Новая выстава, прысвечаная традыцыйнаму адзенню ВіцебшчыныУ Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адкрыта для наведвальнікаў абласная выстава традыцыйных галаўных убораў Віцебшчыны, якая праводзіцца ў мэтах вывучэння і аднаўлення традыцыйных галаўных убораў жыхароў Падняпроўя, Падзвіння і Паазер’я. Тут прадстаўлены дзявочыя вянкі, павязкі (скіндачкі), вясельныя вянкі з фатой, каруны; жаночыя наміткі, чапцы, павойнікі, хусткі, шалі, абхінанкі; мужчынскія магеркі, аблавухі, брылі, картузы. Выстава працягвае шэраг мерапрыемстваў Віцебскага АМЦНТ, прысвечаных рэканструкцыі традыцыйнага адзення рэгіёна. Падчас выставы адбыліся майстар-класы па традыцыйных рамёствах Віцебшчыны. Дырэктар Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча разам са сваёй вучаніцай Янінай Кліменка правялі майстар-клас па ажурнаму ткацтву ручніка, а майстры Элеанора Зінкевіч з Браслава і Людміла Вараб’ёва з Віцебска – па саломапляценні.
Галаўны ўбор завяршае вобраз чалавека ў народным аддзенні. А для дзяўчыны ці жанчыны, наогул, з’яўляецца галоўным штрыхом ва ўсім абліччы. Без пакрыцця галавы жанчыны раней не выходзілі “на людзі”, і нават у паўсядзенным побыце імкнуліся не “апраставалосіцца”. Каруны надзяваліся падчас вяселля, і потым яшчэ год насіліся маладзіцай. Такі галаўны ўбор насілі жанчыны толькі на Віцебшчыне. Добрая калекцыя карун прадстаўлена майстрыхамі Пятрышча Наталляй з Лепеля, Ханяк Галінай з Бешанковіч і Лаўрыновіч Таццянай з Віцебскага раёна. Найпрыгажэйшы галаўны ўбор нявесты – вянок з парафінавых кветак і фатой ажурнага ткацтва паказала на выставе Кліменка Яніна з Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Наміткі былі прадстаўлены Карнеевай Таццянай з Глыбокага, Рымдзёнак Наталляй з Шаркаўшчыны, Парахневіч Наталляй з Браслава.
Хустку-абхінанку прадставіла Міхайлоўская Алена з Глыбокага. Выдатную калекцыю картузоў прадставілі Сакалоў Уладзімір, Кутузава Галіна і Юшкевіч Ірына з Аршанскага Дома рамёстваў. На выставе можна ўбачыць добрую калекцыю саламяных картузоў і брылёў у выкананні Вараб’ёвай Людмілы з Віцебска, Худзяковай Тэрэзы і Дубоўскай Вікторыі з Чашнік, Ермаловіч Марыі з Глыбокага. Калекцыю валяных з воўны магерак і брылёў прадставілі Зенкевіч Эльвіра з Браслава і Кісель Кацярына з Глыбокага
Форум для отзывов 1 не существует. |