Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя шчадравання "Конікі" ў Давыд-Гарадку Столінскага раѐна Брэсцкай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 13БЛ000128
Дата ўключэння: 03/01/2020
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 11.12.2019 № 04-01-02/10. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 03.01.2020 № 1
Шыфр (у Інвентары): НКС-20201210/1

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел культуры Столінскага райвыканкама. Адрас: пл. Камсамольская, 1, 225510 г. Столін, Брэсцкая вобласць;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя шчадравання "Конікі" ў Давыд-Гарадку Столінскага раѐна Брэсцкай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

“Конікі”

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары горада Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, якія ствараюць вулічныя калядныя гурты па месцы пражывання, працы або вучобы

Арэол распаўсюджвання:

Брэсцкая вобласць » Столінскі раён » г. Давід-Гарадок;  

Кароткае апісанне элемента:

Абрад “Конікі” штогод ладзіцца ў Шчодры вечар 13 студзеня сярод жыхароў Давыд-Гарадка. Уяўляе сабой калядны абыход хат гуртамі начале з "Конікам". Жыхары города асобнымі групамі калядоўшчыкаў у традыцыйных і сучасных масках уваходзяць у кожны дом з песнямі-шчадроўкі і музыкай, добрымі пажаданнямі, разыгрываюць сцэнкі. Гаспадары шчодра іх адорваюць. Традыцыйныя маскі — гэта Дзед і Баба (сімвалізуюць продкаў), вершнік на Кані (ён носіць на сабе адмысловым чынам вырабленую канструкцыю з маскай Каня, сам апрануты ў шынэль, у руках шабля або іншыя атрыбуты), Мядзведзь, якога вядзе на ланцугу Цыган, Цыганка з лялькай-немаўлём варожыць, Воўк з трубой або горнам сігналіць пра падыход начных шчадроўнічкаў, Чорт, Смерць з касой — пужаюць дзяцей, а Бык, Казёл, Карова, Ліса, Баран, Заяц уключаюцца ў тэатралізаванае дзейства па сітуацыі. Прычым, многія маскі — з музычнымі і сігнальнымі інструментамі: ражок, горн, гармонік, акардэон, баян, барабан і іншыя. На чале кожнага гурта – традыцыйная маска Каня з вершнікам.
У многіх сем’ях беражліва захоўваецца абрадная калядная атрыбутыка. Маладыя мужчыны самі ствараюцьь для сябе “Коніка” і іншыя маскі. Маскі робяць таксама ў школах і па месцы працы, там жа ствараюццца гурты, вучацца абыгрываць маскі і спяваць.
Існаванне да сённяшняга часу абыходаў з каляднай зоркай, выканеннем шчадровак ў Давыд-Гарадку ў жывой традыцыі сведчыць пра яе каштоўнасць для мясцовай супольнасці, якая падтрымлівае і захоўвае яе як частку сваёй культуры

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Святы

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Гарадчукі ганарацца сваім абрадам “Конікі”, які захавалі ў жывой традыцыі. Асабліва цэніцца майстэрства па вырабу калядных масак. Яно ацэньваецца гарадскім журы — пераможцы ўзнагароджваюцца падчас свята, калі падводзяцца яго вынікі на цэнтральнай плошчы гарадка, куды збіраюцца ўсе гурты і жыхары ў Шчодры вечар 13 студзеня. Прыязджаюць людзі і з навакольных вёсак, каб паўдзельнічаць у свяце. Многія былыя жыхары гарадка, якія выехалі ў пошуках працы ў іншыя гарады, на Шчодры вечар стараюцца прыехаць на радзіму, каб адведаць бацькоў і сваякоў, самім акунуцца ў атмасферу карнавала ў Давыд-Гарадку, а часам прывозяць з сабой гасцей, каб паказаць ім гэтую цікавую для іншых рэгіёнаў традыцыю. Некаторыя маскі можна набыць падчас свята. Кожная маска непаўторная, бо яе робяць перш за ўсё для сябе, стараючыся, каб яна была адметная. Раней у кожным гурце былі ражкі з каровіных рагоў, гукамі якіх шчадроўнікі апавяшчалі, што гурт набліжаецца да дома. На жаль, навыкі па вырабу гэтага сігнальнага інструмента згублены з часам, але ўдзельнікі абраду замянілі іх піянерскімі горнамі, якія выйшлі з ужытку, навучыліся на іх іграць. Труба паляўнічага таксама ўжываецца некаторымі гуртамі, карыстанне ёю патрабуе пэўных навыкаў. А што да барабана, то і на ім трэба ўмець “барабаніць” так, каб гурт не стамляўся ад доўгага хаджэння ў святочную ноч па гарадку і не страчваў бадзёрасці і добрага настрою. Выкананне песень-шчадровак, традыцыйных дыялогаў і пажаданняў патрабуюць пэўных уменняў і навыкаў, якім навучаюцца часцей за ўсё змалку і ў гуртах, сямейных або сабраных з жадаючых паўдзельнічаць: на Раство дзеці носяць калядную зорку, спяваюць псальма-калядкі пад вокнамі і вучацца дыялогам з гаспадарамі. Тут маскі размяркоўваюцца згодна ўзросту і творчым здольнасцям удзельнікаў, якія паступова набываюць усе неабходныя навыкі шчадравання і вырабу масак

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Кансалідуючая фукцыя - традыцыйныя абыходы на Шчодры вечар аб'ядноўваюць гарадчукоў розных пакаленняў, сацыяльных груп у пэўную супольнсць вакол ідэі святочнага карнавала.  Каштоўнасная  фукцыя – свята актуалізуе каштоўнасна-сэнсавы кампанент даўняй культурнай традыцыі ў сучасным кантэксце. Функцыя тэмпаралізацыі культуры – свята ўплывае на разуменне і адчуванне часу людзьмі адной культурнай традыцыі злучае ў адно цэлае важныя этапы жыцця супольнасці.  Эстэтычная фукцыя – для жыхароў Давыд-Гарадка гэта свята ў яго сімволіка-рытуальнай традыцыйнай форме дае магчымасць выявіць свае творчыя здольнасці, сваё эстэтычнае стаўленне да культуры як спосабу ўсталявання гармоніі са светам.

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Гарадскі выканаўчы камітэт Давыд-Гарадка стварае аргкамітэт па правядзенню свята, праводзіць конкурсы на лепшае святочнае ўпрыгожванне падворкаў. Дом культуры Давыд-Гарадка сумесна з ДУ “Столінская раённая клубная сістэма” арганізуе на цэнтральнай плошчы святочныя ўрачыстасці з канцэртам, конкурсамі на лепшы калядны гурт і лепшую маску. Школы і іншыя ўстановы Давыд-Гарадка, а таксама ўсе прадпрыемствы рыхтуюцца да свята і ствараюць свае шчадроўныя гурты. Дзяржаўная установа культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” падтрымлівае свята, арганізуе яго адлюстраванне ў абласных СМІ.

Паходжанне элемента:

Мікалай Паўлавіч Бразоўскі, які ўзначальвае краязнаўчы музей у Давыд-Гарадку, лічыць, спасылаючыся на ўспаміны свайго бацькі, што традыцыя шчадраваць з Конікам пайшла з Першай сусветнай вайны, калі тут у 1916 годзе, за лініяй фронту, стаялі казакі, якія пайшлі шчадраваць з канём, зрабіўшы яго як канструкцыю Конь-вершнік. Магчыма, такая канструкцыя з’явілася менавіта ў той час, а таксама ўвайшло ў традыцыю апранаць вершніка ў шынель. Але ў цэлым шчадраванне з Канём або Кабылай (а не з Казой) — адметная рыса палешукоў. І як асноўны персанаж шчадравання ён быў не толькі ў Давыд-Гарадку, але і ў навакольных вёсках. Васіль Ліцвінка, доктар філалагічных навук, вядомы фалькларыст, які нарадзіўся і вырас у Столінскім раёне, у кнізе “Святы і абрады беларусаў” пісаў, што выкарыстанне Каня ў абрадзе шчадравання — гэта водгук вялікага перасялення народаў. Ён прыводзіць тэкст песні-шчадроўкі, у якой конь належыць Васільку (а першы дзень Новага года менавіта Васілле): “Ой там, пад шчадром, Васілька з канём. Ой, грай мора, радуйся, зямля! На кані сядзіць, дудачку дзяржыць. У дудачку йграе, слічна спявае…” Гэту песню гарадчукам варта развучыць, улічваючы недахоп абрадавых шчадровак. Песні-шчадроўкі “Да запоймо песню ой славному пану” (песня гаспадару і яго сям’і), “Там стояла сосна” (песня незамужняй дачцы гаспадароў) гучаць на мясцовым дыялекце. Маскі з Давыд-Гарадка падрабязна апісала кандыдат гістарычных навук Таццяна Іванаўна Кухаронак у кнізе “Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў” (Мінск, 2001). Навуковец піша, што абрад адрадзілі ў 1986 годзе. Гарадчукі не згодны з такой высновай, паколькі лічаць, што абрад праводзіўся штогод. У перыяд, калі ўлады строга забаранялі народныя абрады і каралі тых, хто іх праводзіў (перад і пасля Вялікай Айчыннай вайны, аж да 1980-х гадоў — сведчаць старажылы), гурты вымушаны былі маскіравацца, яны “бегалі” па Гарадку ўпотай ад міліцыі, якая іх разганяла. Магчыма таму за “конікамі” замацавалася слова “бегаць”, якое і зараз выкарыстоўваецца.

Стан бытавання:

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Жыхары Дывыд-Гарадка захоўваюць традыцыйныя абрады і звычаі, спеўныя традыцыі, якія перадаюцца ў сям’і і з дапамогай мясцовых клубных работнікаў. Аднак праца з дзецьмі не заўжды дастатковая для захавання традыцыйнай культуры Давыд-Гарадка. Неабходна скіраваць яе на этнавыхаванне па спецыяльнай праграме ў школах, у Доме культуры і ў розных установах, дзе ствараюцца калядныя гурты “конікаў”. Трэба, каб дзеці ўмелі не толькі рабіць маскі з пап’е-машэ, але і разыгрываць сцэнкі муштравання Мядзведзя, вучыць барабаніць таго, хто апранае маску Барана або бярэ ў рукі горн ці трубу паляўнічага — на іх трэба навучыцца іграць. Акардэон, баян, гармошка і іншыя інструменты не павінны знікнуць з цягам часу — трэба гадаваць музыкантаў. Трэба навучыцца вырабляць ражкі з рагоў каровы і іграць на іх або падаваць сігналы. Дзеці павінны ўмець рабіць лазовыя кошыкі, працаваць з дрэвам. Патрэбна ствараць спеўныя гурты, якія навучацца добра спяваць, танцаваць народныя танцы, засвояць гульні і змогуць іх арганізоўваць падчас свята. У 2017 годзе ў Давыд-Гарадку правялі шэраг рамонтных работ, дзякуючы чаму горад стаў больш прывабным для наведвальнікаў.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Мясцовы дыялект адносіцца да групы ўсходне-палескіх гаворак. Захоўваецца ў спеўнай, харэаграфічнай (веснавыя гульнёвыя карагоды) спадчыне і побыце.

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Касцюмы і маскі ўдзельнікаў (самаробныя), Калядная зорка

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

— рэцэпты традыцыйных страў; — тэхналогія вырабу традыцыйных строяў; — тэхналогія вырабу папяровых кветак для ёлкі; — традыцыя вырабу лялькі Зімы з крыжавіны, якую апранаюць у жаночую іпастась; — традыцыйная манера выканання песен-вяснянак і традыцыйная манера выканання веснавых гульнёвых карагодаў – у гурце, дзе ёсць маска Вясны, а для абыгрывання яе значэння для гарадчукоў добра было б арганізаваць продаж насення кімсьці з яе акружэння (насенне ў кошыку), а таксама штучных кветак і сувеніраў у выглядзе “цікетак” з лагатыпам Давыд-Гарадка; — шчадроўныя песні; — сцэнкі з абыгрываннем масак накшталт муштравання Мядзведзя Цыганам; — традыцыйныя дыялогі з гаспадарамі;

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Абрад перадаецца: у супольнасці жыхароў Давыд-Гарадка (суседзяў на адной вуліцы, навучэнцаў школ, супрацоўнікаў у розных арганізацыях, калектывах пры Доме культуры); у сям’і з пакалення ў пакаленне;  у школе праз падрыхтоўку да абраду вучняў настаўнікамі і сумесны з імі ўдзел у абрадзе шчадравання.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Дэмаграфічная сітуацыя ў Давыд-Гарадку не садзейнічае пераемнасці традыцый: моладзь з’язджае з горада з-за недахопу працы. У Давыд-Гарадку ўвогуле становіцца ўсё менш насельніцтва і дзяцей, нягледзячы на тое, што ён мае статус горада. Значная пагроза для абрада — выкарыстанне масак сучасных персанажаў, якія выцясняюць традыцыйныя маскі, значэнне якіх незразумелае сучаснай моладзі і дзецям. Знікненне традыцыйных персанажаў спынецца тады, калі будзе весціся праца па тлумачэнні беларускай міфалогіі і сімволікі калядных масак, будзе арганізаваны паказ відэафільмаў пра традыцыйныя калядныя абрады ў розных рэгіёнах Беларусі, будуць папулярызавацца ўспаміны старажылаў Давыд-Гарадка пра гэтую традыцыю. На думку грамадскага эксперта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Р.С. Гамзовіч, адбываецца “залішняя камерцыялізацыя абрада, калі яго ўдзельнікаў адорваюць толькі грашыма, бо шчадравальнікі скарачаюць свае праграмы дзеля большага ахопу тэрыторыі. Пры гэтым яшчэ пачастунак у выглядзе “чаркі і скваркі” не спрыяе высокаму выканальніцкаму ўзроўню. Традыцыйныя каўбасы, сала, пірагі і іншыя пачастункі прызначаюцца для сумеснага частавання ўдзельнікаў абраду шчадравання. Яно традыцыйнае, можа ўключаць і моцныя напоі, але іх спажыванне павінна быць пасля абраду, а не падчас яго правядзення”.

Ключавыя словы

Конік, Шчодры вэчор , шчадроўныя гурты, маскі

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Арэал бытавання.pdf

Арэал бытавання.pdf

Геаграфічнае становішча_гісторыя_культурнае_асяроддзе_Давыд-Гарадок.pdf

Геаграфічнае становішча_гісторыя_культурнае_асяроддзе_Давыд-Гарадок.pdf

Экспертнае заключэнне_Т.Кухаронак_і_Т.Валодзінай.pdf

Экспертнае заключэнне_Т.Кухаронак_і_Т.Валодзінай.pdf

Матэрыял_падрыхтавалі.pdf

Матэрыял_падрыхтавалі.pdf

Тэксты песень_запісаны_Р.Гамзовіч_ад_С.І.Царык.pdf

Тэксты песень_запісаны_Р.Гамзовіч_ад_С.І.Царык.pdf

Т.І.Кухаронак_Маскі_ў_каляднай-абраднасці_беларусаў-повернут-страницы-1-11.pdf

Т.І.Кухаронак_Маскі_ў_каляднай-абраднасці_беларусаў-повернут-страницы-1-11.pdf

Фотафіксацыя