Калядны абрад «Цары» – віншавальны абыходны абрад калядоўшчыкаў з элементамі традыцыйнага калядна-навагодняга карнавалу і народнай драмы «Цар Максіміліян», прымеркаваны да Шчодрага вечара (13 студзеня). Дзея сфарміравалася як своеасаблівае каляднае прадстаўленне, у якім удзельнічаюць толькі юнакі і маладыя мужчыны – «цары». Як правіла, «цароў» – сем, кожны мае пэўнае імя – цар Максімільян, цар Мамай, цар Іван Грозны і г. д. Акрамя таго, у абрадзе ўдзельнічаюць «лекар» і механоша, гарманіст і барабаншчык, а таксама традыцыйныя для беларускіх Каляд маскі «дзед» і «баба».
Віншавальны абыход распачынаецца з наступленнем цемры. Калядоўшчыкі ідуць з запаленымі паходнямі, што надае працэсіі незвычайную відовішчнасць. «Цары» ходзяць спачатку па хатах тых аднавяскоўцаў, дзе жывуць незамужнія дзяўчаты, а потым — да тых, хто запрасіў загаддзя. У хаце разыгрываюць жартоўнае прадстаўленне сустрэчы і бітвы «цароў», пасля чаго з’яўляецца «лекар» і «лечыць» сапернікаў, прапісваючы ім жартоўныя рэцэпты. Напрыканцы прадстаўлення адбываецца адорванне ўдзельнікаў абыходу. Семежаўцы намагаюцца найлепшым чынам аддзячыць «царам», бо вядома – наступны год для гаспадароў хаты будзе настолькі багаты, наколькі яны будуць шчодрымі з калядоўшчыкамі.
Абрад з’яўляецца адноўленым: традыцыя калядавання «цароў» перадавалася ад пакалення да пакалення ў Семежава да канца 50-х гг. XX ст., калі абрад быў забаронены. Але нават у савецкі час вяскоўцы таемна хадзілі шчадраваць. У 1997 г. дзякуючы цікавасці мясцовай супольнасці і падтрымцы навукоўцаў абрад быў рэвіталізаваны
Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”, звязаны з зямлёй, ураджайнасцю, накіраваны на уміласціўленне прыроднай стыхіі – маланкі-стралы, рэпрэзентуе лакальную культуру вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.
Абрадавая дзея адбываецца на 40 дзень пасля Вялікадня ў Чысты чацвер. Жанчыны збіраюцца ў цэнтры вёскі, спяваюць песні, водзяць карагоды. Затым святочнае шэсце, да якога далучаюцца іншыя жыхары вёскі, рухаецца на поле, дзе адбываецца асноўная абрадавая дзея – “пахаванне стралы”. Удзельнікі абраду закопваюць у зямлю на жытнім полі каласкі разам з дробнымі прадметамі, прамаўляючы магічныя формулы з пажаданнямі здароўя.
Унікальную з’яву ў кантэкце абраду прадстаўляе комплекс абрадавых песен. Непарсэдныя носьбіты абраду – жанчыны ўдзельніцы фальклорна-этнаграфічнага гурта “Казачка”, які існуе ў вёсцы ўжо больш за 40 гадоў, выдатна валодаюць мясцовай спеўнай традыцыяй, для каторай характэрны багаты паэтычны змест, дасканаласць мастацкай формы, прыгажосць мелодый, што ўзбагачаюць абрад і надаюць яму непаўторнасць.
Акрамя таго абрадавая дзея ўключае ўнікальныя ўзоры карагодаў, элементы тэатра, характэрныя для дадзенага рэгіёна, а таксама такія матэрыяльныя праяўленні рэгіянальнай культуры, як народны касцюм
Абрад «Шчадрэц» з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в. Рог Салігорскага раёна, праводзіцца на багатую куццю (13 студзеня). Абрад належыць да навагодніх віншавальных абыходных абрадаў, пашыраных пераважна на тэрыторыі Беларускага Палесся.
Шчадраванне адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў – дзеда, бабы, «казы», «жураўля», «каня» і інш. Маска «казы» ў абрадзе здаўна лічыцца асноўным сімвалам пладавітасці і жыццёвай энергіі. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў — дзед з яго берасцяной маскай, аналагаў якой больш няма на Беларусі. Маску вырабляюць у выглядзе шапкі, у якой бяроста злучана адмысловым спосабам («у зубчыкі»).
Абрадавы гурт рухаецца па вёсцы з усходу на захад — «па сонцу», не мінаючы ніводнай хаты, апрача тых, дзе жалоба.
У дадзеным тыпе абрадавага шчадравання выяўляюцца тры этапы: 1) зварот да гаспадароў з просьбай дазволіць шчадраваць, 2) выкананне абрадавага тэксту і гульні-паказу, 3) адорванне, што суправаджаецца просьбай і словамі падзякі.
Значным фактарам захавання абраду ў часе выступае песенны кампанент рытуальнага абходу, увасоблены ў віншавальных «шчадроўных» песнях для гаспадара і яго сям’і, дзяўчыны на выданне, песнях, якія суправа¬джаюць рытуальныя скокі «казы». Віншавальныя напевы выконваюцца «шумна», у выгуковай манеры. Для выканальніцкага стылю ўласціва тэмбрава-дынамічная яркасць, элементы гетэрафоннай фактуры.
Захавальнікамі абраду з’яўляюцца ўдзельнікі фальклорнага гурту «Палескія крыніцы» Восаўскага сельскага дома культуры. Гурт мае калектыў спадарожнік – «Ручаёк», дзе займаюцца дзеці. Маладое пакаленне з захапленнем пераймае абрадавую традыцыю і імкнецца ўдзельнічаць у абрадзе