Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА

Беларусь з моманту свайго ўступлення ў ЮНЕСКА (1954 г.) прымала актыўны ўдзел у дзейнасці арганізацыі і чатыры разы выбіралася членам Выканаўчага савета арганізацыі на перыяды 1989–1992, 2000–2001, 2002–2005, 2009–2013 гг.

Генеральныя дырэктары ЮНЕСКА неаднаразова наведвалі з візітамі Рэспубліку Беларусь: у 1991 г. – Амаду-Махтар М’Боу, у 1998 годзе – Федэрыка Майор Сарагоса, у 2002 г. – Каіціра Мацуура. Па выніках візітаў былі падпісаныя мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і ЮНЕСКА.

Як прадугледжана Статутам ЮНЕСКА ў Беларусі дзейнічае Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА, у склад якой уваходзяць кіраўнікі міністэрстваў адукацыі, культуры, інфармацыі, спорту і турызму, Акадэміі навук Беларусі, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэктары вядучых вышэйшых навучальных устаноў, дырэктары музеяў, кіраўнікі грамадскіх арганізацый.

Нацыянальная камісія ажыццяўляе сваю дзейнасць на аснове Палажэння аб Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, зацверджанага пастановай Савета Міністраў ад 17.09.1997  № 1231. У адпаведнасці з гэтым дакументам Нацыянальная камісія каардынуе супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з ЮНЕСКА.

Рабочым апаратам Нацыянальнай камісіі з’яўляецца сакратарыят, які дзейнічае пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Кантакты:

220030, г. Мінск, вул. Леніна, 19

email:

Супрацоўніцтва ў сферы адукацыі

Адукацыя  выконвае галоўную ролю ў развіцці асобы чалавека, у эканамічным росце і ва ўмацаванні сацыяльных сувязей. Гэта важны інструмент барацьбы з беднасцю. Мэта ЮНЕСКА – на працягу ўсяго жыцця даваць людзям магчымасць атрымліваць адукацыю: забяспечваць бясплатную пачатковую адукацыю, задавальняць адукацыйныя патрэбы моладзі і дарослых, павышаць якасць адукацыі, садзейнічаць эксперыментам, наватарству і абмену вопытам з рознымі дзяржавамі.

Адукацыйныя праграмы ЮНЕСКА прадастаўляюць для навучальных устаноў Беларусі прамы пастаянны доступ да перадавых методык і міжнароднага вопыту ў галіне адукацыі. Важную ролю ў распаўсюджванні пазітыўнага вопыту ў галіне адукацыі выконваюць праграма ЮНЕСКА УНІТВІН/Кафедры ЮНЕСКА і праект «Сетка асацыяваных школ ЮНЕСКА».

Кафедры ЮНЕСКА – асноўная частка «Сусветнага плана супрацоўніцтва паміж ВНУ і акадэмічнай мабільнасці», прынятага на 26-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1991 г. На сённяшні дзень праграма УНІТВІН / Кафедры ЮНЕСКА (http://www.unesco.org/en/unitwin / university-twinning-and-networking/) налічвае больш за 800 кафедр ЮНЕСКА і сетак УНІТВІН ў 134 краінах. Праграма УНІТВІН / Кафедры ЮНЕСКА – адна з найбольш плённых ініцыятыў ЮНЕСКА, якая і сёння вітаецца ўсёй навуковай  грамадскасцю і грамадскасцю ВНУ свету. Кафедры ЮНЕСКА іграюць ўсё больш важную ролю ў абмене вопытам, ведамі і інфармацыяй па ўсім комплексе пытанняў, што адносяцца да вышэйшай адукацыі і развіццю навукі, забяспечваюць ўваходжанне ВНУ і навуковых устаноў у дзеючую сусветную сістэму шматбаковага супрацоўніцтва паміж ВНУ і навуковага супрацоўніцтва.

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае сем кафедр ЮНЕСКА (http://www.pravo.by/unescochairs):

• Кафедра навук аб навакольным асяроддзі і менеджменту ў Міжнародным універсітэце імя Сахарава;

• Кафедра «Правы чалавека і дэмакратыя» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце;

• Кафедра энергазберажэння і ўзнаўляльных крыніц энергіі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце;

• Кафедра па інфармацыйных тэхналогіях і праве ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі;

• Кафедра па навуковай адукацыі з акцэнтам на натуральныя навукі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце;

• Кафедра «Культура свету і дэмакратыя» ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы пры Беларускім дзяржаўным універсітэце;

• Кафедра «Рашэнне пытанняў міру і талерантнасці праз вывучэнне моў і грамадскую адукацыю» у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Праект «Сетка асацыяваных школ ЮНЕСКА» (http://www.unesco.org/new/en/education/networks/global-networks/aspnet/) быў ініцыяваны ЮНЕСКА ў 1953 г. і на сённяшні дзень з’яўляецца адным з найбольш паспяховых і працяглых праектаў Арганізацыі. Ён абядноўвае больш за 9000 устаноў (дашкольных навучальных устаноў, школ, педагагічных каледжаў) у 180 краінах.

У Беларусі 11 адукацыйных устаноў маюць статус асацыяваных школ ЮНЕСКА. Нацыянальным каардынатарам Асацыяваных школ ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь зяўляецца галоўны інспектар упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Казючыц Ала Алегаўна (тэл. 375 17 222 66 47; факс: 375 17 200 84 83, эл. пошта: ).

Супрацоўніцтва ў сферы навукі

ЮНЕСКА спрыяе прасоўванню ведаў, стварае сеткі супрацоўніцтва вучоных, праводзіць даследаванні ў галіне сацыяльных, гуманітарных і прыродазнаўчых навук, распрацоўвае нормы інтэлектуальнага супрацоўніцтва, сочыць за ўвасабленнем у жыццё міжнародных канвенцый.

Далучэнне беларускіх вучоных да праграмнай дзейнасці ЮНЕСКА стварае магчымасць атрымання экспертнай падтрымкі Арганізацыі пры рэалізацыі навуковых праектаў, служыць сродкам пашырэння ўдзелу ў міжнародным навуковым супрацоўніцтве і абмене навуковай інфармацыяй, прыцягнення інтэлектуальнага і матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу іншых краін, атрымання доступу да вынікаў і методыка найноўшых навуковых даследаванняў.

У вобласці натуральных навук Рэспубліка Беларусь з’яўляецца актыўным удзельнікам Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» (МАБ) (http://www.unesco.org/new/en/natural-sciences/environment/ecological-sciences/man-and-biosphere-programme /) з моманту яе стварэння ў 1971 годзе. У 1983 годзе першы міжнародны кангрэс па біясферным рэзерватам адбыўся ў г. Мінску.

У рамках праграмы па ўсім свеце створана сетка біясферных рэзерватаў, якія ахопліваюць усе асноўныя сусветныя экасістэмы. Кожны з рэзерватаў складаецца, па меншай меры, з адной запаведнай зоны, а таксама прылеглых да яе буфернай зоны і зоны супрацоўніцтва. У агульнай колькасці ў Сусветную сетку ўваходзіць 610 біясферных рэзерватаў у 117 краінах.

Біясферныя рэзерваты ўяўляюць сабой ўчасткі наземных або прыбярэжных экасістэм, якія атрымалі міжнароднае прызнанне ў рамках Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» (МАБ). Яны прызначаныя для таго, каб спрыяць усталяванню і быць прыкладам аптымальных узаемаадносін паміж чалавекам і прыродай.

У цяперашні час Беларусь абраная на перыяд з 2011 па 2015 гг. у склад Міжнароднага каардынацыйнага савета Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» (МАБ), у задачу якога ўваходзіць ацэнка дзейнасці біясферных рэзерватаў і прыняцце рашэння аб іх уключэнні ў Сусветную сетку.

У Беларусі створаны і паспяхова дзейнічае Нацыянальны камітэт Праграмы МАБ, які каардынуе дзейнасць трох беларускіх біясферных рэзерватаў, што ўваходзяць у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў:

• Бярэзінскі біясферны рэзерват (http://berezinsky.by/content/ru/index.html);

• Белавежская пушча (http://www.npbp.brest.by/);

• Трансгранічны біясферны рэзерват «Заходняе Палессе» http://brpp.by/other/west-polesie.html.

У рамках ЮНЕСКА ажыццяўляюць таксама сваю дзейнасць Міжнародная праграма па геанавукам (МПГК); Міжурадавая акіянаграфічная камісія (МАК); Міжнародная гідралагічная праграма (МГП).

У сферы гуманітарных і сацыяльных навук Рэспубліка Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рабоце Праграмы ЮНЕСКА па біяэтыцы, заснаванай ў 1993 г. У рамках Праграмы праводзяцца міжнародныя канферэнцыі і семінары, распрацоўваюцца міжнародна-прававыя інструменты ў галіне біяэтыкі.

У Рэспубліцы Беларусь у 2006 годзе пры Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь створаны Нацыянальны біяэтычны камітэт.

Адпавядаць этычным прынцыпам павінны не толькі біялогія і медыцына. Неабходна, каб уся навука ў цэлым не супярэчыла маральным асновам. У 1998 г. па ініцыятыве ЮНЕСКА была створана Міжнародная камісія па этыцы навуковых ведаў і тэхналогій (КОМЕСТ). КОМЕСТ кансультуе Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА па актуальных этычных праблемах у розных галінах навукова-тэхналагічнай дзейнасці (экалагічная этыка, этычныя аспекты змены клімату, этыка нанатэхналогій і інш.). Асаблівы акцэнт робіцца на неабходнасці належнага выкладання этычных дысцыплін.

Філасофія займае асаблівае месца сярод сацыяльных і гуманітарных навук. Такі падыход ЮНЕСКА, абумоўлены бясспрэчным аўтарытэтам філасофіі ў фарміраванні крытычнага мыслення і плюралізму, падзяляюць і ў Беларусі. У нашай краіне штогод праводзяцца міжнародныя філасофскія канферэнцыі, прымеркаваныя да Сусветнага дня філасофіі, які адзначаецца 15 лістапада.

У рамках Праграмы «Кіраванне сацыяльнымі пераўтварэннямі» (МОСТ) ЮНЕСКА створаныя база дадзеных і сеткі маніторынгу працэсаў, якія адбываюцца ў краінах, што перажываюць перыяд глыбінных сацыяльных трансфармацый.

ЮНЕСКА актыўна ўдзельнічае ў міжнародных намаганнях па барацьбе з допінгам у спорце, галоўным чынам шляхам ажыццяўлення Міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з допінгам у спорце. ЮНЕСКА распрацавала гэту Канвенцыю для таго, каб усе ўрады маглі прыкладаць сумесныя намаганні і ўжываць сілу міжнароднага права з мэтамі процідзеяння допінгу. Яна забяспечвае аснову для гарманізацыі антыдопінгавых правіл і палітыкі ва ўсім свеце ў падтрымку Сусветнага антыдопінгавага кодэкса. З моманту ўваходжання ў сілу Канвенцыі ЮНЕСКА аб барацьбе з допінгам у спорце (1 лютага 2007 г.) да яе далучылася 173 дзяржавы. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі з лютага 2009 года.

Супрацоўніцтва ў сферы культуры

ЮНЕСКА была і застаецца ў авангардзе міжнародных пачынанняў у галіне абароны спадчыны. Прынятая ў 1972 годзе Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны грунтуецца на тым, што некаторыя каштоўнасці культурнай і прыроднай спадчыны ўяўляюць выключную цікавасць для ўсяго свету і таму павінны лічыцца часткай сусветнай спадчыны ўсяго чалавецтва. Цалкам паважаючы суверэнітэт дзяржаў, на тэрыторыі якіх знаходзіцца культурная і прыродная спадчына, і не парушаючы правоў уласнасці, прадугледжаных нацыянальным заканадаўствам у дачыненні да гэтай спадчыны, дзяржавы-ўдзельніцы Канвенцыі прызнаюць, што ахова сусветнай спадчыны зяўляецца абавязкам усёй міжнароднай супольнасці ў цэлым. На сённяшні дзень Спіс сусветнай спадчыны абядноўвае 962 культурных і прыродных абекты, размешчаных на тэрыторыі 157 дзяржаў-удзельніц Канвенцыі.

На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца чатыры аб’екты, што ўключаныя ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (http://whc.unesco.org/en/list/):

• Белавежская пушча (http://www.npbp.brest.by/) сумесна з Польшчай;

• Мірскі замак (www.mirzamak.by/);

• Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс (http://niasvizh.by/);

•Дуга Струвэ (http://whc.unesco.org/en/list/1187), якая праходзіць па тэрыторыі яшчэ дзевяці еўрапейскіх дзяржаў.

Шэраг беларускіх аб’ектаў уключаны ў папярэдні спіс аб’ектаў (http://whc.unesco.org/en/tentativelists/state=by) і патэнцыяльна могуць атрымаць статус сусветнай спадчыны.

ЮНЕСКА аказвае дзяржавам-членам падтрымку ў справе захавання і папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, надаючы асаблівую ўвагу ўмацаванню ў грамадскай свядомасці неабходнасці захавання гэтай спадчыны для перадачы будучым пакаленням. У 2003 годзе ў рамках ЮНЕСКА была прынята Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, удзел у якой ужо аформіла 151 дзяржава.

Рэспубліка Беларусь у 2006 г. у ліку першых дзесяці дзяржаў ратыфікавала Канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны і актыўна працуе над складаннем нацыянальнага інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Пры падтрымцы Фонду нематэрыяльнай культурнай спадчыны распрацоўваецца інфармацыйны рэсурс, прысвечаны нематэрыяльнай культурнай спадчыне Беларусі (https://livingheritage.by/).

Адзін з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, святочны калядны абрад в. Семежава Мінскага раёна «Калядная цары», уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы. На прыкладзе гэтага элемента распрацоўваецца комплекс мер па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў нашай краіне.

Беларусь таксама з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыражэння; Канвенцыі аб мерах, накіраваных на забарону і папярэджанне незаконнага ўвозу, вывазу і перадачы права ўласнасці на культурныя каштоўнасці і Канвенцыі аб абароне культурных каштоўнасцей у выпадку ўзброенага канфлікту і Другога пратакола да гэтай Канвенцыі.

Супрацоўніцтва ў сферы камунікацый і інфармацыі

Адной з асноўных задач ЮНЕСКА ў галіне камунікацыі і інфармацыі з’яўляецца садзейнічанне свабоднаму распаўсюджванню ідэй і ўсеагульнага доступу да інфармацыі, а таксама ўклад у пашырэнне камунікацыйных і інфармацыйных магчымасцей.

З гэтымі мэтамі дзяржавы-члены ЮНЕСКА стварылі ў 1980 г. Міжнародную праграму развіцця камунікацыі (МПРК), якая садзейнічае развіццю сродкаў масавай інфармацыі, і ў 2001 г. Міжнародную праграму ЮНЕСКА «Інфармацыя для ўсіх» (ПІДУ) для абмеркавання палітычных, прававых, этычных і сацыяльных праблем, звязаных з пабудовай глабальнага інфармацыйнага грамадства.

Вялікую ролю ў захаванні дакументальнай спадчыны чалавецтва іграе праграма «Памяць свету», сутнасць якой у забеспячэнні захаванасці, у тым ліку шляхам пераводу на электронныя носьбіты рукапісаў, архіваў, кніжных помнікаў, што маюць універсальнае значэнне. У 2009 годзе па ініцыятыве Беларусі ў Рэестр праграмы «Памяць свету» былі ўнесены Архівы і Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў, якія захоўваюцца ў адпаведных установах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Фінляндыі.