Абрад пераносу свячы адбываецца ў в. Наваселле Бярэзінскага раёна 2 разы на год: на Ушэсце (саракавы дзень пасля Вялікадня) і на свята абраза Маці Божай Казанскай (4 лістапада). Абрад складаецца з сукання свячы ўвечары перад пераносам і асноўных абрадных дзеянняў у святочны дзень: уласна пераносу, агульных маленняў і ўрачыстых застолляў у хаце, адкуль выпраўляюць і дзе прымаюць свячу.
“Свячой” завецца як сам абрад, так і комплекс рытуальных прадметаў, што складаеца са свечкі, абраза Казанскай Божай маці і другога з выявай Ушэсця, ручнікоў, якімі пакрыты абразы. Свяча знаходзіцца ў жыхароў вёскі Наваселле па чарзе і ўрачыста пераносіцца ў новую хату двойчы на год.
У навуковай літаратуры выказваецца думка, што абрады пераносу свячы маюць старажытнае паходжанне і актуалізуюцца ў пэўнай супольнасці пад уплывам шэрагу гістарычных абставін. У Наваселлі, адпаведна ўспамінам жыхароў, свячу пераносілі здаўна. Пад уплывам савецкай антырэлігійнай прапаганды ў міжваенны час абрад не здзяйсняўся і быў адноўлены пад час Другой сусветнай вайны.
Свяча вызначаецца супольнасцю як каштоўнасць, у абрадзе ўдзельнічаюць сем’ямі, далучаюць дзяцей. Прыезжыя пераймаюць абрад ад суседзяў. Людзі, што не жывуць стала ў Наваселлі, прыязджаюць у родную вёску адмыслова каб паўдзельнічаць у абрадзе
Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы з’яўляецца этнічнай адметнасцю жыхароў Пінскага Палесся. У Лобчы абрад існуе ў жывой традыцыі дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў – дзейнасці народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Лабчанка”.
Абрад суправаджаецца куставымі песнямі, з характэрнай разнастайнасцю тэкстаў, музыкай.
Абрад пачынаецца да абеду, калі яго ўдзельніцы (жанчыны і дзяўчаты) збіраюцца ў хаце ў адной з жанчын. З клёну робяць вянок і адзенне для Кусты, на ролю якой выбіраюць вясёлую прыгожую дзяўчыну.
Гурт з Кустай абыходзіць вёску з куставымі песнямі, просячы гаспадароў двароў адарыць Кусту. Гаспадары дараць хлеб, пірагі, мёд, мяса, сала, яйкі, напоі, даюць грошы, некаторыя накрываюць стол і частуюць усіх удзельніц абраду. Пасля таго, як абыход завершыцца, гурт накіроўваецца туды, дзе ўсе збіраліся перад абрадам і пакінулі прыгатаваныя дома стравы. Усе ўдзельніцы абраду імкнуцца сарваць па некалькі лісткоў з “Кусты”. Жанчыны вераць у лекавую моц гэтай зеляніны. Вяночак Кусты вешаюць на покуць. Завяршаюцца абрадавыя дзеі агульным святочным застоллем.
Кусту ў Лобчы водзяць з незапамятных часоў, традыцыя перадаецца ад пакалення да пакалення.
Практыка абраду мае ўстойлівы характар: ён вызнаецца жыхарамі в. Лобча як элемент іх нематэрыяльнай культурнай спадчыны, пераемнасць традыцыі адбываецца дзякуючы ўдзелу ў святочнай дзеі дзяўчат-падлеткаў
Абрад пераносу свячы адбываецца ў а/г Вяляцічы Барысаўскага раёна у дзень Святога Міхаіла 21 лістапада. Абрад складаецца з уласна пераносу, агульных маленняў і ўрачыстых застолляў у хаце, адкуль выпраўляюць і дзе прымаюць свячу.
“Свячой”, “Міхайлаўскай свячой” завецца як сам абрад, так і комплекс рытуальных прадметаў, што складаеца са свечкі, абраза святога Міхаіла і ручніка, якім пакрыты абраз. У апошнія гады да абраднага комплексу дадаўся вялікі драўляны крыж. Свяча знаходзіцца ў хатах 7 жыхароў вуліцы Цэнтральнай вёскі Вяляцічы па чарзе, па адным годзе. У дзень святога Міхаіла свяча ўрачыста пераносіцца ў новую хату.
Адпаведна ўспамінам жыхароў, абрад узнік у 1-ай палове ХХ ст., калі ў Вяляцічах прадстаўнікі савецкай улады разбурылі царкву. У навуковай літаратуры, аднак, выказваецца думка, што абрады пераносу свячы маюць старажытнае паходжанне і актуалізуюцца ў пэўнай супольнасці пад уплывам шэрагу гістарычных абставін. У Вяляцічах такімі абставінамі могуць лічыцца разбурэнне царквы і разбор абразоў з яе жыхарамі вёскі па хатах. Практыка перарывалася ў час Другой сусветнай вайны
Свяча вызначаецца супольнасцю як каштоўнасць, дзень святога Міхаіла лічыцца ў вёсцы святам, у абрадзе ўдзельнічаюць сем’ямі, далучаюць дзяцей. Прыезжыя пераймаюць абрад ад суседзяў. Людзі, што не жывуць стала ў Вяляцічах, наведваюць родную вёску адмыслова каб паўдзельнічаць у абрадзе