Непадалёку ад вёскі Агароднікі Ашмянскага раёна ў ляску знаходзіцца глыбокі роў ледавіковага паходжання, па баках якога растуць маладыя дубы. На дне рова ляжыць велізарны камень-валун, які з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Мяркуюць, што ў часы паганства тут знаходзілася капішча.
Сярод жыхароў Ашмянскага раёна і наваколіц здаўна распаўсюджаны міфы і паданні аб паходжанні каменя. Адзін з іх - пра маладую дзяўчыну, якая следам за сваім каханым, які патануў у глыбокім рве, кінулася ў ваду і абярнулася валуном. На тым месцы вада высахла, адкрыўшы велізарны камень, які і атрымаў назву “Нявесцін камень”. Бытуе міф, што пад каменем пахавана маладая манахіня-паслушніца, якая шчыра малілася за ўсіх закаханых, за іх шчаслівы шлюб і будучых дзяцей. Мясцовыя легенды і паданні, прыпісваючы яму магічныя ўласцівасці, папярэджваюць аб тым, што камень нельга чапаць альбо абражаць, кранаць яго з месца.
Шмат дзесяцігоддзяў запар дзяўчаты з наваколля і бліжэйшых мясцін прыходзяць да Нявесцінага каменя напярэдадні шлюбу (разам з жаніхом ці асобна), каб дакрануцца да валуна і папрасіць шчаслівай сямейнай долі. Да каменя звяртаюцца маладыя жанчыны, якія жадаюць нарадзіць дзіця. Яны прыносяць ахвяру ў выглядзе стужак, ланцужкоў, паяскоў, абрусаў, ручнікоў (каб шлюб быў моцны), якія павязваюць на дрэвы, што растуць побач з валуном. На камень кладуць грошы, цукеркі, кветкі (на багатае жыццё і дабрабыт), плеценыя невялічкія кошыкі з маленькімі лялькамі (на доўгачаканае нараджэнне дзіцяці). Мяркуюць, што камень-валун здольны “прымірыць” сям’ю і маладыя пары, сярод якіх узнік разлад.
Дакладна вызначанага часу і рытуалу ўшанавання каменя няма. Практыка наведвання Нявесцінага каменя не суадносіцца з рэлігійнымі святамі ці прысвяткамі народнага святочна-абрадавага календара
Жыхары в. Крамянец называюць камень Святым і ходзяць да яго раніцай у першы дзень Вялікадня, на Сёмуху, Яблычны Спас, Пакроў, прыносячы дары ў выглядзе традыцыйных абрадавых страў, грошы і інш. Дзве вялікія авальныя лункі на камені называюць “божымі слядамі”, вада ў іх пасля дажджу лічыцца святой, ёю лечацца. Кажуць, што найбольш вада ў іх дапамагае ад хвароб вачэй. Абракаюцца ля каменя ў любы час. Некаторыя ходзяць да яго ў нядзелю, чыста апрануўшыся, як у царкву. Многія, ідучы ў лес і з лесу, пакідаюць ля яго частку назбіраных грыбоў або ягад, кветкі. Цяпер наведваюць падчас сямейных урачыстасцяў – маладыя пасля вяселля, госці імянінніка ў дзень яго нараджэння, у іншых выпадках. У засуху ўдовы выклікаюць дождж, адкаціўшы з-пад каменя каменьчыкі і, падважыўшы камень на вялікіх калах у рост чалавека, пакідаюць іх уваткнутымі ў зямлю пад каменем. Не пазней, як на трэці дзень, пойдзе дождж. Калі ён ужо не патрэбны – калы вынімаюць і дробныя каменьчыкі падкочваюць на месца пад камень.
Дадзеная практыка шанавання каменя ў в. Крамянец унікальная для краіны, бо дайшла ў жывой традыцыі да нашага часу.
Мясцовая супольнасць лічыць камень сваёй святыняй, старэйшыя жыхары далучаюць да практыкі шанавання дзяцей і унукаў, такім чынам перадаючы традыцыі ў сям’і. Існуе і пераемнасць сярод дарослых жыхароў супольнасці: да каменя пачынаюць хадзіць людзі, што пераехалі ў Крамянец ужо ў сталым узросце, да рытуалу выклікання дажджу далучаюцца маладыя ўдовы, якія, пакуль муж быў жывы, не хадзілі да каменя