Спакон вякоў Лельчыцкі раён славіцца сваімі талентамі, а в. Новае Палессе, якая да 1964 г. называлася Каросцін, – невычэрпная крыніца народнай творчасці, адметнага выканаўчага стылю, унікальнага песеннага рэпертуару. Каб падтрымаць гэты багаты пласт духоўнай народнай культуры ў 2000 г. быў створаны фальклорны калектыў “Палескія напевы”.
Галоўная мэта калектыву – захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны сваёй вёскі. Народная песня прыйшла да ўдзельнікаў фальклорнага калектыву “Палескія напевы” з часоў глыбокай старажытнасці. Песенная творчасць в. Новае Палессе жыве, надзейна і беражліва захоўваецца народнай памяццю, перадаецца з пакалення ў пакаленне.
У склад калектыву ўваходзяць адзінаццаць жанчын сярэдняга і сталага ўзросту, якія валодаюць самабытным палескім спеўным стылем з яго своеасаблівым тэмбравым каларытам і характэрным артыкуляваннем. У гэтых якасцях спеву раскрываецца мясцовая дыялектная спецыфіка, непаўторнасць моўных гаворак Лельчыцкага рэгіёна. Гэта носьбіты мясцовых традыцый, якія з’яўляюцца ініцыятарамі адраджэння народных свят і абрадаў, прыцягваюць да гэтай справы іншых жыхароў вёскі, перадаюць свае веды і ўменні малодшаму пакаленню.
Песенная культура Гомельскага Палесся выяўляецца ў перавазе і асаблівым развіцці асобных песенных жанраў і жанрава-тэматычных груп, у лакальным асэнсаванні агульнабеларускіх песенных жанраў. Яны ж праяўляюць сябе у характары мелодый песень, якія бытуюць у розных кутках рэгіёна, асаблівасцях інтаніравання, у традыцыях гуртавога і адзіночнага спявання, народнай тэрміналогіі.
Цэласная карціна народнапесеннай культуры Гомельскага Палесся раскрываецца ў сукупнасці больш дробных лакальных культур, сярод якіх вылучаецца традыцыя Тураўшчыны, у прыватнасці, той яе часткі, якая месціцца ў басейне рэк Сцвігі і Убарці, і ў якую уваходзіць Лельчыцкі раён, прадстаўлены ў гэтым зборы песеннай творчасцю в. Новае Палессе
Традыцыя выканання абрадавых і пазаабрадавых песень Любаншчыны, прадстаўленая ў творчасці аўтэнтычных фальклорных гуртоў “Журавушка“ (в. Ямінск), “Глыбокія крыніцы” (в. Закальное), “Павалякі“ (в. Обчын), з’яўляецца выбітнай з’явай музычнай культуры вуснай традыцыі. Музычна-этнаграфічныя гурты – носьбіты адметнага выканальніцкага стылю і мясцовага ўнікальнага песеннага рэпертуару, прэзентуюць песенныя традыцыі аднаго арэала ў паўночнай частцы Беларускага Палесся, але пры гэтым маюць яўныя адрозненні песеннай культуры.
У рэпертуары гуртоў знаходзяцца старажытныя ўзоры песень каляндарнага і сямейна-радавога цыклаў, пазаабрадавая (гістарычна больш позняй традыцыі), сучасная песнятворчасць і, нават, танцы.
Лакальная спецыфіка выканальніцкага стылю гуртоў найбольш яскрава раскрываецца на прыкладзе каляндарных і вясельных песень. Пры іх выкананні спявачкамі захоўваецца сфарміраваны стагоддзямі этнафанічны комплекс сродкаў: тэмбрава-дынамічная яскравасць, зычная напружаная падача гуку. Тэксты песень гуртоў захоўваюць мясцовы лексічны і музычны дыялект, непаўторнасць моўных гаворак Любаншчыны. Гуртавому гучанню ўласціва насычаная гетэрафонная фактура са шчыльнай пераплеценасцю галасоў, тэмбравая цэльнасць. Вясельныя песні вызна¬чаюцца стылёвай маналітнасцю старажытных рытуальных інтанацыйных практык. У вв. Обчын і Закальное пашырана дыяфанія на бурдоннай аснове. У в. Ямінск спалучэнне галасоў у гурце адзначана большай спантаннасцю. Пры выкананні пазаабрадавых песень (пакосных, «гасцявых», казацкіх, любоў¬ных і інш.) характэрна для ўсіх гуртоў адасабленне партый ніжняга і верхняга галасоў.
Самабытны выканальніцкі стыль песеннай традыцыі Любаншчыны беражліва захоўваецца і перадаецца ўдзельніцамі гуртоў
Спеўная традыцыя выканання песень традыцыйнага хрэсьбіннага і вясельнага абрадаў – гэта векавая песенная традыцыя вёскі Паршына. Песні выходзяць за рамкі рэгіянальнага «гучання» і з’яўляюцца характэрнымі для паўночна-усходняй зоны Беларусі, рэгіёна Падняпроўя і памежжа з Расіяй. Іх манера выканання – яркая і самабытная, з элементамі архаічнага гучання – зберагаецца дзякуючы выключным асабовым якасцям спявачак – жыхарак вёскі Паршына, якія перанялі стылістычныя асаблівасці напеваў, шматгалоссе, адметны дыялект ад бабуль і матуль. Носьбіты музычнай спадчыны з’яўляюцца ўдзельніцамі фальклорнага гурта «Паршынскія зоры». Свой багаты вопыт яны перадаюць маладзейшым пакаленням мясцовых выканаўцаў: жаночаму ансамблю народнай песні «Суседкі» і дзіцячаму фальклорнаму гурту «Зорачкі», а таксама фальклорнаму гурту «Таямніца», які займаецца адраджэннем фальклорнай спадчыны Горацкага раёна