Заяўкі на II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі прымаюцца да 15 красавіка

Заяўкі на II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі прымаюцца да 15 красавіка

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 27–29 мая 2021 г. праводзіць II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі.

У 2018 годзе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры адбыўся Форум даследчыкаў беларускай казкі, які засведчыў не толькі багацце, шматстайнасць сюжэтаў і вобразаў беларускай казкі, але і важкія здабыткі яе даследавання і папулярызацыі. У межах Форума адбыўся выступ аўтэнтычных казачнікаў, які стаў сапраўднай падзеяй у культурным жыцці краіны. Казкавыя традыцыі ў жыцці беларускага народа моцныя і трывалыя, гэта адзін са складнікаў этнічнай адметнасці беларусаў. Літаратурная казка адыграла сваю ролю ў працэсах нацыятварэння. У сувязі з гэтым ёсць патрэба акцэнтаваць важнасць мастацтва казкі для грамадства ў цэлым і асобы ў прыватнасці.

У межах форума адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя vs cучасная інтэрпрэтацыя”.

Праблемнае поле канферэнцыі:
1.     Стан і асаблівасці бытавання казкавай традыцыі ў сучасным грамадстве;
2.     Мастацкія прастора і час у комплексным вывучэнні казкі;
3.     Інтэрмедыяльныя і пісьмовыя ўплывы на фальклорную казкавую традыцыю;
4.     Сувязь казкі з іншымі жанрамі фальклору;
5.     Асоба і тыпы казачнікаў;
6.     Паэтыка і сістэма вобразаў народнай і літаратурнай казкі;
7.     Слова ў казкавым маўленні, стылістыка казкі;
8.     Развіццё і трансфармацыя казкавага жанру;
9.     Класіфікацыя казак і паказальнікі сюжэтаў;
10.  Інтэрпрэтацыя народнай казкі ў літаратуры і мастацтве (выяўленчым, тэатральным, музычным, экранным);
11.  Мастацтва расказвання (storytelling) як з’ява сучаснай культуры;
12.  Казкі ў медыяпрасторы;
13.  Казкавы дыскурс у канструяванні нацыянальнай ідэнтычнасці

Таксама будзе праведзены адкрыты круглы стол “Сучасная літаратурная казка: суадносіны фальклорнай і літаратурнай традыцыі”, падчас якога будуць абмяркоўвацца наступныя пытанні:
- сучасная літаратурная казка: традыцыя і наватарства;
- літаратурная казка і гарадскі фальклор;
- станаўленне і развіццё жанру аўтарскай казкі ў беларускай літаратуры;
- свет казкі як terra incognita беларускага літаратуразнаўства;
- феномен цуду ў сучаснай літаратурнай казцы;
- казка, фэнтэзі, комікс.

Падчас форума адбудзецца шэраг цікавых мерапрыемстваў: 

паказ беларускіх анімацыйных фільмаў-казак;

аўдыё- і відэаэкспазіцыя аўтэнтычных беларускіх казак з Калекцыі фальклорных запісаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі;

выступы народных казачнікаў і апавядальнікаў; 

прэзентацыя польскага інтэрнэт-праекта “Słownik polskiej bajki ludowej”; 

дзіцячы конкурс апавядальнікаў народнай казкі; 

выстава ілюстрацый да кніжных выданняў беларускіх казак; 

прэзентацыя кнігі “І я там быў…”: (з народнапаэтычнай спадчыны) / аўт. ідэі, уклад. : А.І.Лакотка, Т.І.Кухаронак, А.Г.Алфёрава ; пад агул. рэд. А.І.Лакоткі. – Мінск : Беларуская навука, 2020.

Крыху пазней, у залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі, будзе прынята рашэнне,  у якім фармаце (оф- або онлайн) пройдуць пасяджэнні секцый канферэнцыі.

Заяўкі на ўдзел дасылайце да 15 красавіка 2021 года на адрас [email protected]  

Атрыманне матэрыялаў па электроннай пошце будзе пацверджана Арганізацыйным камітэтам. У выпадку неатрымання пацверджання (з паведамленнем аб прыняцці заяўкі да разгляду) на працягу тыдня просім прадубляваць Вашу заяўку яшчэ раз на электронны адрас: [email protected].

Рабочыя мовы форума: беларуская, руская, англійская, польская.

Паводле матэрыялаў канферэнцыі плануецца выданне калектыўнай манаграфіі.

Адрас аргкамітэта: 220072, г. Мінск, вул. Сурганава, д. 1, к. 2, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Форма заяўкі ў інфармацыйным лісце канферэнцыі

2018_05_17_18_forum_kazki_fota_aleny_ljaszkevicz_0129_logo.jpg

«Цвіком» праграмы мінулага Форуму даследчыкаў беларускай казкі сталі выступленні сапраўдных казачнікаў. Фота- і відэарэпартаж у артыкуле Алены Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.