цэнтр культуры”, аддзел культуры Полацкага райвыканкама, ДУК “Полацкі гарадскі цэнтр культуры”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзіПастаўскага райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шумілінскага райвыканкама.

Паходжанне элемента:

Вытокі інсітнага мастацтва. Прадгісторыя інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны распачынаецца ў гарадской народнай культуры ХVІІст. і развіваецца два стагоддзі разам з цэхавым рамяством,народным іканапісам, насценным роспісам, разьбярствам. Напрыканцы ХІХ–пачатку ХХ ст. помнікі правінцыяльнага сакральнага мастацтва Беларусі папярэдніх стагоддзяў ўспрымаліся як творы самабытнай народнай культуры з рысамі “прымітыўнага пісьма”, што выклікала цікавасць прадстаўнікоў авангардных плыняў і спрыяла станаўленню мадэрнізму. Для гістарычных узораў мастацтва прымітыву Беларусі характэрна творчае спалучэнне сімвалічнай знакавасці іканапісу візантыйскай традыцыі з барочнай жывапіснай экспрэсіўнасцю. Значную ролю адыграла малярскае рамяство, якое на мяжы ХІХ–ХХ стст. існавала ў форме гарадской шыльды ды жывапісных дэкарацый фатаграфічных кабінетаў. У першай палове ХХ ст. народныя мастакі-маляры навучаюцца і працуюць у майстэрнях Ю. Пэна і М. Шагала Віцебскай народнай мастацкай школы. Для заходніх раёнаў Віцебскай вобласці вызначальнай асобай з’яўляецца Язэп Драздовіч, праз якога неарамантычныя плыні Віленскай мастацкай школы патрапілі ў народнае асяроддзе і інспіравалі шырокую папулярнасць маляванага дывана. У ХХ ст. ў БССР непрафесійнае выяўленчае мастацтва развівалася на двух узроўнях: у межах народнай культуры і арганізаванага самадзейнага руху пры дзяржаўных установах культуры. Студыйная сістэма навучання і правядзенне выставак з афіцыйна вызначнай тэматыкай набліжалі самадзейную творчасць да прафесійнага мастацтва і прыводзілі да яе другаснасці. Вылучэнне інсітнага (наіўнага) мастацтва, як самастойнай з’явы, распачынаецца ў 1960-я гады, калі ў непрафесійнай творчасці адбываецца пераарыентацыя на першавобразы калектыўнай памяці і непасрэднае крэатыўнае выказванне. Напрацягу 1960-1990-х гадоў тэрміны “мастацтва прымітыву”,“наіўнае мастацтва”, “інсітнае мастацтва”, былі ўведзены у практыку работы ўстаноў культуры. Тэрміны “прымітыўнае”, “наіўнае” і “інсітнае” мастацтва выяўляюць сувязь дадзенага феномена з першаасновай крэатыўнай дзейнасці чалавека. У перакладзе з лацінскай мовы яны азначаюць: прыроджаны, натуральны, першапачатковы, карэнны, першавобразны. Больш шырокі тэрмін “прымітыў” пераважна падкрэслівае архаічную стылістыку жывапісна-пластычнай мовы. Тэрмін “наіўнаемастацтва” закранае вобразны, ідэальны строй мастацтва самавукаў, напаўненне яго паэтыкі метафарамі раю. Тэрмін “інсітнае мастацтва” падкрэслівае непарыўную сувязь мастацкай дзейнасці з жыццятворнымі функцыямі чалавека, раскрывае яе кампенсуючы патэнцыял у сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі, што істотна пашырае паэтыку экзістэнцыйнымі вобразамі і тэмамі. Пачатак сістэмнай працы Віцебскага АНМЦНТ па развіццю інсітнага(наіўнага) мастацтва З пачатку 1980-х гг. Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці праводзіць мэтанакіраваную работу па выяўленню інсітных творцаў і збору твораў інсітнага (наіўнага) мастацтва вобласці. У гэты час плённа працавалі наступныя творцы. П. Баранаў (1906–1990 гг., Віцебск) пісаў краявіды Віцебска гістарычнай і тапаграфічнай дакладнасці, ідылічныя карціны сямейнага жыцця, тыпізаваныя адпаведна народнаму ідэалу партрэты артыстаў, беларускіх пісьменнікаў і герояў-лётчыкаў. П. Дзіардзейчук (1926-1995 гг., Наваполацк) ствараў эпічныя карціны ваенных бітваў. Н. Шухноў (1920-1997 гг., Полацк), А. Гарачаў (1919-1987гг., Віцебск) А. Кузьмін (1919-2001 гг., Віцебск) малявалі беларускую прыроду, вёску, жыццё яе жыхароў, напоўненае турботамі па гаспадарцы і прыкметамі дастатку. Жывапіс А. Печаніцына (1922–2000 гг., Віцебск), В. Жарнасека (1929-1998 гг., Лепель), Я. Ушала (1919-1998 гг., Віцебск)ўяўляе ідылічную карціну свету, дзе пануе гармонія паміж прыродай, жывёламі і чалавекам.У гратэскна-сатырычным напрамку працаваў разьбяр С. Шаўроў (1906-2000 гг., Орша), аўтар твораў фальклорна-казачнага зместу, партызанскай гісторыі. Г. Асіпкова (1939 г.н., в. Кашчына Чашніцкага р-на) аддавала перавагу лірычным вобразам, запазычаным з песень, дзіцячых казак, з цеплынёй увасабляла характары аднавяскоўцаў. Карціны В. Цяцёркіна (1924-2002 гг., в. Халамер’е Гарадоцкага р-на), І. Велікодскага (1926-2001 гг., Глыбокае), маюць узняты далягляд, які дае магчымасць максімальна насыціць прастору разнастайнымі дэталямі, сюжэтным аповедам. Разьбярства Б. Лабкоўскага (1900-1992 гг., в. Далёкія Браслаўскага р-на), Г. Рабізы (1935-1998 гг., г. Глыбокае), М. Юхно (1928-1991 гг., в. Пестуны Міёрскага р-на) вылучаецца знакавасцю, абагульненасцю вобраза, архаічнай пластыкай. Увага акцэнтуецца на гісторыка-этнаграфічных прыкметах: традыцыйным адзенні, манеры трымаць інструмент, спосабах карыстання ім. Пераадоленне франтальнай статыкі адбываецца праз стварэнне макетападобных кампазіцый, што дазваляе перадаць прастору і разгорнуты сюжэт. У 1991 годзе Віцебскі АНМЦНТправёў першую абласную выставу “Талент шчырага сэрца. Мастацтва Insitus” і стаў ініцыятарам наступных Нацыянальных выстаў наіўнага мастацтва “Insita” (1994, 2000, 2008, 2012, 2016), чатыры апошнія з якіх адбыліся ў Віцебску . І абласная выстаўка “Талент шчырага сэрца. Мастацтва Insitus”праходзіла з 22 жніўня па 4 кастрычніка 1991 г. у выставачных залах Віцебскага АНМЦНТ. У ёй прыняў ўдзел 21 аўтар: М.Байцоў, П.Баранаў, І.Вялікодскі, А.Гарачаў, П.Дзіардзейчук, Э.Друсь, В.Жарнасек, П.Зяляўскі, Л.Каляга, А.Кузьмін, Б.Лабкоўскі, Ф.Максімаў, А.Печаніцын, Г.Рабіза, М.Сайфугаліева, У.Саража, Я.Ушал, В.Цяцёркін, Н.Шухноў, А.Шэйнін, М.Юхно. Выстаўка мела шырокі рэзананс у сродках масавай інфармацыі, на Віцебскім абласным тэлебачанні адбылася тэлеперадача (запісаны відэафільм на 40 хвілін) з удзелам мастацтвазнаўцаў Г.Г. Сакалова-Кубая і В.А. Лабачэўскай. У снежні 1991 г. дадзеная выстава ў новым экспазіцыйным рашэнні была паказана ў Мінску ў будынку Рэспубліканскага Дома работнікаў мастацтва. Найбольшую цікаўнасць публікі і спецыялістаў у гэты час выклікае творчасць П.Зяляўскага, М.Байцова і Ф.Максімава. У 1992 годзе ў выставачных залах Віцебскага АНМЦНТ праходзіць персанальная выстаўка М.Байцова, Белвідэацэнтр здымае відэафільм “Падарожжа ў краіну “Insitus”, дзе распавядаецца пра жыццё і творчасць Ф.Максімава і П.Зяляўскага. У 1994 г. адбываецца персанальная выстава Ф.Максімава, прымеркаваная да 80-годдзя майстра. Другая і трэцяя абласныя выстаўкі інсітнага мастацтва прайшлі ў межах І і ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня” (1997 г., 2005 г.). Сярод групавых і абласных выставак інсітнага мастацтва больш яркімі былі выстаўкі “Інсітнае мастацтва. Старыя і новыя імёны” (2002 г.), на якой дэбютавалі 5 творцаў, і “Народны жывапіс і пластыка Віцебшчыны” (2004 г.), на якой былі прадстаўлены творы 35 аўтараў. У выніку экспедыцыйнай дзейнасці, закупак і дароў мастакоў, у фондах ДУ “Віцебскі АМЦНТ” сабрана ўнікальная калекцыя народнага жывапісу. Гісторыя пяці Нацыянальных выставак наіўнага мастацтва “Insita” Першая Нацыянальная выстава інсітнага мастацтва праходзіла з 27 мая па 27 чэрвеня 1994 годаў Дзяржаўным мастацкім музеі ў Мінску . Яна была праведзена БелІПК пры актыўным удзеле Віцебскага АНМЦ. З дваццаці ўдзельнікаў выставы адзінаццаць паходзілі з Віцебскай вобласці (М.Байцоў, А.Быстрыцкі, В.Жарнасек, П.Зяляўскі, Б.Лабкоўскі, Ф.Максімаў, В.Плешкаў, Г.Рабіза, М.Сайфугаліева, В.Цяцёркін, М.Юхно). На яе фоне прайшла навукова-практычная канферэнцыя, на якой адзначалася актуальнасць вывучэння інсітнага мастацтва і відавочныя поспехі ў гэтым накірунку ўстаноў культуры Віцебшчыны. Другая Нацыянальная выстаўка інсітнага мастацтва праходзіла з 7 ліпеня па 20 верасня 2000 г. ў Віцебскім мастацкім музеі. Яна складалася з двух раздзелаў: інсітага мастацтва канца ХХ ст. і раздзела народнага мастацтва ХVІІІ-ХІХ стст. са збораў Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У экспазіцыі першага раздзела дэманстраваліся творы 32 аўтараў, з іх 21 мастак прадстаўляў культуру Віцебскай вобласці.Паралельна з экспазіцыяй ІІ Нацыянальнай выстава мастацтва “Insita” працавала выстаўка польскага наіўнага мастацтва з прыватнай калекцыі М.Пакропыка (Варшава).Выстаўкі праходзілі ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і меліпоспех сярод іншых выставачных праектаў фестывалю.Прысутныя на выставачных вернісажахспецыялісты ў вобласці народнай культуры мастацтвазнаўцы М.Пакропэк (Польшча), В.Памешчыкаў (Расія), А.Сафарава (Расія), А. Талстой (Расія) адзначылі высокі мастацкі ўзровень твораў і запрасілі віцебскіх мастакоў Ф.Максімава, М.Сайфугаліеву, М.Ларыну, А.Маісееву да супрацоўніцтва.Па выніках выставы ў верасні 2000г. Віцебскім АНМЦНТ праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Інсітнае мастацтва Беларусі. Гісторыя. Суадносіны з народнай культурай. Сучаснасць. Тэндэнцыі развіцця” і былі выдадзены яе матэрыялы . Трэцяя Нацыянальная выстаўка інсітнага мастацтва праходзіла з 4 лістапада па 4 снежня 2008 г. у выставачных залах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея (раздзел сучаснага інсітнага мастацтва – 34 аўтары, 17 з іх прадстаўлялі Віцебскую вобласць) і Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці (рэтраспектыўны раздзел гісторыі інсітнага мастацтва –працы 14 аўтараў з фондаў Віцебскага АМЦНТ). Выстава была прысвечана памяці М. Ларынай (1920-2001 гг., Віцебск). IV Нацыянальная выстаўка наіўнага мастацтва “Insita-2012” была прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння М.Шагала. Праект практычна перарос у міжнародны, акрамя 56 беларусаў у ім прынялі ўдзел 23 мастака з бліжняга замежжа (агульная колькасць удзельнікаў –79). Экспазіцыя ахапіла выставачныя залы трох устаноў культуры: Музея Марка Шагала, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і ініцыятара праекта – Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, і паўсюль прысутнічалі творы, якія наўмысна прысвячаліся альбо асацыятыўна нагадвалі творы Майстра. У абласным раздзеле выставы, якая экспанавалася ўзалах Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, былі размешчаныя творы 29 мастакоў, якія працуюць сёння, і працы 7 аўтараў канца ХХ стагоддзя, што захоўваюцца ў фондах Цэнтра. Пры закрыцці выставы адбылася навукова-практычная канферэнцыя, яе матэрыялы і каталог выстаўкі выдадзены ў зборніку. V Нацыянальная выстава наіўнага мастацтва “Іnsіtа-2016” прысвечана 120-годдзю Алене Кіш, адзінай беларускай мастачцы, якая ўвайшла ў сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва. Яна праводзілася з 17 чэрвеня па 18 ліпеня 2016 г. у выставачных залах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Віцебскага АМЦНТ і Дома кіно. У ёй прынялі ўдзел 69 аўтараў, 40 з каторых прадстаўлялі мастацтва Віцебскай вобласці. У выставачным праекце ўдзельнічалі мастакі з Расіі, Латвіі, Літвы, Татарыі, Украіны. Удзел інсітных (наіўных) творцаў у замежных міжнародных выставах У 1997 годзе на Міжнароднай выставе інсітнага мастацтва ў Браціславе (Славацкая Рэспубліка) Беларусь прадстаўлялі творы віцебскіх мастакоў Ф.Максімава і М.Байцова. Гэта першы ўдзел беларускіх народных майстроў у мастацкіх акцыях інсітнай творчасці сусветнага маштабу. Іх творы ўвайшлі у бюлетэнь “Іnsita-97”, які выпускае Міжнародны Кабінет па даследаванню інсітнай культуры, створаны ЮНЭСКА пры Славацкай Карціннай галерэі. У 1998-1999 гг. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Расійскі Дзяржаўны Дом народнай творчасці закупілі значныя калекцыі работ Ф.Максімава, М.Байцова, М.Сайфугаліевай. У 2001-2004 гг. віцебскія інсітныя мастакі Ф.Максімаў, М. Сайфугаліева, А. Маісеева, М. Байцоў прымалі ўдзел у выстаўках ў Польшчы, арганізаваных прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта М. Пакропакам. У 2001 г. творы М.Ларынай, Ф.Максімава, М.Сайфугаліевай дэманстраваліся на выставе “Райскія яблыкі” (творы ідэяльнага свету ў выяўленчым фальклоры і наіўным мастацтве) ў Дзяржаўным гісторыка-архітэктурным музеі-запаведніку “Царыцына”. Па выніках дадзеных выставак большасць работ была закуплена ў зборы музея народнага мастацтва ў Атрэнбусах (Варшава), музея-запаведніка “Царыцына” (Масква). У 2007 годзе ў Віцебску прайшла міжнародная выстава “Дар майстру” , прысвечаная 120-годдзю Марка Шагала, якая была праведзена сумесна з Музеем наіўнага мастацтва г. Масквы і была паказана на другім этапе ў Маскве і Пецярбургу. У ёй прынялі ўдзел 5 расійскіх і 5 віцебскіх мастакоў. Гэты праект пацвердзіў перспектыўнасць культавання інсітнага (наіўнага) мастацтва ў непасрэднай сувязі з творчасцю М.Шагала. У выніку супрацоўніцтва Маскоўскім музеем наіўнага мастацтва закуплена 15 работ трох віцебскіх мастакоў (А.Маісеева, М.Сайфугаліева, Л.Андзілеўка). Інсітныя мастакі Віцебскай вобласці прадстаўлялі Беларусь на ўсіх Міжнародных фестывалях наіўнага мастатцва і творчасці аўтсайдараў “Фестнаіў” у Маскве. У 2004 г. удзельнічала 2 аўтара (А.Маісеева, М. Сайфугаліева), у 2007 г. – 4 аўтара (І. Зайцаў, А.Маісеева, М.Сайфугаліева, К.Сцепчанкоў), у 2010 г. – 9 аўтараў (Л.Андзілеўка, Ч.Жусель, У.Захарчук, М.Літвінаў, С.Мішурная, А.Маісеева, М.Нікіценка, М.Сайфугаліева, К.Сцепчанкоў), у 2013 г. – 16 аўтараў (М.Аскера, Ч.Жусель, Ж.Ільюшкіна, Г.Канцыял, В.Кушнярова, М.Літвін, М.Літвінаў, А.Мядзюта, А.Маісеева, С.Міхайлік, У.Панізавец, Л.Саўчанка, М.Сайфугаліева, А.Шчэбет, Г.Якушэнка, В.Яршоў), у 2016-2017 гг. – 12 аўтараў(Ч.Жусель, Г.Загурская, М.Крукоўскі, М.Літвінаў, А.Маісеева, С.Міхайлік, С.Мішурная, М.Сайфугаліева, Л.Саўчанка, Т.Сяднёва, А.Шчэбет, В.Яршоў). Іх творы і біяграфіі змешчаны ў каталогах выстаў. Традыцыя інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебскай вобласці мае цікавую гісторыю, шырокую папулярнасць сярод мясцовага насельніцтва і вядомасць сярод інсітных творцаў, спецыялістаў іншых краін. Яе гісторыя апісана ў манаграфічным даследаванні. Творчая спадчына інсітных мастакоў захоўваецца ў фондах раённых гісторыка-краязнаўчых музеяў, раённых Дамах рамёстваў, ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” і УК “Віцебскі абласны краязнаўчы музей”

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Для Віцебска мастацтва інсітных творцаў з наіўным бачаннем свету і стылістыкай прымітыву з’яўляецца характэрнай рысай культуры і мае сваю прадгісторыю. У ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях на Віцебшчыне склалася мясцовая школа фрэскавага сценапісу, сакральнай пластыкі, іканапісу з уласцівай для яе прымітывісцка-спрошчанай стылістыкай. Сярод яе шэдэўраў трэба прыгадаць латыгаўскія абразы.У ХІХ стагоддзі да рэлігійнай традыцыі народнага жывапісу далучаецца новая форма гарадской народнай культуры: жывапісная шыльда, жывапісныя дэкарацыі фотаатэлье і маляваны дыван (асноўныя віды рамеснай дзейнасці членаў малярскага цэху). Гарадская шыльда развівалася ў двух накірунках: дакладным натуралістычным пісьме, запатрабаваным багатым спажыўцом, і гіпербалічна гратэскным стылі, характэрным для народнай смехавой культуры. У жанры маляванага дывана таксама вылучаюцца два напрамкі: сюжэтны (местачкова-гарадскі) і раслінна-кветкавы (вясковы). У ХХ стагоддзі развіццё інсітнага мастацтва цесна звязана з творчасцю Ю. Пэна, М. Шагала і Я. Драздовіча, якія жыва і непасрэдна ўвасаблялі ў сваіх творах вобразы правінцыі, штодзённасці і каларытныя сцэны народнага жыцця. У 1918 годзе М. Шагал праводзіць рэвалюцыйныярэформы ў культурным жыцці Віцебска, аднойзякіхбылоаб’яднаннеўадзінытворчыкалектыўгарадскоймайстэрніпрыНароднаймастацкайвучэльнімаладыхмастакоўі старых маляроў гарадской шыльды, аматараў жывапісу розных узростаў.Сярод анкет навучэнцаў можна сустрэць лісты былога начальніка віцебскай турмы 67-гадовага І.А.Туржанскага, 50-гадовай Ц.А.Розенгольц, і братоў Ісаака і Хаіма Зэльдзіных, якім на той час ужо было 32 і 33 гады, і яны мелі рамесніцкую падрыхтоўку. Уартыкулах М. Шагалагэтагачасубольшакцэнтуеццасацыяльныкантэкст правадзімыхрэформаў, алеразам з тымёсцьіўсвядомленаеразуменнеэстэтычнайкаштоўнасцінароднагамастацтва. У “ЛісцезВіцебска” мастакпаведамляе: “Радавалісэрцаасобныя … мастакізнародаіасаблівапрацоўныя – маляры-жывапісцы. Зякой любоўю,зякойдзіцячайадданасцювыконваліянынашысталічныя“мудрагелістыя”эскізы.” У 1919-192 гг. былі створаны студыі выяўленчага мастацтва ў Оршы, Полацку, Гарадку, Невелі. У гэтых студыях у першай палове дваццатых гадоў народныя мастакі, з іх патэнцыялам асабістага самавыяўлення, блізасцю да фальклорных сінкрэтычных формаў творчай дзейнасці, былі разам з мастакамі авангарда актыўнымі сцвярджальнікамі навацыйных ідэй. Творчасць М.Шагала з’яўляецца прыцягальнай і вызначальнай для любога самавука. Шагал стаў адным з першых мастакоў, якія напачатку ХХ ст. асэнсавалі эстэтычную каштоўнасць мастацтва інсітных (наіўных) творцаў і скарысталі яго стылістыку ў сваёй творчасці. Абагуленая мастацкая мова, якая нясе ў сябе архетыповыя вобразы, стала спажывацца ў ХХ ст. дзеля абнаўлення мастацкай традыцыі. Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебска і Віцебскай вобласці мае вялікую значнасць для развіцця турысцкага патэнцыялу рэгіёна і пры дзяржаўнай падтрымцы можа стаць культурным брэндам краіны. На працягу апошніх дваццаці гадоў у Віцебск прыезжаюць знаўцы і аматары выяўленчага мастацтва з розных краін і з вялікай зацікаўленасцю набываюць творы інсітных мастакоў на радзіме М. Шагала, таму што бачаць у іх частку гісторыка-культурнай традыцыі, да якой належыў сусветна вядомы мастак

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Віцебска-магілёўскія гаворкі паўночна-ўсходняй групоўкі гаворак і віцебска-віленскія гаворкі паўночна-заходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу з ужываннем русізмаў

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

У творчай працы інсітныя мастакі спажываюць паперу, картон, палатно, пэндзлі, алоўкі, фарбы, лакі, дрэва, мармур, гіпс і іншыя традыцыйныя матэрыялы. Разам з тым у працэсе работы многія інсітныя творцы могуць скарыстоўваць разнастайныя выпадковыя матэрыялы: бляшанкі, цвікі, сядушкі крэсел, цырату, скуру, штучныя сінтэтычныя матэрыялы і інш.

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

1. Вобразы паўсядзённасці, сямейна-любоўнай і рамесна-земляробчай ідыліі, гратэскны рэалізм смехавай народнай культуры, якія складаюць аснову паэтыкі інсітнай творчасці. 2. Традыцыя правядзення ў г. Віцебск групавых, абласных і Нацыянальных выставак “Insita”. У 2012 і 2016 гг. дадзены праект набыў характар міжнароднага, у якім удзельнічалі мастакі з Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Польшчы. 3.Творчасць М.Шагала і вобразы правінцыйнага жыцця, якія складаюць аснову плыні прымітывізму Віцебскай мастацкай школы і з’яўляюцца прыцягальнымі для ўсіх аматараў паэтыкі і стылістыкі інсітнага (наіўнага) мастацтва.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Інсітная творчасць мае спантанны характар, але ўмовамі для яе ўзнікнення з’яўляецца наяўнасць творчага асяродку альбо музея выяўленчага мастацтва, дзе пачатковец можа засвоіцьтэхналагічныя асновы і атрымаць стымулы да творчасці. Пераважна разпаўсюджванне інсітнай творчасці ідзе па гарызантальнаму вектару праз кантакты паміж суб’ектамі, групамі творцаў (міжгрупавая культурная дыфузія). Разам з тым ёсць прыклады калі мастацкая спадчына старэйшых членаў роду альбо сям’і абудзілі цікавасць да інсітнай творчасці спадкаемцаў. П. Зяляўскі ганарыўся разьбярствам свайго бацькі, А.Аўчыннікава шануе памяць свайго дзеда Ф.Максімава, Г. Якушэнка далучыла да інсітнага мастацтва сына С. Міхайліка. С. Мішурная захапілася выяўленчай творчасцю роднага дзядзькі, М.Сайфугаліева – творчасцю свайго мужа, Л. Саўчанка – творамі свайго брата. У кожным выпадку пераемнасць адбываецца не праз навучанне, а праз захапленне працай і асобай блізкага чалавека. Значным фактарам для развіцця інсітнага мастака з’яўляецца ўдзел у выставачнай дзейнасці, дзе ён знаходзіць паразуменне, назапашвае інфармацыю, набывае вопыт параўнання сваіх твораў з іншымі. Пры гэтымнайбольшай самабытнасці дасягае творца, развіццё якога адбываецца ва ўмовах сацыяльнай ізаляцыі, калі творчасць становіцца адказам на жыццёвы выклік.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Пагрозы не існуе, але пры падтрымцы інсітнае мастацтва Віцебскай вобласці можа набыць значна большыя маштабы развіцця і стаць гісторыка-культуным брэндам Рэспублікі Беларусь

Ключавыя словы

інсіта, мастацтва прымітыву, наіўнае мастацтва

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Арэал распаўсюджання элемента НКС.jpg

Арэал распаўсюджання элемента НКС.jpg

Экспертнае заключэнне_Лабчэўская В.А. .pdf

Экспертнае заключэнне_Лабчэўская В.А. .pdf

Фотафіксацыя