На Міёршчыне рамяство валяння традыцыйнага для беларусаў віду абутку — валёнак — з даўніх часоў распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі краю і перадаецца ў сем’ях ад пакалення да пакалення. Валёнкі робяць розныя па колеру, памерах з авечай воўны, якую стрыгуць у адпаведны час, восенню ці вясной, каб была неабходнай даўжыні, воўну не мыюць, бо тады яна лягчэй збіваецца.
Майстры карыстаюцца арыгінальнымі прыладамі працы, якія не змяніліся за апошнія 100 год і захавалі свае лакальныя назвы: напрыклад, «чохры» (дошкі з набітым дротам для расчэсвання воўны).
Выраб валёнак адбываецца ўручную паступова і доўга, спачатку шляхам скручвання загатовак у розных кірунках, абстуквання, перыядычнага змочвання цёплай вадой. Затым для надання формы і памеру валёнак у сярэдзіну загатовак устаўляюцца самаробныя драўляныя калодкі і кліны. Пасля таго, як сцячэ вада, валёнкі ставяцца на печ для прасушкі. Некаторыя з іх на пятцы абшываюцца скурай, каб даўжэй праслужылі. Носяцца валёнкі таксама і з галёшамі. Непасрэдна валянне воўны — справа нялёгкая, бо воўна мнецца бесперапынна на працягу некалькіх гадзін, таму гэтую работу звычайна выконваюць мужчыны.
Зараз на Міёршчыне валёнкі робяць для сваёй сям’і, радні, аднавяскоўцаў і невялікай колькасці людзей на замову або для продажу на мясцовых кірмашах. Значнасць гэтага віду рамяства ў наш час не выклікае сумнення: вырабляецца зручны, цёплы, натуральны зімовы абутак. Таму рамяство актуальнае і валёнкі карыстаюцца попытам.
Навагрудская традыцыйная выцінанка-выбіванка – гэта адметная тэхніка “выбівання” пэўнага малюнка на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата альбо расплюшчанага цвіка, металічнай трубачкі (пустой гільзы) альбо вострай алюмініевай трубачкі. Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбавідная сетка, якая імітуе сабой ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі або букеты, а па краях фіранак выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або вугольнікамі. Такія фіранкі ствараюць ілюзію гафтаваных вырабаў. Раней яны вешаліся на вокны, у чырвоны кут на абразы майстрыхі выбівалі ручнікі-набожнікі, якія на некаторы час замянялі тканыя або вышытыя ручнікі. Зараз вырабы ў стылі навагрудскай выцінанкі-выбіванкі выкарыстоўваюцца ў афармленні этнаграфічных куткоў як элементы дэкаратыўнага аздаблення сучаснага інтэр’еру. Папяровымі ўзорамі, створанымі ў жанры выцінанкі-выбіванкі ўпрыгожвалі інтэр’еры жытла ў некаторых вёсках на Навагрудчыне ў 1930–1950-х гг. XX ст. Спосаб вырабу выцінанак з дапамогай трубачак, долата, выразання нажом сустракаўся даволі рэдка. Гэта звязана з тым, што папера – матэрыял недаўгавечны, а ўзоры, выкананыя такой тэхнікай, вырабляліся адзінкавымі майстрыхамі, якія мелі асаблівыя здольнасці. Менавіта яны пакінулі свой след у памяці аднавяскоўцаў і людзей старэйшага пакалення, а праз гады гэта мастацтва стала асновай для аднаўлення традыцыйнай навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, якая ў сувязі з незапатрабаванасцю на некаторы час была страчана. Аднавіла і перадала наступным пакаленням гэты ўнікальны від выцінанкі Ніна Пятроўна Шурак. Сёння асноўным носьбітам традыцыі выбівання выцінанак з’яўляецца адна з яе вучаніц Клімко Наталля Аляксандраўна, якая перадае свае веды незвычайнай тэхніцы выбівання на паперы ажурных узораў падлеткам, моладзі, людзям сталага ўзросту падчас майстар-класаў, семінараў-практыкумаў, на выстаўках і адкрытых занятках навучання рамяству
Выраб гродзенскіх велікодных вербаў (дэкарыраванне вербных галінак) – гэта адметная тэхналогія вырабу раслінна-кветкавых кампазіцый да Вербнай (Пальмавай) нядзелі, якая адзначаецца за тыдзень да Вялікадня (Пасхі). Гродзенскія пальмы з’яўляюцца святочным атрыбутам і, адначасова, сапраўдным творам народнага мастацтва.
У гродзенскіх вербах спалучаецца народны вопыт пазбаўлення ад хваробаў пры дапамозе зёлкавай магіі і хрысцыянскае царкоўнае благаслаўленне праз свянцоную ваду. Свянцоныя вербы кладуць на абразы парай (па дзве) на сямейнае шчасце. Лічыцца, што свянцоная вярба адганяе навальніцу.
У сельскай мясцовасці свянцонай вярбой на Юр’я выганяюць жывёлу ў поле, а на Дзяды – адносяць на могілкі.У каталіцкай традыцыі іх спальваюць ў канцы вербнай нядзелі, попел збіраюць, нясуць ў касцёл і там пасыпаюць ім галаву. Сёння, акрамя хрысціянскага значэння, вербы маюць дэкаратыўны характар і часта служаць аздобай інтэр’ера жылля.
Усе гродзенскія вербы – плоскія (“лапаткі”), робяцца абавязкова на трох галінках белай вярбы. Для іх вырабу выкарыстоўваюць бяссмертнікі, жытнія і аўсяныя каласкі, разнастайныя травы: цімафееўку, канапельку, мятлік і іншыя. Ствараецца дэкаратыўная вертыкальная рытміка. Майстры маюць шырокі выбар розных па фактуры, пластычных магчымасцях матэрыялаў каларыстычнай палітры. Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі бяссмертнікамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, ужываюцца расліны, пафарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колер). Вырабы маюць сярэднія памеры, каля 50 сантыметраў.
Сёння асноўнымі носьбітамі традыцыі вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляюцца чатыры сястры Сарасек (прозвішча дзявочае) з Гродна. Традыцыю перанялі ад продкаў і ў сваю чаргу далучаюць да яе сваіх родных, блізкіх, знаёмых