Творчасць майстра Мар’яна Скрамблевіча заснавана на беларускай народнай традыцыі вырабу духавых і ўдарных музычных інструментаў. У той жа час майстар уносіць мадыфікацыі ў свае творы, захоўваючы агульную стылістыку і марфалогію, але эксперыментуючы ў тэхналогіі з мэтай лепшага гучання музычных інструментаў. Асаблівае захапленне выклікаюць яго акарыны: калі традыцыйна гэты інструмент вырабляецца з гліны, то майстру ўдалося зрабіць адзіную ў Еўропе калекцыю драўляных акарын у выглядзе птушак і рыб. Акрамя вынаходніцтвваў у галіне духавых і ўдарных інструментаў, Мар’ян Скрамблевіч працуе як майстар-рэстаўратар і эксперыментатар у галіне гукавых якасцяў гармоніка.
Майстар Скрамблевіч актыўна працуе з дзецьмі мясцовай школы, перадае ім веды і вопыт вырабу музычных беларускіх народных інструментаў. Пры сваёй майстэрні ён арганізаваў музей, у якім выстаўлена практычна ўся калекцыя яго твораў
Творчасць майстра па вырабу габеленаў Алены Шунейка засноўваецца на традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва Гродзеншчыны. Часам майстрыха звяртаецца да тэхнікі гродзенскіх дываноў-кілімаў. Яна творча пераэнсоўвае мясцовую ткацкую традыцыю і стварае арыгінальныя маштабныя і міні-габеленавыя кампазіцыі з выявамі помнікаў архітэктуры, гераічнымі сюжэтамі, стылізаванымі расліннымі матывамі. Алена Шунейка гарманічна спалучае традыцыйныя першаўзоры з творчым аўтарскім падыходам.
Пераемнасць майстэрства адбываецца праз майстар-класы і асабістыя заняткі з ткачамі вобласці, выкладанне на аддзяленні павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Школу рамёстваў пры Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
Супольнасць г. Гродна і Гродзенскай вобласці надае вялікае значэнне майстэрству Алены Шунейка, якое адлюстроўвае традыцыі ткацтва Гродзеншчыны. Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці зацікаўлены ў захаванні, адраджэнні і папулярызацыі традыцый ткацтва рэгіёна
Гарадоцкае ажурнае ткацтва "Кісея" адносіцца да ўнікальнага віду беларускай народнай творчасці. Адметнай асаблівасцю ажурных тканін – ручнікоў, "набожнікаў", абрусаў, – з'яўляецца разрэджаная сеткавая структура. Малюнак ствараюць празрыстыя геаметрычныя шэрагі палос і квадратаў. Для ткацтва такіх тканін выкарыстоўваюцца адбеленыя ільняныя ніці. Краі вырабаў упрыгожваюцца карункамі, вязанымі кручком (?) з белых ільняных нітак.
У Гарадоцкім раёне дадзены від ткацтва сустракаецца паўсюдна. Тэхніка з'яўляецца часткова перададзенай, а ў большай частцы адноўленай па шматлікіх артэфактах, знойдзеных у час экспедыцый, а таксама пры дапамозе метадычных дапаможнікаў і навуковай літаратуры майстрам па ткацтве Гарадоцкага Дома рамёстваў Гушчай Марынай Леанідаўнай. Зараз М.Л. Гушча з'яўляецца асноўнай носьбіткай, працягвае глыбей вывучаць гісторыю і тэхналогію элемента, лічыць яго каштоўнасцю Гарадоччыны.
Ручнікі Марыны Леанідаўны выкарыстоўваюцца на шматлікіх абласных і раённых святах у якасці выставачных экспанатаў. Яна актыўна ўдзельнічае ў конкурсах майстроў народных рамёстваў і промыслаў, яе праца заўсёды адзначаецца на высокім узроўні. Марына Леанідаўна ажыццяўляе перадачу старажытнай тэхналогіі ажурнага ткацтва праз правядзенне майстар-класаў для жыхароў і вучняў Гарадка. На базе Гарадоцкага Дома рамёстваў працуе майстэрня па ткацтву, у якой размешчаны кросны. На занятках вучні знаёмяцца з гісторыяй ажурнага ткацтва і вывучаюць яго працэс